Вялікабрытанія лічыць Лобава і Дашкевіча палітвязьнямі

Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў

Урад Вялікабрытаніі сур’ёзна занепакоены прысудамі, вынесенымі беларускім моладзевым актывістам Дзьмітрыю Дашкевічу і Эдуарду Лобаву. З такой заявай выступіў 25 сакавіка міністар па справах Эўропы Дэвід Лідынгтан, паведамілі БелаПАН у брытанскім пасольстве.

Дэвід Лідынгтан (David Lidington)
«Я сур’ёзна занепакоены паведамленьнем пра тое, што Дзьмітрый Дашкевіч, лідэр беларускай моладзевай арганізацыі «Малады фронт», і Эдуард Лобаў, яшчэ адзін член «Маладога фронту», былі прыгавораныя беларускім судом да двух і чатырох гадоў турэмнага зьняволеньня адпаведна за «злоснае хуліганства», — сказаў Лідынгтан.

Як адзначыў брытанскі міністар, акалічнасьці іх арышту, што адбыўся напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня, «вельмі падазроныя». «На самім судовым працэсе сьведкі абвінавачаньня далі надзвычай супярэчлівыя паказаньні, а абвінавачаныя не атрымалі магчымасьці на свае вочы ўбачыць сваіх абвінаваўцаў», — адзначае Дэвід Лідынгтан.

Ён таксама зьвяртае увагу на тое, што адвакат, які першапачаткова пагадзіўся абараняць Дашкевіча, быў «выключаны са складу Мінскай гарадзкой калегіі адвакатаў пад націскам Міністэрства юстыцыі». Паводле слоў брытанскага міністра, такое стаўленьне да Дашкевіча і Лобава «наносіць яшчэ большую шкоду і без таго заплямленай рэпутацыі беларускай судовай сыстэмы».

«Я хачу абсалютна выразна растлумачыць: урад Вялікабрытаніі лічыць Дашкевіча і Лобава палітычнымі зьняволенымі, якія папоўнілі доўгі сьпіс такіх зьняволеных у Беларусі, сьпіс, што працягвае расьці», — сказаў Лідынгтан.

Паводле яго слоў, Вялікабрытанія заклікае беларускія ўлады «пакласьці канец гэтаму ганебнаму становішчу, вызваліць усіх палітычных зьняволеных і зьняць усе абвінавачаньні супраць тых, хто чакае суду ў сувязі з падзеямі, якія маюць дачыненьне да пратэстаў 19 сьнежня 2010 году».

24 сакавіка лідэр «Маладога фронту» 29-гадовы Дзьмітрый Дашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, актывіст гэтай арганізацыі 22-гадовы Эдуард Лобаў — да чатырох гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яны прызнаны вінаватымі на падставе часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства).

Your browser doesn’t support HTML5

Зьміцер Дашкевіч: "Адсядзім!"