Пасьля допыту ў КДБ няма сувязі з Натальляй Радзінай

КДБ, Менск.

Журналістку Натальлю Радзіну выклікалі ў КДБ. Маці Паўла Севярынца сустрэлася са сьвятаром, адказным за наведваньні вязьняў у СІЗА КДБ. У справе 19 сьнежня павялічылася колькасьць абвінавачаных. Мікіта Ліхавід рыхтуецца да галадоўкі.

Паводле праваабаронцаў цэнтры «Вясны» ў справе 19 сьнежня зьявіўся яшчэ адзін абвінавачаны —Яўген Сакрэт.

Наста Лойка
: «Пра яго ведаем ня так і шмат. Ускосна стала вядома, што ён адбываў адміністрацыйны арышт за 19 сьнежня цягам 10 сутак, але пасьля гэтага яго перавялі ў ізалятар на Валадарскага і там выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. І толькі зараз мы даведаліся, што ён пад вартай і даведаліся, што ў яго няма адваката, які б зь ім стала працаваў. Вядома, што яму 44 гады, паводле прафэсіі ён дызайнэр, але чаму да яго такая ўвага, незразумела. Бо, наколькі нам вядома, ён ня быў актывістам нейкай партыі ці арганізацыі.»


Тацяна Севярынец
31 сакавіка маці палітвязьня Паўла Севярынца Тацяна мела размову з адным з кіраўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы, які можа дапамагчы ў наведваньні сьвятарамі вязьняў у турмах. Тацяна Севярынец ужо месяц марна спрабуе дамовіцца пра тое, каб яе сына наведаў у СІЗА КДБ сьвятар для споведзі. Маці Севярынца ідзе на гэтым шляху праз розныя цяжкасьці:

«Я ж усё замаўляла сустрэчу ў Філарэта. Але Філарэт мне адмовіў, сказаў, што сустракацца са мной ня будзе, але дабраславіў мяне на сустрэчу зь япіскапам Веніямінам. І вось я сёньня іду ў Сьвята-Духаў сабор, на вячэрнюю службу, дзе, спадзяюся, як мне сказалі, я сустрэнуся зь япіскапам Веніямінам». Вынік гэтай размовы на момант напісаньня рэпартажу быў невядомы.


Натальля Радзіна
Таксама дагэтуль невядомы вынік допыту ў КДБ журналісткі Натальлі Радзінай, якая зараз жыве ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыезьдзе. Абвінавачаную ва ўдзеле ў падзеях 19 сьнежня журналістку камітэт дзяржбясьпекі выклікаў у Менск на 31 сакавіка. Допыт меўся пачацца аб 11 гадзіне, але ці пачаўся, як праходзіў, чым закончыўся — невядома. Да 9-й гадзіны вечара мабільны тэлефон Радзінай быў адключаны. «Свабода» працягвае сачыць за лёсам рэдактаркі сайту «Хартыя97» Натальлі Радзінай.


Мікіта Ліхавід
31 сакавіка з асуджаным на 3,5 года зьняволеньня за ўдзел у падзеях на Плошчы Мікітам Ліхавідам сустрэлася на «Валадарцы» ягоная маці Алена Ліхавід. Юнак сказаў маці, што на знак пратэсту намераны пачаць галадоўку.

«Ён сказаў, што гэтымі днямі будзе сябе рыхтаваць, а з панядзелка пачне галадоўку. Гэта значыць, з 4 красавіка. Заўтра да яго пойдзе адвакат. Магчыма, ён ужо атрымаў на рукі прысуд. Тады будуць пісаць касацыйную скаргу на прысуд, зь якім ён ня згодны. Адвакат кажа, што ўжо дастаткова спазнала Мікіту, што ён такі ўпарты, і калі вырашыў, то зробіць гэта. Буду прасіць яшчэ спатканьня зь ім на будучым тыдні, каб сустрэцца і перадаць яму вады, бо піць яму трэба будзе шмат».

Алена Ліхавід падзяляе пратэст сына адносна прысуду, але пры гэтым зьбіраецца адгаворваць яго ад галадоўкі, бо «яму патрэбныя сілы для калёніі».