У выведцы Ўкраіны паказалі, як выглядаюць дэталі ад беларускага заводу «Інтэграл» для расейскіх ракет

Беларускае прадпрыемства «Інтэграл», архіўнае фота

Беларускае прадпрыемства «Інтэграл», архіўнае фота

Усе дэталі былі знойдзеныя на тэрыторыі Ўкраіны ў рэштках ракет пасьля расейскіх удараў.

У вайсковай выведцы Міністэрства абароны Ўкраіны паказалі 6 запасных частак, вырабленых у Беларусі для расейскіх ракет Х-69, якімі з пачатку вайны расейскія войскі абстрэльваюць мірныя ўкраінскія гарады.

Дэталі, вырабленыя беларускім заводам «Інтэграл», выкарыстоўваюцца для аптычнай сыстэмы навядзеньня на цэль:

  • праграмаваны лічбавы сэнсар тэмпэратуры (зроблены ў ліпені 2022 году);
  • прыёмаперадавальнік манчэстэрскага коду (сьнежань 2022);
  • чатырохканальныя фармавальнікі з трыма станамі і інвэрсіяй на выхадзе (сакавік–красавік 2021 году);
  • васьміканальны двухнакіраваны прыёмаперадатчык з трыма станамі на выхадзе (чэрвень–ліпень 2020 году);
  • двайны прыёмаперадавальнік манчэстэрскага коду (сьнежань 2023 году);
  • інтэрфэйсны прыёмаперадавальнік зьвестак стандарту RS-485 (студзень 2024 году).

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Беларусі пачало публікаваць зьвесткі аб электронных кампанэнтах, зробленых у Беларусі для расейскай зброі, у чэрвені 2024 году. Тады сярод такіх беларускіх вытворцаў назвалі завод «Інтэграл» (Менск), ААТ «Радыётэхніка» (Ашмяны Горадзенскай вобласьці) і «СКБ Захад» (Берасьце).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выведцы Ўкраіны назвалі дэталі, якія вырабляюць у Беларусі і перадаюць Расеі для вайсковай тэхнікі

У студзені 2025 году ў расьсьледаваньні Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, падрыхтаваным з дапамогай міжнароднага Цэнтру дасьледаваньня арганізаванай злачыннасьці і карупцыі OCCRP, адзначалася: «Інтэграл» забясьпечыў 80% агульнага аб’ёму паставак беларускіх мікрасхемаў у Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як менскі «Інтэграл» абыходзіць санкцыі, каб вырабляць мікрасхемы для расейскіх ракет