У Беластоцкім унівэрсытэце зьявіўся новы кірунак — беларуская этнафілялёгія

Філалягічны факультэт Унівэрсытэту ў Беластоку адкрыў кірунак беларуская этнафілалёгія

Філалягічны факультэт Унівэрсытэту ў Беластоку адкрыў кірунак беларуская этнафілалёгія

Філялягічны факультэт Унівэрсытэту ў Беластоку адкрывае новы кірунак вочнай формы — беларуская этнафілялёгія. Набор на курс будзе ажыцьцяўляцца ўжо сёлета.

Спэцыяльнасьць «Беларуская этнафілялёгія» адрасаваная выпускнікам сярэдніх школаў Падляскага ваяводзтва Польшчы, а таксама кандыдатам зь Беларусі, якія пражываюць на Падляшшы.

«Беларуская этнафілялёгія — гуманітарная спэцыяльнасьць, якая прапануе ўнікальнае спалучэньне лінгвістычных, літаратурных і культурных ведаў, што дазволіць студэнтам набыць усебаковыя моўныя і культурныя кампэтэнцыі», — расказвае пра новы напрамак намесьніца дэкана ў навуцы і міжнародным супрацоўніцтве Філялягічнага факультэту Беластоцкага ўнівэрсытэту, доктар Бэата Пецыхна.

Студэнты будуць вывучаць беларускую мову, літаратуру і культуру, а таксама матэрыяльную і духоўную культуру Падляшша. Праграма навучаньня ўлічвае рэлігійную разнастайнасьць беларусаў, таму ў яе ўключаныя такія прадметы, як філязофская і рэлігійная думка і асобныя пытаньні візантыйскай культуры.

Адметнасьцю напрамку стане прадмет «Аналіз тэкстаў Вялікага Княства Літоўскага», зьвяртаюць увагу распрацоўнікі праграмы.

Навучаньне на спэцыяльнасьці «Беларуская этнафілялёгія» дазволіць у будучыні працаваць, між іншым, у сродках масавай інфармацыі, выдавецтвах, установах культуры ці дзяржаўных інстытуцыях. Пасьля атрыманьня кваліфікацыі настаўніка таксама можна будзе працаваць у школе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заяўкі падалі 11 абітурыентаў. Як у Кіеве вяртаюць набор на беларусістыку

Раней ва Ўнівэрсытэце Беластоку існавала катэдра беларускай філялёгіі філялягічнага факультэту.

У Варшаўскім унівэрсытэце з 1956 году дзейнічае катэдра беларусістыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаўскім унівэрсытэце прайшла канфэрэнцыя салідарнасьці з Алесем Бяляцкім. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навука на фоне палітыкі. 5 польскіх прафэсараў пра пэрспэктывы беларусістыкі ў Польшчы