Юры Хадыка: «Мае сыны ня горшыя за Віктара Лукашэнку»

Юры Хадыка з унучкай Барбарай. 2009 год.

20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» кожны чацьвер у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Галава гэтай сям’і Юры Віктаравіч Хадыка мае ня толькі паважны ўзрост, але роўна паважныя грамадзкія і палітычныя заслугі. Прафэсар, адзін зь лідэраў Беларускага народнага фронту, удзельнік першай гучнай палітычнай галадоўкі 1996 году, ён адыграў значную ролю ў тыя жнівеньскія дні 91 году, калі ў Менску адстойвалі беларускую незалежнасьць. Аднак дзейнасьць Юрыя Віктаравіча пачалася нашмат раней за 91 год і непасрэдна паўплывала ня толькі на грамадзка-палітычную сытуацыю, але і на лёс і прафэсію двух ягоных сыноў — Аляксея і Канстанціна.

Юры, Аляксей і Канстанцін Хадыкі — героі нашай сёньняшняй праграмы. Старэйшы сын Юрыя Хадыкі Аляксей — журналіст, мастацтвазнаўца, рэдактар часопіса «Спадчына», Малодшы, Канстанцін, у размове вызначыў сябе выключна праз прыналежнасьць да сям’і Хадыкаў — і мае на гэта вельмі важкі аргумэнт: ён бацька трох з чатырох унукаў Юрыя Хадыкі.

Канстанцін Хадыка: «У мяне на дадзены момант дзьве дзяўчынкі і хлопчык. Амаль шэсьць, амаль тры з паловай і два тыдні. Назвалі Адэляй».

Выявіўшы, што сям’я Хадыкаў ужо забясьпечыла сабе такі грунтоўны працяг у выглядзе чатырох унукаў, мы вярнуліся да зьявы, якую сам Юры Віктаравіч называе сваім самым дарагім дзіцем — да створанага ім Музэю старажытнай культуры і мастацтва.

Юры Хадыка: «У сваім жыцьці я займаўся, можна сказаць, трыма рэчамі дастаткова шчыльна: спачатку фізыкай. І, на маю думку, там былі неблагія вынікі. Дзякуючы таму, што я працаваў на ВПК, быў пад маскоўскай абаронай, я пачуваўся тут даволі свабодна. Я прымаў актыўны ўдзел у пошуках экспанатаў і ў стварэньні музэю старажытнай культуры. Гэта самае дарагое маё дзіця — яно практычна было скончана ў 1979 годзе, калі музэй адкрылі. Магу сказаць, што калісьці, калі я першыя разы трапляў у наш Нацыянальны музэй, мяне зьдзіўляла адно — на што тады не зьвярталі ўвагі. На ўсю гісторыю беларускага мастацтва там было прадстаўлена тры абразы і дзьве скульптуры. Гэта абраза, канечне, таму што яны абсалютна выпадалі з усяго шэрагу твораў. Вельмі незвычайна гэта ўсё глядзелася, і я пасьля пераканаўся, што гэта была наўмысная палітыка. І карыстаючыся тым, што ў Акадэміі такога кантролю не было, мы стварылі сапраўдны музэй — экспазыцыю, пабудаваную на фактах, на тых знаходках, якія мы рабілі ў экспэдыцыях з 70-га па 79-ы год і пазьней.

Лёша езьдзіў, ён езьдзіў са мной недзе з 75-га году, зь дзяцінства бачыў той жахлівы стан, у якім знаходзілася наша культурная спадчына.


Вось да сёньняшняга дня ён так паўпадпольна існуе. Шкада, канечне, але пад яго ўплывам экспазыцыя Нацыянальнага музэю пачала паляпшацца. Зараз там ня тры, а трыццаць з гакам абразоў, і яны шырэй прадстаўляюць — там ня толькі праваслаўныя, ня толькі ўніяцкія, там і каталіцкія абразы і скульптуры. Хоць і зараз пануе тое, што ў гісторыі мастацтва ня вельмі ўхваляецца — „вкусовщина“ па-расейску. Так нельга. Павінна быць аб’ектыўная карціна разьвіцьця мастацтва».


