Лукашэнку заклікаюць “спыніць генацыд інвалідаў” (онлайн-рэпартаж)

Фота Алеся Дашчынскага У Менску адбылася акцыя інвалідаў-вазочнікаў. Удзельнікі мітынгу і шэсьця перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта зварот. Кіраўніка дзяржавы заклікаюць “спыніць распачатую кампанію генацыду інвалідаў”. Інваліы-вазочнікі выступаюць супраць унясеньня зьменаў у закон “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Беларусі”. Яны перакананыя, што гэта “зробіць інвалідаў беспраўнымі і безабароннымі”.
15:00 Сустрэча інвалідаў-вазочнікаў з чыноўнікамі прыёмнай Адміністрацыі прэзыдэнта скончылася. Адзін з удзельнікаў, які прадставіўся Алегам, паведаміў: “Рашэньне нашых пытаньняў будзе зацягвацца. Якія будуць вынікі - невядома”.

13:55 Удзельнікі шэсьця інвалідаў-вазочнікаў патрапілі ў прыёмную Адміністрацыі прэзыдэнта.

13:45 Удзельнікі шэсьця інвалідаў-вазочнікаў ня могуць патрапіць у прыёмную Адміністрацыі прэзыдэнта. Дзьверы прыёмнай - вельмі вузкія. Туды нельга ўехаць на вазку.



13:40 Ля дзьвярэй прыёмнай Адміністрацыі прэзыдэнта чыноўнікі паведамілі, што гатовыя прыняць толькі 5 чалавек.

13:25 Інвалідаў-вазочнікаў запрасілі ў прыёмную Адміністрацыі прэзыдэнта. Начальнік прыёмнай Пётар Катушкін, заявіў «Свабодзе», што «гатовы выслухаць людзей».

13:23 Міліцыя забараніла відэаздымкі ля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта.

13:22 Ахова пагаджаецца прапусьціць аднаго чалаека, каб ён пакінуў зварот у прыёмнай Адміністрацыі прэзыдэнта.

13:20 Спэцназ спыніў інвалідаў-вазочнікаў ля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта. Да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта пад''ехала 3 машыны зь міліцыяй. Спэцназаўцы кажуць удзельнікам шэсьця, што сёньня – непрыёмны дзень, што гэта рэжымны аб''ект і знаходзіцца тут забаронена.



13:10 Інваліды-вазочнікі прарвалі кардон спэцназу. Яны рухаюцца да Адміністрацыі прэзыдэнта.





13:00 Спэцназ заблякаваў калёну інвалідаў-вазочнікаў ля Цырку. Удзельнікам шэсьця загадваюць зьвярнуць з праспэкта Незалежнасьці.





12:45 Міліцыянты папярэдзілі інвалідаў-вазочнікаў, што за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці яны будуць адміністрацыйна пакараныя. Супрацоўнікі МУС загадалі зьехаць з праезнай часткі праспэкта Незалежнасьці на ходнікі. Удзельнікі шэсьця падпарадкаваліся.



12:42 Інваліды-вазочнікі выехалі на праезную частку. Яны не змаглі спусьціцца ў падземны пераход ля Камароўскага рынку, бо ён не прыстасаваны для вазкоў. Побач не было супрацоўнікаў ДАІ, каб перакрыць рух транспарту.





12:35 Кіраўнік Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў Сяргей Драздоўскі паведаміў, што частка ўдзельнікаў мітынгу на пляцы Бангалор скіравалася да будынку Адмінстрацыі прэзыдэнта на сваіх машынах. У раёне Кастрычніцкага пляцу ДАІ заблякавала гэтыя машыны і не дазваляе пад''ехаць да будынку.

11:45 Інваліды-вазочнікі пачынаюць рухацца да Адміністрацыі прэзыдэнта. Яны хочуць перадаць зварот, прыняты на мітынгу.



11:30 Каля 60 ўдзельнікаў ухвалілі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўніка дзяржавы заклікаюць “спыніць распачатую кампанію генацыду інвалідаў”. Яны выступаюць супраць унясеньня зьменаў у закон “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Беларусі”. Удзельнікі акцыі перакананыя, што верагоднае зьмяненьне закону пагоршыць стан інвалідаў, “зробіць іх беспраўнымі і безабароннымі”.





11:00 На пляцы Бангалор пачынаецца мітынг інвалідаў-вазочнікаў.



Гл. таксама

• 5,2% насельніцтва Беларусі – інваліды

• Апытаньне: Ці абароненыя ў Беларусі інваліды?

5 траўня – Дзень Эўропы. У 1992 годзе інваліды з 17 краінаў правялі першы агульнаэўрапейскі Дзень пратэсту за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі.

За апошнія некалькі гадоў у Дзень Эўропы інваліды эўрапейскіх краінаў ладзяць акцыі за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі.