«Апазыцыя ў Чэрыкаве — ня флюгер, а компас!»

Параўнальна нядаўнімі часамі жыхары больш чым 8-тысячнага Чэрыкава атрымалі спачатку ад мясцовай, а пасьля вярхоўнай беларускай улады эфэкт «шокавай палітычнай тэрапіі». Было так. Колькі год таму на вуліцы Дзімітрава распачалося будаўніцтва двухпавярховага асабняка з жоўценькай аздобнай цэглы з асобным будынкам для гаража. Дзеля гэтага высеклі частку гарадзкога парку, перанесьлі лінію электраперадач. Але асабліва ўзрушыла тутэйшых, калі да «доміка» на бакавой вулцы падвялі асфальт. У тыя дні 60-гадовы ІП, сябра Партыі БНФ спадар Генадзь Райкоў у незалежнай газэце «Чэрыкаўскія навіны» назваў мясцовую ўладу…



Райкоў: «Я назваў яе хамскай. А хіба ня хамства — пабудаваць сябе сядзібу, пракласьці асфальт да яе і не давесьці да хлебазаводу 250 мэтраў?!»

Лішне казаць, што падобнае свавольства мог дазволіць сабе толькі кіраўнік чэрыкаўскай вэртыкалі Мікалай Кадаценка, які жыве сабе ў сядзібе і дагэтуль. Пры канцы жніўня мінулага году — новы шок. У прыгарадны аграгарадок Езеры на жывёлагадоўчы комплекс завітаў Аляксандар Лукашэнка. Мясцовая вэртыкаль пераплюнула саму сабе — даярак прымусілі мыць кароў шампунем, фарбаваць ім капыты. Урэшце замест іх сымуляваць дойку падсадзілі сымпатычных маладых настаўніц. Калі ўсё той жа спадар Райкоў узгадваў тыя падзеі, ягоны сіпаты голас кіроўцы з 30-гадовым стажам зрываўся ад напругі.



Райкоў: «Доўга чэрыкаўляне не маглі супакоіцца, адысьці. Там зьвезьлі са ўсяго раёну племянных кароў, каб запоўніць гэты комплекс, завезьлі з усіх садкоў кветкі пасадзіць. Кіроўцаў замкнулі галоднымі ў машынным двары, людзям забаранялі адхінаць фіранкі, рухацца — як у гета якім! Не хацеў бы я быць на месцы тых, хто падносіў хлеб-соль Лукашэнку, калі табе ў лоб цэліць снайпэр. Як мышы пад венікам сядзелі, таму што папярэдзілі — да вокнаў не падыходзіць, бо „можаш кулю атрымаць“. Народ быў шакаваны — „штойта за прэзыдэнт?!“ Пасьля такога прыезду былі расчараваныя. Хлапца на скутэры спынілі за 3–5 км ад Чэрыкава — „змотвай адсюль“. Зараз ён супраць Лукашэнкі…»

Зрэшты, пасьля прэзыдэнцкай вандроўкі нічога ў чэрыкаўскім жыцьці не перамянілася. Прынамсі, што да галоўнай харчовай праблемы мясцовых — якасьці хлеба.

Райкоў: «Хлеб мне пападаўся тоставы — на 3 дзень становіцца смуродным, клеіцца, што і сабака жэрці ня будзе. А ў крамы з Магілёва хлеб Кадаценка забараніў завозіць. Прыватнікі падвозяць па знаёмстве — сам бяру. А наш возьмеш — цьвільлю патыхае. Не набыты зноў вязуць на хлебазавод, перамешваюць, зноў пякуць. Які хлеб пасьля такой каруселі?!».

Выпечка застаецца нізкаякаснай ужо невядома колькі з-за адсутнасьці сродкаў на замену абсталяваньня на хлебазаводзе ды нізкіх заробкаў. Вось запіс, які я зрабіў 5 год таму, у часе першай вандроўкі ў Чэрыкаў.

Карэспандэнт: «А скажыце, чаму людзі скардзяцца на дрэнную якасьць чэрыкаўскага хлеба?»

Спадарыня: «Я з вамі ня буду гаварыць, не прыставайце! Ідзіце да дырэктара, там і пытайцеся!».

Толькі старой кабеце-прыбіральшчыцы яўна не было чаго губляць.

Спадарыня: «Сярэдні заробак? 162 пасьля вылічэньняў. А ў цэхах — 200…»

Былы вайсковец, пэнсіянэр і вартаўнік, спадар Уладзімір Ігнатаў цьвердзіць, што цяпер зрабілася горш, чым раней.

Ігнатаў: «А на хлебазаводзе няма каму працаваць — засталося чалавек 10–15. Працуюць у кіёсках „Саюздруку“ і ў крамах. А ў любую арганізацыю зайдзіце — капейкі атрымліваюць, нават і тры сотні некаторыя ня маюць. А хіба гэта пэнсія — 280 рублёў?! Дык кажуць — „маладзец, дабавіў“ Адна мне ледзь вочы ня выкалала, калі я сказаў — а што за іх купіш?!»

Іду на вуліцу Калініна, каб на свае вочы пабачыць, па словах Ігнатава, чарговае «дубаломства» ўлады. Тут узьвялі 9-павярховы гмах — па мясцовых мерках хмарачос — акурат за некалькі мэтраў ад даўно збудаванай «пяціпавярхоўкі». Пра вынік мне паведаміў жыхар — сантэхнік Мікалай.

Мікалай: «Ні сьвету божага няма, ні сонца летам. Зьбіралі мікрараёнам подпісы, каб яго аднесьлі. На сустрэчу з выканкаму ніхто не прыйшоў. Будавалі, дык жанчыны на коўш экскаватара сядалі — на 6 мэтраў адсунулі, бо так бы і „пажарка“ паміж дамамі не прайшла. Я езьдзіў да галоўнага архітэктара ў Магілёў, кажу — дык што, фортку адчыніць ды з суседам келіхам „чок“? Ён дастае паперы — у вас жа павінна быць глухая сьцяна, а ў мяне 2 акны выходзяць. Жывем як у сутарэньні…»

Непадалёк жыве яшчэ адзін мой чэрыкаўскі знаёмец, вядомы краязнаўца ды гісторык, спадар Васіль Максіменка. Зь ім, зноў-такі празь бязладзьдзе, нядаўна здарылася бяда. Расказваў мне пра яе, зь відавочнай фізычнай цяжкасьцю прамаўляючы словы.



Максіменка: «Я зьбіраў матэрыялы для будучай кнігі — гісторыка-геаграфічнага нарыса Чэрыкаўскага раёну. І мне трэба было зрабіць здымак кар’ера як наступства тэхнагеннай дзейнасьці людзей. Зьвярнуў па шашы Чэрыкаў-Краснапольле ўлева. Уезд на лясную дарогу да кар’ера быў перацягнуты тросам, які нічым ня быў пазначаны — шэры, нябачны. Добра, што на скутэры збавіў хуткасьць, бо была б 40–50 км, на тым сьвеце быў бы. Наткнуўся шыяй на гэты трос, адкінула і страціў прытомнасьць гадзіны на тры. Добра, крышачку ачуняў, увесь акрываўлены цудам завёў скутэр і сам даехаў да бальніцы. Прабілі трахеастамію — дыхаць жа ня мог, праляжаў у рэанімацыі…Справа ў тым, што ёсьць такая ПМК-280 чэрыкаўская. Яна неналежным чынам ставілася да эксплюатацыі гэтага кар’ера і да яго аховы — папераджальных знакаў не было, шлягбаўму, трос проста быў зацягнуты, каб не заяжджалі. А глядзіш жа наперад, не пад ногі — у мяне кампрэсійны пералом пасьля гэтага, 2 месяцы ляжаў. Заяву ў пракуратуру напісаў — крымінальную справу не ўзбудзілі, бо „не знайшлі складу злачынства“. А тое, што я страціў працаздольнасьць як гісторык у школе, — безумоўна, адна зьвязка не працуе…»

Спадар Максіменка — фігура знакавая. Як экс-дэпутат райсавету ён ініцыяваў у свае часы замену гарадзкога герба — крывіцкай «Пагоні» з чамусьці двухгаловым расейскім арлом — на гістарычную бела-сінюю выяву абарончай вежы з крыжам наверсе. 5 год таму, аднак, беларускамоўны аўтар кнігі пра дарэвалюцыйны Чэрыкаў зьдзівіў мяне сяброўствам у праўладнай КПБ. Не зьдзівіў жа — тым, што зараз выйшаў адтуль са скандалам.

Максіменка: «Ячэйка фармальна існуе, ніякай ролі не адыгрывае, таму што яе падмялі цалкам пад сабе ўладатрымальнікі. Я паказаў свой нораў, і мы разышліся. Публічна заявіў пра тое, што старшыня райвыканкаму паводзіць сябе на сэсіях зусім некарэктна — як „пахан“. Калі зрабіў спробу ўнесьці ў парадак дня пытаньне аб захаваньні гістарычнай спадчыны ў раёне, ён заявіў, што „Максіменку няма чаго рабіць“. Для іх гэта „пустое“ пытаньне. Сябры КПБ паводзяць сябе, як „стырнавы“ — ён скажа, мы пацьвердзім…»

