Візыт да «старэйшага брата». Чаму спробы Лукашэнкі ўдзельнічаць у геапалітычных гульнях выглядаюць штучна

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Крамлі 13 сакавіка 2025

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Крамлі 13 сакавіка 2025

Хоць цяперашні статус візыту Лукашэнкі падвысілі да афіцыйнага, ён толькі пацьвердзіў, што вонкавая палітыка Беларусі ў асноўным зводзіцца да адносінаў з Расеяй. На гэтым тле спроба беларускага ўладара ўдзельнічаць у нейкіх вялікіх геапалітычных гульнях выглядае штучна.

Сьцісла:

  • Статус афіцыйнага візыту змазвае той факт, што на прэзыдэнцкую пасаду ў новай кадэнцыі Лукашэнка так і не ўступіў, бо не было інаўгурацыі.
  • Падчас адказаў на пытаньне расейскіх журналістаў Лукашэнка поўнасьцю атаясамліваў сябе з Расеяй, расейцамі, ужываючы займеньнікі «нас», «нам», «мы».
  • Адказы Лукашэнкі на пытаньне наконт перамір’я на фронце былі блытанымі і супярэчлівымі.
  • Лукашэнка ўсяляк імкнуўся спадабацца расейскай публіцы. Ён бэсьціў Эўропу, але спрабаваў не чапаць Трампа.


Абсалютная большасьць паездак Аляксандра Лукашэнкі ў Расею маюць статус рабочых візытаў. Гэтым разам шмат што памянялася. Цяпер статус візыту падвысілі, аб’явілі афіцыйным, каб надаць яму дадатковую важнасьць. Перамовам спадарожнічала прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікоў, што здараецца нячаста.

Падобна, усё гэта зроблена для таго, каб падкрэсьліць асаблівую значнасьць візыту. Гэта першая замежная паездка Лукашэнкі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. І ў гэтым яе сымбалічнасьць. Візыт адбываецца да галоўнага саюзьніка. Гэта дэманстрацыя замежнапалітычных прыярытэтаў афіцыйнага Менску.

Прычым, візыт не аднадзённы. Лукашэнка зьбіраецца быць у Маскве два, а можа і тры дні (ён казаў, што будуць мерапрыемствы заўтра, а можа і пасьлязаўтра).

Праўда, гэты статус афіцыйнага візыту змазвае той факт, што на прэзыдэнцкую пасаду ў новай кадэнцыі Лукашэнка так і не ўступіў, бо не было інаўгурацыі. Але ані беларускага, ані расейскага кіраўнікоў гэтыя працэдурныя тонкасьці не цікавяць.

Калі казаць пра іншыя асаблівасьці гэтага візыту, якія ўплываюць на парадак дня перамоваў, то варта зьвярнуць увагу на вонкавы кантэкст. Лукашэнка неаднаразова казаў, што гэты год для беларускай эканомікі будзе няпростым. І зьвязваў гэта наўпрост з праблемамі на расейскім рынку. Таму можна меркаваць, важнай тэмай перамоваў у Маскве стала апэляцыя да Ўладзіміра Пуціна з просьбай аб дапамозе, каб неяк зьмякчыць непрыемныя для Беларусі наступствы турбулентнасьці расейскай эканомікі.

Другая важная тэма, да якой цяпер прыцягнутая ўвага ўсяго сьвету – гэта пытаньне пра перамір’е ва Ўкраіне. Толькі што закончыліся перамовы амэрыканскай і ўкраінскай дэлегацый у Саудаўскай Арабіі, Кіеў пагадзіўся на перамір’е цягам 30 дзён. Усе чакаюць рашэньня Расеі. Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Стывен Уіткаф прыляцеў у Маскву на дзьве гадзіны пазьней Лукашэнкі, тут павінна адбыцца ягоная сустрэча з Уладзімірам Пуціным.

Можа так здарыцца, што пазыцыі Вашынгтона і Масквы адносна пытаньня перамір’я моцна разыдуцца. І тут Лукашэнка трапляе ў даволі далікатную сытуацыю.

З аднаго боку, ён дэманструе ўсялякую прыхільнасьць да плянаў Дональда Трампа спыніць вайну ва Ўкраіне, кажа, што гатовы стаць побач, увогуле імкнецца скарыстацца новымі падыходамі цяперашняй адміністрацыі ЗША, каб перазагрузіць беларуска-амэрыканскія дачыненьні. І ён жа ўвесь час заклікаў Зяленскага да міру.

Зь іншага боку, Лукашэнка ўжо тры гады выступае ў ролі «прэсавага сакратара Пуціна», усяляк дэманструе падтрымку Расеі, часта кажа тое, што зь нейкіх прычынаў ня хоча гаварыць расейскі прэзыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што заявілі Лукашэнка і Пуцін па выніках перамоваў

Падчас адказаў на пытаньні расейскіх журналістаў Лукашэнка поўнасьцю атаясамліваў сябе з Расеяй, расейцамі, ужываючы займеньнікі «нас», «нам», «мы»: «Яны ўжо нас ня зловяць… Час ужо нам галавой думаць… Мы ведаем, чаго нам трэба. Яны ведаюць, чаго мы хочам… Яны думаюць, што мы адмовімся… Нам сьпяшацца ня трэба». Разам з тым казаў ён і пра падтрымку «старэйшага брата» – Расеі.

Адказы Лукашэнкі на пытаньне наконт перамір’я на фронце былі блытанымі і супярэчлівымі. Калі паспрабаваць рэзюмаваць іх, то сэнс прыблізна такі: Украіна разьлічвае, што Расея адмовіцца ад перамір’я, таму «трэба, каб расейцы пагадзіліся».

Як звычайна, Лукашэнка ўсяляк імкнуся спадабацца расейскай публіцы. Ён бэсьціў Эўропу (Эмануэля Макрона, Урсулу фон дэр Ляен), прадказваў ёй «трубу», калі дамовяцца США і РФ, пахваліўся, што ў Беларусі вырабляюцца пускавыя ўстаноўкі для ракет «Арэшнік».

Аднак на старанна падрыхтаванай прэсавай канфэрэнцыі ўзьнікла нязручная сытуацыя. Журналістка зь беларускага афіцыйнага СМІ спытала, ці гатовая Расея ўлічваць інтарэсы Беларусі падчас мірных дамоўленасьцяў. Пуцін заявіў, што не разумее пытаньня, а Лукашэнка пасьпяшаўся сказаць, што «я на перамовы ня рвуся». Хоць раней шмат разоў нагадваў пра неабходнасьць удзелу Беларусі ў будучых мірных пагадненьнях па выніках вайны ва Ўкраіне. І гэтая сытуацыя вельмі добра ілюструе тое месца, якое Расея адводзіць Беларусі. То бок месца краіны, якую палітыка Лукашэнкі прывяла да страты міжнароднай суб’ектнасьці.

Візыт пацьвердзіў, што вонкавая палітыка Беларусі ў асноўным зводзіцца да адносінаў з Расеяй. На гэтым тле спроба Лукашэнкі ўдзельнічаць у нейкіх вялікіх геапалітычных гульнях выглядае штучна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея падтрымлівалі абраньне Трампа: «Дональд хоча спыніць вайну. Дзякуй яму за гэта»