Аляксей Хадыка
Аляксей Хадыка: «Я з 74-га году ў гэтых экспэдыцыях. Для мяне гэта было вельмі натуральным працэсам, тым больш што бальшыня сяброў натуральным чынам далучалася, бо для іншых музэй быў зачынены, а для маіх сяброў ён быў адчынены. Хоць разуменьне таго, што гэтая зьява ўнікальная, безумоўна, было, яно і дагэтуль застаецца».

Юры Хадыка: «Гэта неверагодна цяпер паверыць, але час быў такі, што ў нас не было канкурэнтаў. Мы зьбіралі тое, што валялася. І зьбіралі з сэнсам. Нашая экспазыцыя тым адрозьніваецца ад экспазыцыі Нацыянальнага музэю, што там выстаўленыя не „харошанькія“ абразы на дошках, а розныя абразы. І на дошках, і на палатне, і выбудаваныя так, як у часе разьвівалася гэтае мастацтва. Яно адкрывае абсалютна неверагодную прыгажосьць беларускага сакральнага мастацтва».

Аляксей Хадыка: «Была выдатная калекцыя слайдаў, і звычайна адбываліся пасядзелкі проста дома, а не ў музэі. Прыходзілі сябры, разглядалі гэтыя абразы, разважалі, часьцей зь лекцыямі выступаў бацька. Ён увогуле добра распавядае, зацікаўлівае багата каго. І ў музэй хадзіць ня трэба было. Музэй адчыніўся ў 79-м годзе, калі я ўжо быў у 9-м клясе. Пасьля я паехаў вучыцца, то бок я трапіў у музэй у 1986 годзе. Так, тады я ўжо жыў у музэі, таму што я там працаваў».

Юры Хадыка. Канец 1976.

Аляксей Хадыка вярнуўся працаваць у бацькавым музэі, скончыўшы Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. У пэўным сэнсе ягонае вяртаньне і далейшая праца ў Акадэміі навук, праграме «Народны ўнівэрсытэт» і часопісе «Спадчына» былі падрыхтаваныя маральнымі прынцыпамі, якія ў дзяцінстве заклаў бацька. Здаецца, што і палітычныя абставіны культурнай актыўнасьці ва ўмовах савецкай дзяржавы не былі сакрэтам ані для старэйшага, ані для малодшага пакаленьня Хадыкаў:

Юры Хадыка з жонкай Валянцінай. 2004

Юры Хадыка: «Мы былі вельмі-вельмі асьцярожныя і абачлівыя. У экспэдыцыі мы езьдзілі толькі з афіцыйнага дазволу, ахутаныя гэтымі даведкамі, што гэта акадэмічная экспэдыцыя для папаўненьня ведаў і так далей. Справаздачы мы рабілі толькі перад парткамам Акадэміі навук. Звычайна для парткама патрэбныя былі толькі фармальныя справаздачы. Калі высьветлілася, што прыяжджае камісія для праверкі работы кампартыі БССР, нашу калекцыю адразу ж аддалі. Да гэтага нам прэзыдэнт Акадэміі даваў памяшканьне, мы там абвешалі ўсе сьцены абразамі, скульптура стаяла, але потым усё гэта было вычышчана і пакоі стаялі пустыя. Гэта было наагул апошняе ганеньне на нацыяналізм. Тады 8 чалавек з Акадэміі звольнілі, у тым ліку і Зянона Станіслававіча Пазьняка і Элеанору Іванаўну Вецер».

Юры Хадыка праводзіць экскурсію па музэі для акадэміка Віктара Амбарцумяна. 1979.
Аляксей Хадыка: «Аднойчы я іду, і ўнізе каля ліфта, у нас там розныя аб’явы вешалі, вісіць аб’ява: „Я, Ларыса Грыбок, ствараю беларускае зямляцтва“. Сабралася чалавек 30. У выніку гэта скончылася тым, што мы, па-першае, папрывозілі беларускую бібліятэку. Яна была ў маім пакоі, нават з картатэкай. Хадзілі на канцэрты беларускія — як гэта ні сьмешна зараз гучыць, гэта былі „Песьняры“ і „Верасы“ ў той час у Маскве. Мы спрабавалі нешта сьпяваць, але потым Ларысу Грыбок выклікалі ў КДБ, натуральна, і сказалі: „Ну ты ж юрыстка, ты ж разумееш, ня хочаш жа забарону на прафэсію мець“. Яна адказала, як мы дамовіліся: „Ну мы ж да 60-годзьдзя СССР стварылі беларускае зямляцтва!“. Паралельна тады ўзьнікла казахскае, кіргіскае зямляцтвы. Да іх не было ніякіх заўваг. Яны сказалі: „Ім можна, а вось беларусам — нельга“. Ну, мы, канечне, працавалі, сустракаліся нефармальна, але ясна, што мы не хадзілі на палітычныя дэманстрацыі і не прыкоўвалі сябе ланцугамі да агароджы сабора Васіля Блажэннага, як калісьці ў 68-м годзе зрабілі першыя пяць савецкіх дысыдэнтаў. Мы былі спакайнейшыя, такія культурныя».