* * *
Ізноў крочу па старым адрасе — гэтым разам да 59-гадовай маці 12 дзяцей Соф’і Хведараўны Шмакінай. У 18 яна нарадзіла першага сына, Аляксандра, у 40 — апошняга, Аляксея. Дзеля выжываньня сям’і перамяніла хіба дзясятак прафэсій — ад пральлі да бухгальтаркі. 5 год таму з-за поўнай абыякавасьці ўладаў да праблемаў самай шматдзетнай чэрыкаўскай сям’і сваё ўзнагароджаньне Ордэнам мацярынства публічна назвала «цынізмам». Кабета ў цёмным адзеньні сядзела ў хаце адна — маўляў, разьляцеліся ўсе яе «ластаўкі» ды «жаўрукі». Але ў расказе пра іх чулася ціхая, спакойная радасьць…



Шмакіна: «Дзеці жывуць сваімі сем’ямі, кожнаму дзіцёнку дала адукацыю. Тры дачкі і сын у Гродна, адна пераяжджае ў Польшчу, займаецца камэрцыяй. Адна дачка ў Піцеры, двое дзетак у Магілёве — дачка працуе ў бальніцы, сын камэрсант. У Менску двое — дачка палітэхнічны скончыла, сын працуе ў „Цэмэнтбудзе“. Ва ўладу ня рвуцца — а каму зараз улада дапамагае? Спадзявайся сам на сябе! Я ўжо зараз не лічуся шматдзетнай маці, хоць і залатой зоркай узнагароджана — не надзяю таксама. Пэнсія маленькая — 460 за 12 дзяцей і 33 гады стажу. Што з таго ордэна?! Былі 3 ордэны і 3 мэдалі. Ваду і газ падвялі пры савецкай уладзе, а пры Лукашэнку — нічога…»

А цяпер пра жанчыну, перад якой у Чэрыкаве, кажуць, здымаюць капялюш самыя моцныя ды ўмудроныя мужчыны. На ўсеагульную думку, настаўніца беларускай мовы з прыгараднага пасёлку Рэчыца Людміла Старавойтава «зьняла з працы» начальніка чэрыкаўскай міліцыі Райкова, а таксама яго намесьнікаў ды супрацоўнікаў, якія дазволілі ў адносінах да яе гвалт. Еду ў Рэчыцу на прыватнай таксоўцы, якой кіруе пэнсіянэрка, ІП, спадарыня Галіна Путро. Па шляху зьбянтэжыла непрыемнай навіной — магчыма, у яе ды калегаў па цэху хутка будуць апошнія рэйсы.

Путро: «З 1 ліпеня страхоўка для прыватных таксі будзе 377 эўра за год. Што будзе ў Чэрыкаве? Пакідаем таксі ўсе — 160 тысяч на месяц! А ў нас выручка 70–80 тысяч максымум, а так — рублёў 30–40. А яшчэ ж трэба і падаткі заплаціць, і запчасткі купіць, і паліва…»

Але вось невялікі, дагледжаны катэдж, дзе з двума дзецьмі жыве спадарыня Старавойтава. Замест чаканай «жалезнай лэдзі» — мілавідная бляндынка з добрымі, сьветлымі вачыма ды «лагоднай» мовай. Уражаньне мяняецца, калі Людміла Ўладзіміраўна пачынае расказваць. З хрыпатцой — голас на нэрвах сарвала.



Старавойтава: «Калі б мне раней хто сказаў, што такое можа здарыцца, не паверыла б. Маці майго былога сужыцеля напісала на мяне заяву, што я нібыта скрала ў яе 100 тысяч рублёў і зьбіла іх абаіх. Гэта за 5–7 хвілінаў — са мной жа быў кіроўца, які гэта пацьвердзіў. Тым больш маці знаходзілася на ўліку ў псыхіятра. Пачалося ўсё 28 кастрычніка — я ўсталёўвала ў хаце газ, і сужыцель прыехаў дапамагчы. Паехаў па інструмэнт і зьнік. Я заехала да яго маці — ён п’яны спаў. А калі зьяжджаў, забраў ад хаты ключы. Я пачала шукаць у яго ў кішэнях, маці з палкай стала выганяць, абражаць. А ў суботу дзеці кажуць — „міліцыя, мама, прыяжджала, пыталіся цябе“. У школе яны сталі пытацца, дзе была ўчора — у заяве было напісана, што я не 28-га, а 31-га была ў Чэрыкаве. Потым — „паедзем з намі, цябе чакае начальнік“. Ордэра ў іх не было. Я сказала — выпішыце позву. Да мяне падскочыў маёр Завадзкі, скруціў мне рукі, зашчапіў „бранзалеты“. У мяне засталіся сінякі на руках і нагах ад удару аб стол. Маўляў, не паедзеш — цябе чакае „хвіліна ганьбы“, бо выведзем са школы ў кайданах. На той момант для мяне быў шок — гэта сёньня я б прашпацыравала пешшу да Чэрыкава, каб бачылі, што і як яны робяць. Калі села зь імі ў машыну, стаяў густы пах перагару. Папрасіла заехаць пераапрануцца, папярэдзіць дзяцей. Ля хаты Завадзкі даў газу — „завязем у „псыхушку“, калі будзеш рыпацца“. Кажу, што буду скардзіцца. Гэты Сіўцоў п’яны — „ведаеш, колькі такіх вас, і ніхто нічога не дабіўся!“ Пытаюся ў дзяжурнага Жарава, якія ў мяне правы — „пасадзім у клетку, даведаесься“. І — „менш будзеш людзей зьбіваць і грошы красьці, у тваіх вачах я бачу злачынцу“…»

