Ганібал Лектар і «кіраўскі паток»

Калі здараюцца падзеі кшталту выбуху ў менскім мэтро, людзі шукаюць прычыны, сувымерныя маштабу трагедыі. У сьвядомасьць не ўмяшчаецца, што забойства мноства невінаватых людзей можа ня мець грамадзка-значнай, хай і абсалютна выродліва інтэрпрэтаванай мэты. Адсюль і меркаваныя выканаўцы – улада, апазыцыя, міжнародны тэрарыстычны інтэрнацыянал, словам, сілы, якія такія мэты могуць перад сабой ставіць.

Але такая сувымернасьць насамрэч неабавязковая. Джон Гінклі страляў у прэзыдэнта Рэйгана і сапраўды проста для таго, каб спадабацца дзяўчыне, якая адхіліла ягоныя заляцаньні. Тэадор Качынскі, які атрымаў мянушку «Унабомбэр», гадамі рассылаў бомбы ва ўнівэрсытэты, каб «прыцягнуць увагу да зьмяншэньня чалавечай свабоды з-за сучасных тэхналёгій».

Нарэшце існуюць даволі пераканаўчыя доказы таго, што забойства савецкага партыйнага лідэра Сяргея Кірава было не правакацыяй Сталіна, а банальнай помстай падманутага мужа каханку жонкі.

Жыцьцё больш складанае, чым прыгожыя схемы, якія яго тлумачаць. У артыкуле, прысьвечаным выбуху 3 ліпеня 2008 году я пісаў: «Але што рабіць з усясьветным хаосам, які прымае аблічча звычайнага чалавека, якому чамусьці дастаўляе асалоду проста адчуваць, што лёсы дзясяткаў і соцень людзей – пад ягоным пальцам на маленечкай кнопачцы прылады дыстанцыйнага кіраваньня?”

Але зусім іншая справа – як інтэрпрэтуюцца, выкарыстоўваюцца тыя або іншыя падзеі, незалежна ад іх прычынаў.

Забойства Кірава стала пачаткам шырокамаштабнага «паляваньня на вядзьмарак», «кіраўскага патоку» арыштаў і расстрэлаў, генэральнай рэпэтыцыяй 1937 году. І па сутнасьці ня мае значэньня сапраўдная прычына яго забойства – мае значэньне інтэрпрэтацыя, якую дала яму тагачасная ўлада – змова апазыцыі, якая перайшла да прамога тэрору.

Усе гэтыя думкі і гістарычныя аналёгіі прыйшлі ў галаву
Ёсьць сумнеў, ці затрыманыя асобы – сапраўдныя вінаватыя.
цяпер, пасьля заявы прэзыдэнта пра тое, што справа тэракту 11 красавіка раскрытая. Добра, калі гэта сапраўды так, яшчэ лепш, калі сапраўды забойца ці забойцы 11 красавіка датычныя і да справаў выбуху 3 ліпеня 2008 году, і выбухаў у Віцебску. Тэрарыст, масавы забойца – вораг грамадзтва як такога, і ў тым, каб ён панёс заслужанае пакараньне, зацікаўленыя ўсе, незалежна ад палітычных поглядаў.

Ёсьць аднак пэўны сумнеў, а ці затрыманыя асобы – сапраўдныя вінаватыя. Па справе выбухаў у Віцебску нібыта вінаватых таксама знайшлі, а потым высьветлілася, што ня тых, а прызнаньні зь іх проста выбівалі. Тое, што вядома пра праваахоўныя органы і што стала вядома цяпер, на жаль ня выключае, што і ў справе 11 красавіка адбылося нешта падобнае. Асабліва зьдзіўляе, што затрыманыя так удала прызналіся ва ўсіх «вісяках». Дзіўна, што ў арганізацыі валютнага крызісу яны пакуль не прызналіся, пра сувязь тэрактаў зь якім ужо ўсё патлумачылі сп.сп. Мусіенка і Давыдзька.

Але можа і сапраўды знайшлі. І ключавы момант тут – відэасачэньне, якое ёсьць у мэтро. Дзякуючы гэтаму выканаўцаў падобных тэрактаў даволі хутка знаходзілі і ў Маскве, і ў Лёндане.

І словы, сказаныя Лукашэнкам пра затрыманых – «у гэтых нягоднікаў ёсьць адхіленьні, і іх трэба было бачыць», і сьведчаньні, якія распаўсюдзілі агенцтвы са спасылкай на крыніцы сьледзтва, хутчэй пацьвярджаюць вэрсію Унабомбэра ці, як кажуць самі гэтыя крыніцы, Ганібала Лектара – героя кінастужкі «Маўчаньне ягнят», якому проста прыносілі задавальненьне пакуты людзей.

Але ў прамове А.Лукашэнкі выразна паўсталі контуры менавіта мэханізму «кіраўскага патоку» – дапытаць апазыцыянэраў: «Можа гэтыя дзеячы ад «пятай калёны» раскрыюць карты і пакажуць, хто замовіў». А чаму не раварыстаў, чаму не банкіраў, чаму не чыноўнікаў? Ну, зразумела чаму. Што б ні адбывалася – ва ўсім апазыцыя вінаватая, па меншай меры падазроная.

Варта сказаць, што такі аўтаматызм ацэнак уласьцівы і другому боку – тое, што гэта менавіта ўлада і ніхто іншы, што нават і варыянты іншыя шукаць ня трэба, многія казалі ўжо ўвечары 11 красавіка.
Лялькаводаў знойдуць. Ці прызначаць.
У чым улада безумоўна вінаватая, дык гэта ў расколе грамадзтва, ва ўсталяваньні атмасфэры «халоднай грамадзянскай вайны», калі бакі палітычнага супрацьстаяньня дэманізуюць адзін аднаго. Калі б улада не пераступала праз прынцыпы грамадзянскага міру дзеля захаваньня непадзельнай улады, нямногія западозрылі б яе ў здольнасьці пераступіць і яшчэ адну мяжу – масавае забойства нявінных людзей у палітычных мэтах.

Магчыма, што нават калі высьветліцца, што выканаўца тэракту – вар'ят-адзіночка, гэта ня спыніць мэханізм «кіраўскага патоку». Карціна сьвету мацнейшая за факты. Улада будзе шукаць тых, хто стаіць за сьпінай вар'ята, хто мог скарыстаць яго вар'яцтва. І зразумела, хто гэта будзе. Тут ня толькі палітычны разьлік, а пэўнае сьветабачаньне: увесь сьвет – палітыка, і ўсё ад палітыкі. Яскрава прадэманстравалі ўзоры такога сьветапогляду прадстаўнікі ўлады спадары Мусіенка, Давыдзька і Гумінскі ў сваіх камэнтарах з нагоды тэракту, зваліўшы ў адну кучу і тэракт, і 19 сьнежня, і валютны крызіс. І калі хочацца абавязкова знайсьці нейкіх лялькаводаў, дык безумоўна знойдуць. Ці прызначаць.

Ну а з другога боку таксама ня будзе веры ў тое, што гэта зрабіў вар'ят-адзіночка. Зразумела ж хто, больш жа і няма каму.

І можна спытаць, ці адзіны вар'ят той, хто ўчыніў выбух 11 красавіка?