Расейскі бок адзначыў карысьць ад перамоваў з ЗША наконт вайны ва Ўкраіне

Украінскія ратаўнікі на месцы абстрэлу ў Сумах

Украінскія ратаўнікі на месцы абстрэлу ў Сумах

Перамовы прайшлі ў Эр-Рыядзе. Раней эфэктыўнасьць сваіх перамоваў з амэрыканцамі адзначылі ў Кіеве.

Амэрыканска-расейскія перамовы аб частковым спыненьні агню ўва Ўкраіне былі нялёгкімі, але карыснымі, заявіў сябра расейскай перамоўнай групы.

«Мы гаварылі пра ўсё, гэта быў інтэнсіўны дыялёг, нялёгкі, але вельмі карысны і для нас, і для амэрыканцаў, — заявіў 25 сакавіка расейскаму дзяржаўнаму агенцтву ТАСС Грыгорый Карасін. — Абмяркоўвалася шмат праблемаў».

Колішні намесьнік міністра замежных справаў Расеі Карасін заявіў, што амэрыканска-расейскія перамовы будуць працягвацца і што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і іншыя краіны будуць у іх уцягнутыя. Пра гэта ён гаварыў, не паведамляючы падрабязнасьцяў.

Яго камэнтар прагучаў пасьля 12-гадзінных перамоваў у Саудаўскай Арабіі. Пры гэтым акурат у часе перамоваў адбыўся расейскі ракетны абстрэл украінскага гораду Сумы, пацярпелі больш за 90 чалавек, у тым ліку 23 дзіцяці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі ўдарылі па Сумах, параненыя 74 чалавекі, у тым ліку 13 дзяцей

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў гэтую падзею прыкладам «стратаў, болю і разбурэньняў, чаго Ўкраіна ніколі не жадала». Зяленскі заявіў, што Расея — «адзіны бок, які працягвае гэтую вайну і мучыць як наш народ, так і ўвесь сьвет».

«Каб прымусіць Расею да міру, патрэбныя жорсткія захады і рашучыя дзеяньні», — сказаў ён у сваім начным відэазвароце. «Мы гатовыя падтрымаць кожную моцную ініцыятыву, якая робіць дыпляматыю больш эфэктыўнай».

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга назваў у допісе на X атаку на Сумы 24 сакавіка сьведчаньнем таго, што размовы Масквы пра мір былі «пустымі» заявамі.

«Масква кажа пра мір, наносячы жорсткія ўдары па густанаселеных жылых раёнах буйных гарадоў Украіны», — напісаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Ўкраіна правялі перамовы ў Саудаўскай Арабіі — украінскі бок ацаніў іх станоўча

Перамовы ў Саудаўскай Арабіі — частка намаганьняў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа дзеля спыненьня вайны ва Ўкраіне. Сустрэча паміж прадстаўнікамі ЗША і Расеі 24 сакавіка адбылася на наступны дзень пасьля асобных перамоваў паміж ЗША і Ўкраіны — таксама ў Саудаўскай Арабіі — якія Кіеў назваў «прадуктыўнымі».

Дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Лешчанка заявіў, што ўкраінская дэлегацыя застаецца ў Эр-Рыядзе і разьлічвае на паўторную сустрэчу з амэрыканцамі. У сваім начным звароце Зяленскі казаў, што прадстаўнікі Ўкраіны і ЗША сустрэнуцца зноў, але не ўдакладніў, калі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасланьнік Трампа прызнаў, што галоўная праблема ўрэгуляваньня вайны ва Ўкраіне — статус акупаваных Расеяй тэрыторыяў