Натальля Радзіна выехала зь Беларусі

Натальля Радзіна

Рэдактарка сайту "Хартыя'97" Натальля Радзіна знаходзіцца па-за дасягальнасьцю беларускага КДБ.

Пра гэта сама Радзіна паведаміла charter97.org. У цяперашні момант яна знаходзіцца за мяжой у бясьпечным месцы.

31 сакавіка Радзіна павінна была зьявіцца на допыт да сьледчага КДБ у Менску. Не чакаючы допыту, Натальля прыняла рашэньне пакінуць Беларусь.

Каля поўначы аўстрыйскі журналіст Ёзэф Гафль разьмясьціў на «сьцяне» прыхільнікаў «Свабоднага тэатру» ў "Фэйсбуку" паведамленьне пра тое, што 1 красавіка а 10 гадзіне мясцовага часу (12.00 у Беларусі) Натальля Радзіна выступіць на прэсавай канфэрэнцыі ў гатэлі Hilton Park Lane у Лёндане.

Раніцай 1-га красавіка у аддзеле канфэрэнцыяў гатэлю “Свабодзе” не пацьвердзілі гэтай інфармацыі – прэсавай канфэрэнцыі Радзінай у сьпісе плянаваных на сёньня мерапрыемстваў няма, да таго ж у гатэлі няма «Press Lobby». Супрацоўнік гатэлю выказаў меркаваньне, што гэта быў першакрасавіцкі жарт.

Пра тое, што ўчора Натальля Радзіна да КДБ так і не даехала, можа сьведчыць той факт, што ўвечары на допыт у КДБ была выкліканая намесьніца галоўнага рэдактара газэты "Народная воля" Марына Коктыш, перадае БелаПАН, у сувязі са зьнікненьнем Натальлі Радзінай.

Падрабязнасьцяў допыту, які доўжыўся з 21.30 да 22.10, журналістка не паведаміла, паколькі дала падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.

З 21.30 да 22.30 у КДБ таксама праходзіў допыт галоўнага рэдактара газэты «Наша ніва» Андрэя Скурка. Зь яго таксама ўзялі падпіску аб невыдаваньні таямніцы сьледзтва.

Натальля Радзіна да 11 гадзін 31 сакавіка павінна была прыбыць з Кобрына ў Менск для правядзеньня «сьледчых дзеяньняў» у КДБ. Радзіна праходзіць абвінавачанай у крымінальнай справе аб масавых непарадках у Менску 19 сьнежня 2010 г. З 20 снежня да 28 студзеня яна знаходзілася ў СІЗА КДБ. Да 30 сакавіка жыла ў бацькоў у Кобрыне, па месцы прапіскі, і працягвала займацца журналісцкай дзейнасьцю.

Апошні раз яе бачылі ўвечары 30 сакавіка.

«Увечары ў 21.30 я яе пасадзіла на цягнік. Я да яе датэлефанавацца не магу. Мне яна таксама не тэлефанавала", – паведаміла БелаПАН маці Радзінай Надзея Максімаўна. Паводле яе слоў, у дом прыходзіў сьледчы, які цікавіўся, дзе можа знаходзіцца Натальля.



Натальлю Радзіну затрымалі ў ноч з 19 на 20 сьнежня ў офісе "Хартыі 97" і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Ёй прад'явілі абвінавачваньні ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, што можа пацягнуць за сабой пакараньне ад трох да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Пазьней, 28 студзеня, журналістку вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International назвала Натальлю Радзіну, у ліку іншых затрыманых па справе аб масавых беспарадках, вязьнем сумленьня.

Раней, 13 сакавіка, Беларусь пакінуў яшчэ адзін фігурант "справы 19 сьне" – былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч. Апазыцыянэр таксама знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе. Чэхія дала яму палітычны прытулак