The Washington Post: "Беларуснафта" – плод, які нізка вісіць

Лукашэнка і Ахмадзінэжад у Тэгеране ў 2006

Пра санкцыі ЗША супраць “Беларуснафты” за інвэстыцыі ў Іран піша ў сёньняшнім нумары The Washington Post. На думку шэрагу амэрыканскіх заканадаўцаў, санкцыі павінны быць ужытыя супраць значна большай колькасьці кампаній.

Адміністрацыя Абамы ўвяла санкцыі супраць беларускай дзяржаўнай энэргетычнай кампаніі за $ 500 млн. інвэстыцый у іранскую фірму, якая абвінавачваецца ва ўдзеле ў ядзернай праграме Ірану.

Гэты крок зьяўляецца часткай высілкаў ЗША, каб абмежаваць магчымасьці Ірану па паляпшэньні яго ядзернай праграмы, што, як асьцерагаюцца ў Вашынгтоне і ў іншых сталіцах, накіравана на распрацоўку ядзернай зброі. Але гэты крок быў высьмеяны, як недастатковы, шэрагам амэрыканскіх заканадаўцаў, на думку якіх санкцыі павінны быць ужытыя супраць значна большай колькасьці кампаній, у тым ліку расейскіх і кітайскіх.
Пакараньне ўключае ў сябе забарону на атрыманьне ў ЗША экспартных ліцэнзій, крэдытаў і дзяржаўных замоваў.

Дзяржаўны дэпартамэнт абвясьціў, што ўвёў супраць кампаніі "Беларуснафта" санкцыі, якія закрываюць ёй доступ на рынак ЗША, за кантракт 2007 году на распрацоўку нафтавага радовішча “Джафэйр”, які быў падпісаны з кампаніяй NaftIran Intertrade Company.

Пакараньне ўключае ў сябе забарону на атрыманьне ў ЗША экспартных ліцэнзій, крэдытаў і дзяржаўных замоваў.

"Беларуснафта" зьяўляецца другой кампаніяй, супраць якой былі ўведзеныя санкцыі ў адпаведнасьці з законам, які прэзыдэнт Барак Абама падпісаў у 2010 годзе пры шырокай падтрымцы абедзьвюх партыяў.

Закон патрабуе, каб адміністрацыя ўводзіла санкцыі супраць замежных кампаній, якія інвэстуюць прынамсі 20 млн. даляраў ЗША ў іранскія нафтавы і газавы сэктары эканомікі. Аднак закон дазваляе прэзыдэнту адмовіцца ад санкцый зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі.

Некаторыя ў Кангрэсе, у асноўным, рэспубліканцы, заявілі, што адміністрацыя пайшла ня надта далёка ў пытаньні санкцый.

Сэнатары-рэспубліканцы Марк Кірк і Джон Кіл з Арызоны разам з незалежным сэнатарам Джо Лібэрманам паскардзіліся ў лісьце на імя дзяржаўнага сакратара ЗША Гілары Клінтан і міністра фінансаў Тымаці Гайтнэра, што адміністрацыя "знайшла толькі адно прадпрыемства, якое парушае санкцыі ЗША ў дачыненьні да Ірану".

"Мы ня лічым, што гэта цалкам адпавядае рэжыму санкцый, усталяванаму Кангрэсам", – пішуць яны.

Старшыня камітэту замежных справаў Палаты прадстаўнікоў Ілеана Рос-Лехтынэн заявіла, што “выклікае трывогу яўная адсутнасьць санкцый супраць расейскіх і кітайскіх кампаній, нягледзячы на іх даўнюю прысутнасьць у Іране” .

"У дадатак да “Беларуснафты” – плоду, які нізка вісіць – Дзяржаўны дэпартамэнт павінен увесьці санкцыі ў дачыненьні да энэргетычных гігантаў, якія працягваюць рабіць бізнэс з Іранам", – сказала яна. – Гэта адзіны спосаб, каб нашы санкцыі былі здольныя прымусіць іранскі рэжым спыніць палітыку і праграмы, якія ўяўляюць пагрозу для Злучаных Штатаў".