Далёкіх геаграфічна Беларусь і Японію параднілі атамныя катастрофы. А ці вабіла беларускіх пісьменьнікаў краіна ўзыходзячага сонца да Херасімы з Нагакай, Чарнобылю і Фукусімы? Наша экспэртка Ганна Янкута – пра японскае пяцікніжжа ў айчыннай літаратуры.
Максім Танк. Збор твораў у 13 тамах Т. 5. Вершы (1972–1982).
Менск, “Беларуская Навука”, 2008П’яных разьнёй самураяў,
Храму фашыстаўскіх орд, –
Зьнішча ўсю гэтую зграю
Вольны савецкі народ.
Згадкі пра японскія рэаліі (самураі, мікада, Токіё) служаць у вершы адзінай мэце – услаўленьню “арміі нашай Чырвонай”.
Ужо зусім па-іншаму глядзіць на Японію Максім Танк, які ў 1976–1977 гадах прысьвяціў гэтай экзатычнай і трагічна вядомай цяпер усяму сьвету краіне шэраг вершаў: “У Хірасімскім музэі”, “Фудзіяма”, “Цьвіце сакура”, “Хаціка”, “Такасага”, “Мініятурныя горы…”, “Ікебана”, “Гібакуша”. У гэтых вершах асэнсоўваюцца традыцыйна японскія тэмы: трагічныя наступствы ядравага бамбаваньня Хірасімы (герой аднаго зь вершаў, “ахвяра атамнай бамбардзіроўкі” звар’яцелы Гібакуша, ходзіць па вечаровай Хірасіме і спрабуе дакрычацца да абыякавых мінакоў), любаваньне сымбалем Японіі гарой Фудзіямай, квітненьнем сакуры, развагі над ікебанай. Зьяўляецца ў вершах і шэраг красуняў-японак: Хаціку лірычны герой сустракае пасьля наведваньня старажытнай японскай сьвятыні, дзе яму выпала шчасьце “пазнаёміцца з Будам самім”, у вершы “Такасага” лірычны герой тройчы абменьваецца з гераіняй “кубкамі вясельнага, хмельнага сакэ”, Іока расказвае герою пры расстаньні таямніцу жыцьця і ікебаны. Так Японія ўваходзіць у беларускую паэзію.
Уладзімер Караткевіч. Чазенія. Апавяданьні, аповесьць.
Менск, “Мастацкая літаратура”, 2007Барыс Пятровіч. Пуціна. У кнізе “Шчасьце быць...” Трыпціх, аповесьці, апавяданьні, мроі.
Менск, “Тэхнапрынт”, 2004Акутагава Руноскэ. Брама Расё. Нос. Павуцінка./ Далягляды.
Менск, “Мастацкая літаратура”, 1990Гісторыя беларускіх перакладаў зь японскай мовы досыць небагатая і супярэчлівая. Супярэчлівасьць яе зьвязаная як зь мізэрнай колькасьцю перакладаў наўпрост зь японскай мовы (і выкарыстаньне замест гэтага ў найлепшым выпадку падрадкоўнікаў, у найгоршым – расейскіх перакладаў), а таксама з заўсёднай праблемай тэндэнцыйнасьці перакладаў савецкае эпохі. Так, творы з “Альманаху японскай пралетарскай літаратуры” (1933, пер. з рас. Ул. Хадыка) на сёньняшні дзень чытаць проста немажліва, крыху лепшая сытуацыя зь японскімі казкамі (на тое яны і казкі, каб быць унівэрсальнымі): зборнікамі “Японскія казкі” (1959, апрац. Н. Ходза) і “Мядуза і малпа” (1988, пер. з рас. С. Міхальчук). З расейскай перакладзеныя і два раманы, “Жанчына ў пяску” і “Чужы твар” аднаго з найцікавейшых японскіх пісьменьнікаў Коба Абэ (выданьне 1986 году, пер. В. Рабкевіча). Асобныя японскія вершы выходзілі ў беларускіх перакладах М. Танка, Я. Сіпакова, Л. Баршчэўскага, Р. Барадуліна.
Аднак самыя цікавыя пераклады з японскай мовы (ёсьць усе падставы меркаваць, што менавіта зь яе, а не з падрадкоўніка) зрабіў на беларускую мову Уладзімер Шатон. Гэта пераклады твораў вельмі папулярнага японскага пісьменьніка Акутагавы Руноскэ, якія друкаваліся ў “Даляглядах” 1990 году і ў “Крыніцы” №6 1997 году. Героі апавяданьняў, дзіўных прыпавесьцяў зь нечаканым заканчэньнем, што асэнсоўваюць зусім не вядомае, а таму мала зразумелае нам жыцьцё, падаюцца ледзь не акторамі ў тэатры но, маскамі, за якімі хаваецца тое, што беларус ніколі не зможа зразумець. І тым ня менш, часам гэтыя апавяданьні нагадваюць то гатычную гісторыю (варта толькі ўявіць сабе начное памяшканьне, поўнае мерцьвякоў, і схіленую над імі старую жанчыну, як у апавяданьні “Брама Расё”), то апокрыф (калі Буда спрабуе выцягнуць зь пекла грэшніка ў апавяданьні “Павуцінка”). Але ня варта казаць пра загадкавую японскую душу – мабыць, яна для нас ня больш загадкавая, чым дзьве душы Гарэцкага ці дзікае паляваньне караля Стаха для малазнаёмага з беларускай літаратурай чытача.