Дзёньнік пісьменьніка: Пачобут

Андрэй Пачобут свой сярод чужых, чужы сярод сваіх. З агаворкай: калі пад сваімі разумець тых, хто трымае краіну ў чэпкіх руках — уладу і яе “прывадныя пасы”, хто ўсё вызначае сёньня — як сябе паводзіць, чаго баяцца, пра што маўчаць. Ён піша пра “сваіх” для “чужых”. І “свае” не пакінулі гэта без увагі: супраць журналіста “Газэты выборчай” склеена крымінальная справа са словамі “абраза прэзыдэнта” і “паклёп”, літары выразалі з розных публікацыяў. Мантаж, карацей.

Лісты з таго сьвету


Непераадольная мяжа ў тым, што польскія газэты, яны — эўрапейскія, эрбэшныя — прыблізна брэжнеўскага пэрыяду, з камуністычным душком, хоць і безь сярпа з молатам у гербе. Польскія газэты сучасныя, сёньняшнія, эрбэшныя — трыццаці-саракагадовай даўнасьці, нясьвежыя. Яны нагадваюць тушаніну, якую трымалі на выпадак вайны ў сховішчах, а калі сканчаўся тэрмін, абмазаныя салідолам бляшанкі здавалі ў “общепит”, у салдацкія сталоўкі, калі пашанцуе насельніцтву, выкідалі ў свабодны продаж.

Андрэй Пачобут піша ў “Газэце выборчай” пра беларускія справы, а справы гэтыя вядома якія. Калі ён пачне пісаць “эківокамі”, старацца нешта замаўчаць, баяцца ўласнага ценю, то як гэта будзе выглядаць у нармальнай, не эрбэшнай, газэце? Калісьці я спрабаваў у прозе выказаць свае думкі пра адчуваньні журналіста ў складаных умовах. Памятаецца, там былі словы: сказаўшы аднойчы праўду, цяжка потым стрымацца, каб не гаварыць яе надалей, прымусіць сябе спыніцца на паўпраўдзе. Якраз Пачобут быў у такой сытуацыі: хіба гэта магчыма -- спыніцца на паўпраўдзе?

Арол і зорка


Падзел-прорва замацоўваецца: з аднаго боку мяжы -- жаўнеры з цэшкамі-арламі з каронай, з другога — з чырвонаармейскімі зоркамі. “Два сьветы —дзьве сыстэмы”, рубрыка брэжнеўскіх газэт. Асаблівасьць становішча Пачобута ў тым, што ён жыве ў полі польскай журналістыкі. А там сытуацыя зусім іншая — чыноўнікі і баяцца журналістаў, і стараюцца быць адкрытымі для іх, спадабацца, ведаюць цану “друкаванаму слову”. У “Газэце выборчай” не магчымыя артыкулы ў стылі “Советской Белоруссии Сегодня”. Сам сказ гучыць як абракадабра.

Паводле “шаўцоў” крымінальнай справы, як можна дапусьціць, ён парушыў табу. Аб правадырах з часоў Ёсіфа Вісарыёнавіча — толькі станоўча, а лепей з захапленьнем, як пра нябожчыкаў. Але чалавек у 2011 годзе ня можа задаволіцца чаркай і шкваркай, у яго шэрае рэчыва, каб думаць, а не баяцца вечна. Правадырам, ясна, трэба, каб страх запаўзаў ва ўсе куткі сьвядомасьці. Канфлікт інтарэсаў. Гайкі трэба ўвесь час закручваць! Нельга спыніцца, каб ацерці чало! Але думкі таксама не спыняюцца: дарагі Леанід Ільліч трымаўся да абсурднасьці доўга — сямнаццаць гадоў, увесь час адзін і той самы нішчымны твар у тэлевізары, стаміліся чакаць. Толькі ачунялі больш-менш, зноўку “сямнаццацігодка” напаткала як бязгода, ці магчыма пра гэта ня думаць і не гаварыць? Ці дазволена толькі захапляцца?

Газэтная драма


Драма беларускай журналістыкі — на далоні. Аднойчы адчуўшы свабоду гаварыць, яна мусіла назад нацягваць на сябе цэнзарскі сурдут, вымаць з макулатуры цэнзарскія грос-бухі: пра што пісаць, пра што -- нельга… Калі мы атрымалі магчымасьць гаварыць сваім голасам, стала цікава выказвацца, каля кіёскаў чэргі стаялі, наклады падскочылі. Канец 1980-х. Гэтага больш ня будзе, але рэч не ў накладах. Газэтамі цікавіцца заўжды актыўная частка насельніцтва, а іх зноў пачалі рабіць для пэнсіянэраў, як было ў часы Палітбюро, з пастаяннай думкай “а што скажуць у абкаме, у цэка?”, няважна, што назвы органаў іншыя.

Ніколі не забудзецца: наша рэдакцыя атрымлівала польскія газэты, якія крочылі, зразумела, наперад хутчэй. Другая палова 1980-х. Часам можна было пасьміхнуцца з імпэту зламаць рамкі партыйнага друку: на першай старонцы партрэт Ярузэльскага ў чорных піначэцкіх акулярах, зьнізу — дзяўчына ў топ-лес, пачатак рэпартажу з конкурсу бюстаў на гданьскім узьбярэжжы. Галоўным быў свабодны голас, якім загаварылі польскія газэты, дарэчы, і беластоцкая “Ніва”, на беларускай мове. Кляпам ім рот больш не затыкалі.

Журналіст — прафэсія антыцемрашальская. Большасьць распрастала плечы, калі партыя стамілася трымаць краіну ў нямоглых старэчых руках. Сёньня, упэўнены, пераважная частка журналістаў жывуць з марай аб свабодзе слова, яны бадай робяць тую частку газэтных нумароў, якая ўласна і ёсьць газэтай, дзе інфармацыя, а не прапаганда. Служакі рэжыму ўсё перакрэсьліваюць сваімі гімнамі з ідэалягічнай кухні, дзе рэцэпты зацьверджаныя назаўжды: “Слава нашаму Яжову, з Ленінграда родам, што расправіўся як сьледна з дывэрсанцкім збродам”. Дадамо хіба: разграміў сваіх урагоў, так ім свалачам і нада!

Рэжымная праўда


Любы рэжым пачынае немінуча набываць карыкатурныя рысы, злавесна-карыкатурныя. Гэта ў яго прыродзе: ён заўжды кансэрвуе сытуацыю, не дае разьвівацца грамадзтву, палітычнаму жыцьцю, эканоміцы. Пагарджаючы зьменлівым сьветам, ён бэтануе свае заганы. Рэжым азначае застой, рэгрэс. Людзям краіны ў “цэнтры Эўропы”, хай запалоханай краіны, трыманай у жалезных абцугах, таксама неабходна вольна дыхаць. Андрэй Пачобут з тых, хто гэта выдатна адчувае, разумее, перажывае. Чалавек з адкрытым забралам.

16 красавіка журналісту за кратамі споўніцца 38 гадоў.