Дзьмітрый Вус: На скаргу ў некалькі старонак адмовілі двума радкамі

Дзьмітрый Вус на адным зь перадвыбарчых сходаў.

Пракуратура адказала на скаргу Дзьмітрыя Вуса адносна сфальшаванай, як ён лічыць, супроць яго крымінальнай справы. Дзьмітрый Бандарэнка скончыў азнаямленьне са справай. Павал Севярынец працягвае ў турме пісаць раман.

Дзьмітрый Вус паведаміў «Свабодзе», што справу супроць яго і Мікалая Статкевіча накіравалі для разгляду ў Ленінскі раённы суд Менску. Дзень пачатку працэсу пакуль што ня вызначаны, які судзьдзя будзе весьці справу — таксама.

Нагадаю, экс-кандыдаты на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч і Дзьмітрый Вус абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Віны сваёй абвінавачаныя не прызнаюць. Паводле Дзьмітрыя Вуса, разам зь імі ў справе фігуруюць яшчэ некалькі актывістаў.

Таксама Дзьмітрый Вус распавёў пра адказ на сваю скаргу на сьледчага, які вёў ягоную справу. Дзьмітрый Вус прасіў завесьці на сьледчага крымінальную справу, паколькі лічыць, што той падрабіў доказы супроць яго. Пракуратура, аднак, мяркуе, што падстаў, каб прыцягнуць сьледчага да адказнасьці, няма.

«І другі момант: два радкі напісалі адносна маёй заявы аб завядзеньні справы супроць сьледчага. Што пракуратура нібыта мяркуе, што дастаткова доказаў маёй віны. Але па фактах, пра якія я паведамляю адносна сьледчага, рэальна праверкі яны не вялі».

Карэспандэнт: «Гэта вы дамагаліся завядзеньня справы супроць сьледчага?».

Вус: «Так. Я лічу, што ён сфабрыкаваў матэрыялы. А пракуратура гэтага нават не правярала, а проста напісала двума радкамі тое, што дастаткова доказаў, каб заводзіць справу супроць мяне. А што я пісаў ім, рэальна нічога не праверылі. Беззаконьнем займаюцца».

Яшчэ падчас сьледзтва ў студзені Дзьмітрый Вус паведаміў журналістам, што сьледчыя патрабуюць ад яго агаварыць Мікалая Статкевіча, нібы той арганізоўваў масавыя беспарадкі 19 сьнежня. Узамен, паводле Дзьмітрыя Вуса, яму абяцалі, што ў справе ён застанецца сьведкам. Дзьмітрый Вус на гэта заявіў, што ня будзе агаворваць Мікалая Статкевіча, паколькі ня бачыў таго, што патрабуе сьледчы. Да таго ж Дзьмітрый Вус, паводле ягоных слоў, 19 сьнежня сышоў з плошчы Незалежнасьці раней, чым пачаўся сілавы разгон. У выніку Дзьмітрыю Вусу ўсё ж выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў, як і Мікалаю Статкевічу.


Зьміцер Бандарэнка
8 красавіка каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка скончыў азнаямленьне са сваёй крымінальнай справай. Паводле зьвестак, Бандарэнку хапіла на азнаямленьне ўсяго двух дзён, тым часам як некаторыя іншыя абвінавачаныя знаёмяцца са справай па 5 і болей дзён. Нядаўна стала вядома, што ў Зьмітра Бандарэнкі абвастрылася хвароба хрыбетніка і яму цяжка хадзіць. Як пачуваецца вязень цяпер? Жонка Бандарэнкі Вольга распавяла:

«Ня ведаю дакладна, што зараз са здароўем. Ён праз адваката перадаў, што ня горш, але і ня лепш».

Зьмітру Бандарэнку дагэтуль не дазваляюць перадаваць некаторыя прадукты. «Паколькі дыетычнае харчаваньне для яго не адмянілі, значыць, лепш ня стала, але ён ня хоча мяне непакоіць», — мяркуе Вольга Бандарэнка.


Павал Севярынец
Сузаснавальнік партыі БХД Павал Севярынец працягвае ў турме пісаць раман. Маці вязьня кажа, што ёй перадалі ўжо 2 часткі чарнавікоў сынавай кнігі. Але ўзьнікла праблема: зьвесткі ад маці пра тое, што гэтыя чарнавікі да яе трапілі, да Севярынца не даходзяць. Відаць, турэмная цэнзура працягвае жорстка лімітаваць навіны для Паўла.

«Мяркую, мае лісты, дзе я пішу, што атрымала ягоныя нататкі, да яго не даходзяць. Бо ён зноў і зноў задае адносна іх адны і тыя ж пытаньні», — кажа Тацяна Севярынец.