У сядзібе партыі БНФ узгадалі Ларысу Геніюш

Ларыса Геніюш

У сядзібе партыі БНФ адбыўся паказ дакумэнтальнага фільму «Няскораная», прысьвечанага Ларысе Геніюш. Прагляд фільма быў прымеркаваны да дня сьмерці паэткі 7 красавіка, які супадае з праваслаўным сьвятам Дабравесьце. Як паведамілі ва ўправе партыі, удзел у мастацкай імпрэзе прынялі некалькі дзясяткаў чалавек — аматары творчасьці і прыхільнікі грамадзянскай пазыцыі Ларысы Геніюш.

Творчая акцыя адбылася ў межах кампаніі абароны партыйнага офісу, якая доўжыцца з 1 красавіка. 8 красавіка ў сядзібе партыі адбудзецца прэзэнтацыя часопісу ARCHE, прысьвечанага падзеям на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году.

Культурніцкая акцыя ў абарону сядзібы партыі БНФ ёсьць часткай акцыі абароны памяшканьня ўправы, якое партыя БНФ займае каля 20 гадоў. ЖРЭА Савецкага раёну Менску адмовілася працягваць дамову арэнды, якая скончылася 31 сакавіка, і патрабуе вызваліць памяшканьне. З гэтай прычыны кіраўніцтва партыі БНФ зьвярнулася ў суд, а партыйныя актывісты з 31 сакавіка распачалі ў памяшканьні бестэрміновае кругласутачнае дзяжурства.