«Кібэрпартызаны» паказалі вынікі сваёй атакі на сайт Банку разьвіцьця Беларусі ў Дзень Волі

Так выглядаў сайт Банку разьвіцьця 25 сакавіка 2025 году

На сайце Банку разьвіцьця Беларусі 25 сакавіка зьявіўся каляж, прымеркаваны да Дня Волі. Вэб-старонку ўрадавай фінансавай установы дагэтуль ня могуць аднавіць.

Ілюстрацыя, разьмешчаная ўверсе сайту, была выкананая ў бел-чырвона-белым афармленьні. На ёй быў спокліч «Жыве Беларусь», выява гербу Пагоня, урывак з гімну Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Ня будзе спакою акупантам і карнікам народу Беларусі да нашай Перамогі», — заявілі ад імя суполкі. У паведамленьні таксама назвалі імя супрацоўніка банку, дзякуючы якому ўдалося атрымаць доступ да сайту.

Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь у чэрвені 2011 году заснавалі Савет міністраў і Нацыянальны банк Беларусі. Стваралі гэтую фінансавую ўстанову ў супрацы зь Міжнародным валютным фондам і Ўсясьветным банкам.

Пасьля падтрыманьня ўладамі Беларусі расейскай агрэсіі супраць Украіны Эўразьвяз і шэраг заходніх краін ўключылі банк у санкцыйныя сьпісы і адключылі яго ад SWIFT.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя банкі спынілі фінансаваньне інвэстпраектаў у Беларусі на 19 мільёнаў эўра, — Інстытут эканомікі НАН
  • «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных хакераў, зьявілася ў верасьні 2020 году.
  • Атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы дзяржаўных установаў і сілавых структураў Беларусі, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньню у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
  • Супольнасьць пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
  • Сваю дзейнасьць «Кібэрпартызаны» называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.