Юры Хадыка падкрэсьлівае, што ён вельмі шчасьлівы бацька, таму што ў ягонай сям’і пануе поўнае ідэалягічнае адзінства.

Дні, калі вырашаўся лёс незалежнасьці ў жніўні 1991 году, Хадыкі пражывалі ў розных месцах і эмацыйных станах.

Юры Хадыка: «Як толькі пачалася сэсія пасьля 22 жніўня, калі канчаткова стала вядома, што праваліўся ГКЧП, на плошчы ішоў бесьперапынны мітынг, якім я кіраваў асабіста».

Аляксей Хадыка: «Я памятаю ўжо па расповедах, мне расказалі, што па плошчы бегала сьвіньня, на якой была напісана „Дземянцей“. Але я на той час знаходзіўся ў Паланзе. А якія забавы ў намёце — канечне, радыё. Я пайшоў на пошту і спытаўся: „Танкі ўжо на вуліцы?“. Яны сказалі: „Пакуль што не“. А потым я не пасьпеў даехаць, дый асабліва ня рваўся, з маладой жонкай… Ну, і мне ж сказалі, што танкаў пакуль няма».

Канстанцін Хадыка: «Жнівень прыгадваецца мне „Лебядзіным возерам“ па тэлебачаньні і, на жаль, ня болей. На плошчы мяне не было, і я сачыў толькі за гэтым па паведамленьнях прэсы, бо вырашалася гэта ўсё роўна, на жаль, ня ў нас».

Юры Хадыка, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Генадзь Банкевіч. 27 ліпеня 1992 г.

Цяпер ужо і Аляксей, і Юры Хадыкі маюць свой уласны погляд на будучыню Музэю старажытнага мастацтва:

Юры Хадыка: «Да сёньняшняга дня гэта музэй ведамасны, акадэмічны. І таму ён не працуе, напрыклад, па суботах і нядзелях. Ён працуе толькі ў працоўны час. Туды можна трапіць, але трэба загадзя замаўляць, каб быў чалавек вольны, які б правёў экскурсію. Так што апошнім часам я агітую дырэктара нацыянальнага музэю набыць гэты музэй у Акадэміі і аб’яднаць з Нацыянальным музэем. Гэта значна б узбагаціла яго. Я маю на гэта поўнае права».

Юры Хадыка, Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў. 3-ці зьезд БНФ. 1993

Аляксей Хадыка: «Я лічу, што для музэю старажытнай беларускай культуры найлепшым лёсам было б зрабіцца часткай музэю Нацыянальна-гістарычнага. Тым больш што Нацыянальна-гістарычны музэй — можа, вы гэтага ня ведаеце, гэта трохі спэцыяльная інфармацыя, хоць яна адкрытая — ня так даўно атрымаў вялізны корпус былога генэральнага штабу — вул. Фрунзэ, 19, і яго фактычна няма чым напаўняць. А гэта якраз такое месца, якое знаходзіцца побач зь дзіцячым паркам, з тым месцам, дзе сем’і праводзяць выходныя дні, і гэта было б ідэальнае вырашэньне.

Дарэчы, пра гэта я ўжо сказаў сп. Жуку, намесьніку дырэктара Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру. Ён адказаў: „Нікому пра гэта не гавары!“. І гэта зразумела чаму. Таму што галоўнай каштоўнасьцю трошкі дутага Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру якраз зьяўляецца музэй. Калі ён страціць гэты музэй, аддаўшы фізычна калекцыю ў іншае месца, можна сьмела зачыняць інстытут».

