Палітычныя дэбаты ў падтрымку абаронцаў сядзібы БНФ

У сядзібе партыі БНФ адбыліся дэбаты ў пытаньнях стратэгіі палітычнай апазыцыі на бліжэйшыя гады. Удзел у дыскусіі прынялі аўтар «Стратэгіі-2012» Уладзімер Мацкевіч і маніфэсту «Байкот — стратэгія перамогі» Віктар Івашкевіч, а таксама грамадзкія і палітычныя актывісты, абаронцы сядзібы партыі БНФ.

Віктар Івашкевіч: «Для таго, каб яшчэ раз зразумела сфармуляваць пазыцыі, гэта было карысна і, спадзяюся, што гэта дапаможа і іншым палітычным лідэрам, а таксама кааліцыі палітычных арганізацый, якія спрабуюць аб’яднацца ў справе вызваленьня палітвязьняў. Пазыцыі зразумелыя, яны шмат у чым супадаюць. І супольныя дзеяньні магчымыя пры умове вызваленьня палітвязьняў».

У сваю чаргу Ўладзімер Мацкевіч падкрэсьліў, што адбытая дыскусія — акцыя падтрымкі і салідарнасьці ў справе абароны сядзібы партыі БНФ і пошук шляхоў далейшай супольнай дзейнасьці апазыцыйных дэмакратычных сіл:

«Гэта сапраўды пэўная акцыя падтрымкі патрабаваньняў захаваць сядзібу партыі БНФ, а таксама абмеркаваньне стратэгіі дзейнасьці, якая паказала, што прынцыповых разыходжаньняў няма, прынамсі зь Віктарам Івашкевічам. Накірунак на байкот — ён цалкам укладаецца ў стратэгію ціску на ўлады, каб яны пайшлі на саступкі ў пэўных кірунках грамадзкага жыцьця».

Дэбаты ў памяшканьні партыі БНФ прайшлі ў рамках творчай акцыі салідарнасьці ў падтрымку патрабаваньняў захаваць сядзібу, якая распачалася 1 красавіка. Кожны вечар тут адбывацца культурніцкія акцыі: творчыя вечарыны, канцэрты, прагляды кінафільмаў. Так, адбылася дэманстрацыя фільмаў з удзелам Чарлі Чапліна, творчая вечарына паэта Славаміра Адамовіча, сьпявачкі Тацяны Беланогай.

Кіраўніцтва партыі БНФ таксама абвясьціла бестэрміновую акцыю абароны сядзібы, якую камунальныя службы патрабуюць вызваліць ад 1 красавіка. ЖРЭА Савецкага раёну Менску адмовілася працягнуць дамову арэнды памяшканьня, якое партыя БНФ займала амаль 20 гадоў. Кіраўніцтва партыі БНФ з гэтай нагоды зьвярнулася ў суд, а партыйныя актывісты з 31 сакавіка распачалі ў памяшканьні бестэрміновае кругласутачнае дзяжурства.