Дзяцей, якія безупынна тэлефанавалі маці, да яе не дапусьцілі. Начальнік Райкоў праводзіў нарады з падначаленымі з адным пытаньнем — «што зь ёй рабіць?». Людміла працягвае:

«І калі я ня стала даваць паказаньні, сказалі: „Можаш быць вольнай“. Кажу, не, панове, я столькі часу праседзела, і ў мяне няма грошай — буду чакаць начальніка. У 9 вечара паклікалі — „грошы знайшліся, але прызнайцеся, што вы палкай зьбілі двух чалавек“. Я кажу — вы хочаце, каб я сябе абгаварыла?! Далей патэлефанавала на „гарачую лінію“ ў МУС, напісала ў пракуратуру, копію заявы занесла старшыні райвыканкаму Кадаценку. Потым сакратарка мне прызналася, што была накладзена яго віза — „заяўніку адказу не даваць“. У той жа дзень да мяне зьявіліся два замы начальніка Чэрыкаўскай міліцыі — Сяргееў і Післар. Яны пагражалі, што ўзбудзяць супраць мяне крымінальную справу, калі заяву не забяру. Я сказала — узбуджайце! І справа была ўзбуджана. Яны скардзіліся ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму за тое, што я патрабавала весьці справу на беларускай мове…»

Спадарыня Людміла лічыць, што ўрэшце ёй, акрамя ўласнай трываласьці, дапамагла і выпадковая ўдача — у часе «гарачай лініі» зь нядаўна прызначаным міністрам унутраных спраў Куляшовым ёй удалося датэлефанавацца да яго, а пасьля трапіць і на асабісты прыём. Гэта ўжо пасьля праверкі службы ўласнай бясьпекі завялі крымінальныя справы і на дзяжурнага Жарава за незаконны транзыт мяса ў Расею, і на маёра Завадзкага за гандаль прастытуткамі. Зьнялі начальніка міліцыі Райкова. На прыёме ж міністар Куляшоў …



Старавойтава: «…Сказаў, што калі так, як вы кажаце — „яны прыбягуць да вас і будуць прасіць прабачэньня“. Празь некалькі дзён прыехалі Завадзкі, Райкоў, што папрасіў ад усіх прабачэньня. Я папрасіла ўзьняцца і зрабіць гэта ў прысутнасьці людзей. Завадзкі так і не прызнаўся на судзе, што прымяняў фізычную сілу, і да крымінальнай адказнасьці не прыцягнулі…»

Карэспандэнт: «Люда, ты верыла, што ўсё скончыцца перамогай?»

Старавойтава: «Для сябе сказала — калі спыніцца і апусьціць рукі, сэнсу далейшага жыцьця ня бачыла. Цяпер я разумею многіх, якія ідуць за праўду, за ідэю, не шкадуючы сябе, ні сіл, ні здароўя. Бо застаецца ўсё жыцьцё хадзіць з апушчанай галавой. Атрымліваецца ж так, што не працуюць сёньня ані Жараў, ані Завадзкі, ані Райкоў, ані Післар. Перамога ёсьць, але хочацца, каб невінаватыя людзі не баяліся даказваць сваю правату. І якія яны ні ёсьць, трэба ведаць свае законы, бо няведаньне дае ім магчымасьць выкарыстоўваць іх на сваю карысьць…»

На аўтавакзале мяне праводзіў памянёны спадар Генадзь Райкоў, які суправаджаў у часе вандроўкі. Бадай, упершыню за гэты дзень на ягоным жорсткім, абветраным твары зьявілася шырокая ўсьмешка.

Райкоў: «Калі мяне пачынаюць „прэсаваць“ чэрыкаўскія лукашысты, я ім адказваю, што ў адрозьненьне ад вас я ня флюгер, а компас!».