Далейшыя жыцьцёвыя абставіны і разьвіцьцё гістарычных падзеяў увесь час пакідаюць Хадыкаў ва ўмовах маральнага выбару, які ў іх таксама свой, адмысловы. Канстанцін Хадыка скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй якраз у той час, калі там вучылася судзьдзя Вольга Комар, якая вынесла прысуд вязьню Плошчы Васілю Парфянкову. Ва ўнівэрсытэце ягоным аднакурсьнікам быў Віктар Лукашэнка.

Канстанцін Хадыка: «На той момант яна не была спадарыняй Комар і вучылася на год маладзей. Я ведаў яе. Гэта ня толькі там, гэта, можна сказаць, нават па ўнівэрсытэцкай вучобе. Час, асабліва цяперашні, ён выпрабоўвае людзей, і кожны адказвае на гэтае пытаньне як можа. І калі вы паглядзіце ў фэйсбук да спадарыні Комар, у яе засталося там трое сяброў, мусіць. Я, мне падаецца, добра вельмі ведаю двух зь іх, і я разумею, чаму яны яшчэ там, я ў нечым разумею іхнае стаўленьне, але я скажу, што гэта людзі іншага гатунку, напэўна».

Дзень волі 1997 год. Ад цэнтру зьлева направа — Юры Хадыка, Юры Захаранка, Генадзь Карпенка.

Аляксей Хадыка: «Скажыце, Эмір Кустурыца — пасьпяховы рэжысэр? Безумоўна, ён такі і ёсьць. Але, прыехаўшы на лістападаўскі кінафэстываль чарговы раз у Беларусь, ён выступіў зь нейкім бязглуздым інтэрвію, дзе сказаў, што я вялікі аматар салодкай дыктатуры, а ў вас добра адбываецца пераход ад камунізму да капіталізму — марудна, таму што гэта павінна адбывацца марудна, — і гэта вельмі правільна.

Цалкам пасьпяховы рэжысэр трапіў у вельмі цікавую сытуацыю. Калі ён прыяжджаў з канцэртам свайго „No Smocking Orchestra“ ў 2008 годзе, быў аншляг у Палацы Рэспублікі. На пазаўчорашні канцэрт у Палацы спорту прадалі 1000 білетаў — у шэсьць разоў меней. У выніку чаго арганізатары былі вымушаныя перанесьці гэты канцэрт тэрмінова ў ДК МАЗ, інакш яны проста страчвалі вялікія грошы. Эмір апынуўся ў цікавай кампаніі разам зь Вікторыяй Азаранкай і Каралін Вазьняцкі, якія перад выбарамі таксама гралі ў быццам бы дабрачынным турніры, дзе быццам бы выпадкова Аляксанда Рыгоравіч выходзіў на корт і цалаваўся з гэтымі сымпатычнымі дзяўчаткамі.

Ён апынуўся ў кампаніі тых, каму маральныя прынцыпы ня важныя. Важныя грошы. Таму што за прылёт Кустурыцы дзяржава плоціць 40 000 эўра. Калі б 40 000 эўра дасталіся мне ад дзяржавы на часопіс „Спадчына“, я б пасьпяхова выдаваў яго 5 год запар. І гэта было б у тысячу разоў карысьней, чым 10 прылётаў Кустурыцы сюды».

Радыё Свабода: «А ці маральна браць грошы ад дзяржавы?».

Аляксей Хадыка: «Гэта ж наша дзяржава!».

Юры Хадыка: «І нашыя грошы!».

Юры Хадыка выступае на 19-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

Юры Хадыка: «Жыцьцё і змаганьне ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму — гэта цяжкі крыж. І, вядома, я нясу пэўную меру адказнасьці за тое, што мае сыны зараз не генэрал-палкоўнікі, не дарадцы прэзыдэнта па бясьпецы, хоць па інтэлектуальным узроўні кожны зь іх не ніжэйшы, чым Віктар Лукашэнка, але справа ня ў гэтым. Справа ў тым, што маральныя аўтарытэты ствараюцца толькі ў сям’і. І я спадзяюся, што ў маіх унукаў — ня толькі з бацькаўскага боку, але і з жончынага боку — прыстойныя людзі ў сям’і, і яны выхаваюцца ў нармальных прынцыпах. І таму я гарантую, што яны ў любым выпадку ня будуць прыхільнікамі рэжыму дыктатарскага, таталітарнага».