У Беларусі ў верасьні разам з вучэньнямі «Захад-2025» адбудуцца яшчэ тры вайсковыя вучэньні АДКБ

Вайсковыя вучэньні АДКБ «Узаемадзеньне-2023» у Беларусі, жнівень 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Вайсковыя вучэньні АДКБ «Узаемадзеньне-2023» у Беларусі, жнівень 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі ў верасьні адбудуцца тры вайсковыя вучэньні Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), задум якіх цесна зьвяжуць з мэтамі стратэгічных расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2025».

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, у верасьні на тэрыторыі Беларусі адбудуцца вучэньні з калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня «Узаемадзеяньне-2025», спэцыяльныя вучэньні з сіламі і сродкамі выведкі «Пошук-2025», а таксама матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня «Эшалон-2025».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі расказалі, калі адбудуцца супольныя з Расеяй вайсковыя вучэньні «Захад-2025»

У сярэдзіне кастрычніка ў Кіргізстане арганізуюць апэратыўны збор з камандаваньнем і камандна-штабнае вучэньне з падразьдзеламі калектыўных сіл хуткага разгортваньня Цэнтральнай Азіі «Рубеж-2025», а ў другой палавіне кастрычніка ў Таджыкістане правядуць вучэньні зь міратворчымі сіламі «Непарушнае братэрства-2025», якія зьвяжуць з антытэрарыстычнымі вучэньнямі СНД «Садружнасьць-Антытэрор-2025».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія адмовілася плаціць складку ў АДКБ
  • АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаў-сяброў». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
  • З 2024 году Армэнія замарозіла свой удзел у палітычных і вайсковых мерапрыемствах арганізацыі. Сёлета ў сакавіку Армэнія афіцыйна апавясьціла сакратарыят АДКБ, што ня будзе плаціць унёскі ў бюджэт АДКБ.