Польшча хоча разьмясьціць супрацьпяхотныя міны на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Польшча хоча разьмясьціць супрацьпяхотныя міны на мяжы з Беларусьсю і Расеяй у рамках «Усходняга шчыта».

Пра гэта заявіў намесьнік міністра абароны краіны Павел Бэйда ў інтэрвію выданьню RMF24.

Журналіст задаў госьцю пытаньне аб спыненьні дзеяньня Атаўскай дамовы аб забароне ўжываньня супрацьпяхотных мінаў: «Чаму Польшча скасоўвае гэтую дамову?».

«У нас няма выбару. Сытуацыя на мяжы сур’ёзная. Я кажу пра польска-беларускую і польска-расейскую межы. Гэта будзе адзін з элемэнтаў „Усходняга шчыта“. Хачу сказаць, што ў нас ёсьць асьцярогі, якія мяжуюць з упэўненасьцю, што Беларусь ідзе сьледам за Расеяй. Што б ні сказаў Пуцін, Лукашэнка пагодзіцца. Зьвярніце ўвагу, зь якога боку была ўчыненая атака на Ўкраіну. З боку Беларусі. У нас няма супрацьпяхотных мінаў, але ёсьць магчымасьці іх вырабляць», — заявіў намесьнік кіраўніка Мінабароны Польшчы.

«Гэтым зоймуцца заводы Польскай збройнай групы, але я не хачу ўдавацца ў падрабязнасьці. Гаворка ідзе пра некалькі сотняў тысяч, нават пра мільён штук», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча і краіны Балтыі агучылі пляны выхаду з дамовы аб супрацьпяхотных мінах, спасылаючыся на пагрозу ад Расеі