Міністэрства, аўтобусны парк, хакейны клюб. Як кітайскія аўтобусы выцясьняюць у Беларусі прадукцыю МАЗу

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Беларускія ўлады абяцаюць ужо сёлета запусьціць новы завод МАЗ для вытворчасьці пасажырскага транспарту. Пры гэтым у Расеі беларускія аўтобусы гараць, а ў Беларусі купляюць кітайскія аналягі. Расказваем, якія пэрспэктывы ў новай вытворчасьці.

З 2023 году МАЗ пачаў рэканструкцыю аўтобуснага заводу і будаўніцтва новага вытворчага корпусу. Плянуецца, што тут будуць зьбіраць да 3 тысяч адзінак тэхнікі на год. Агульныя інвэстыцыі складаюць больш за 300 мільёнаў рублёў.

Згодна з анонсамі ўладаў, на новай вытворчасьці будуць выпускаць аўтобусы трэцяга пакаленьня. Першыя аўтобусы плянуюць пачаць выпускаць ужо сёлета, а на поўную загрузку новая вытворчасьць, якую ўлады называюць «новым заводам», мусіць выйсьці ў студзені наступнага году. Аднак ёсьць нюанс. Беларускія аўтобусы сталі страчваць ня толькі расейскі рынак, але і свой уласны. Расказваем, як гэта адбываецца.

Галоўная прахадная МАЗу, архіўнае фота

Галоўная прахадная МАЗу, архіўнае фота

Кітайскія вытворцы цясьняць «МАЗы» ў Беларусі

На турыстычных і міжнародных маршрутах у Беларусі ўсё часьцей можна заўважыць аўтобусы кітайскіх марак Higer і ZhongTong. У Бабруйску працуе фірма-пастаўшчык гэтых аўтобусаў «КітБізнэсАўта». З навінаў кампаніі вынікае, што кітайскія аўтобусы набываюць спартовыя клюбы, прыватныя кампаніі і дзяржаўныя перавозчыкі.

Напрыклад, летась у жніўні Баранавіцкі аўтобусны парк купіў ужо трэці аўтобус маркі Higer.

Некалькі прыватных фірмаў, як вынікае з сайта дыстрыб’ютара, купілі ўжо па другім і чацьвёртым аўтобусе кітайскай вытворчасьці. У 2021 годзе Міністэрства сельскай гаспадаркі купіла кітайскі аўтобус ZhongTong для патрэб Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі.

У тым жа годзе аўтобус ZhongTong за грошы заводу БМЗ купіў сабе хакейны клюб «Мэталюрг».

Усе гэтыя аўтобусы турыстычнай клясы. Паводле трэвэл-экспэрта, у мінулым уладальніка турыстычнага бізнэсу ў Беларусі Аляксандра Лібера, кітайскі варыянт для беларускіх турыстычных перавозчыкаў цяпер адзіны магчымы. Беларускіх аналягаў такіх аўтобусаў проста няма.

«Мне даводзілася вазіць групы і езьдзіць самому і на „МАЗах“, і на кітайскіх. „МАЗаў“ турыстычных не вырабляюць цяпер. Быў нейкі пэрыяд актыўнасьці вытворчасьці. Іх зрабілі, прадалі, пачалася эксплюатацыя. Далей куды яны падзеліся,- без паняцьця. Гарадзкія аўтобусы пасьпяхова гараць у Расеі, турыстычныя міжнародныя растварыліся ў агульнай масе і пра іх зусім не чуваць. Але яны не гараць дакладна», — адзначыў суразмоўца.

Лёзунг на тэрыторыі індустрыяльнага парку «Вялікі камень» пад Менскам, архіўнае фота

Таксама Аляксандар Лібер дадаў, што перавага кітайскіх аўтобусаў для турыстычных перавозчыкаў у іх даступнасьці.

«Кітайскія ў разы таньнейшыя за эўрапейскія — гэта раз. Эўрапейскія запчасткі легальна не купіць, а кітайскія можна — гэта два. На Кітай ёсьць лізінг — гэта тры», — дадаў суразмоўца.

МАЗ выпускаў турыстычныя аўтобусы МАЗ-241 (з 2013-га па 2018 год) і МАЗ-251 (з 2006-га па 2022 год). Зараз на сайце заводу іх няма, але можна знайсьці ў дылераў.

Новы турыстычны аўтобус МАЗ-350 беларускія вытворцы прадставілі на выставе «Иннопром-2023» у расейскім Екацерынбургу, аднак у лінейцы мадэляў на сайце заводу яго няма.

Гарадзкі «МАЗ» на вуліцы Менску, архіўнае фота

Што з продажам у Расеі і пры чым тут «вогненныя аўтобусы»

Расея — асноўны пакупнік беларускіх аўтобусаў. Аднак іх продажы ў Расеі падаюць. За мінулы год яны праселі на 45,5% у параўнаньні з 2023 годам. У 2024-м прадалі 504 аўтобусы, а ў 2023-м — 925. І калі два гады таму беларускія «МАЗы» ўваходзілі ў ТОП-4 вытворцаў-лідэраў на расейскім рынку, то цяпер занялі толькі 9-е месца. Гэта зьніжэньне адбылося на фоне агульнага росту расейскага рынку аўтобусаў: плюс 15% за мінулы год. А ў топ-5 разам з расейскімі вытворцамі PAZ, LIAZ, NEFAZ і VOLZHANIN трапіў кітайскі YUTONG.

Для такой статыстыкі ёсьць аб’ектыўны фактар: беларускія аўтобусы гараць як у Расеі, так і ў Беларусі. Летась у Расеі некалькі разоў загараліся аўтобусы беларускай вытворчасьці. Такія выпадкі здараліся ў Іжэўску, Саратаве, Санкт-Пецярбургу, Салехардзе. У чэрвені беларускі аўтобус гарэў у Ліпецку, у верасьні — у Яраслаўлі, у лістападзе — у Ленінградзкай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За месяц прадалі толькі 5 аўтобусаў і на 27% менш грузавікоў. Як Беларусь страчвае расейскі рынак

Былі такія інцыдэнты і ў Беларусі. 19 траўня аўтобус загарэўся на праспэкце Машэрава, 7 траўня — на трасе М1. У 2023 годзе ў Беларусі было мінімум 6 выпадкаў пажараў у аўтобусах.

Крыніца, знаёмая з сытуацыяй, расказала Свабодзе на ўмовах ананімнасьці, што праблемы зь якасьцю выкліканыя санкцыямі.

«У самім МАЗе дастаткова кітайскіх камплектных частак, нават рухавік Weichai кітайскі, а вось надзейнасьць і цана саступаюць кітайскім аўтобусам», — расказаў суразмоўца.

Да ўвядзеньня санкцый на беларускіх аўтобусах выкарыстоўваліся рухавікі Mercedes. Супольнасьць былых сілавікоў BelPol са спасылкай на дадзеныя засакрэчанага расьсьледаваньня беларускіх уладаў паведамляла, што гэта і ёсьць прычына тэхнічных праблем. Аўтобусы былі спраектаваныя менавіта пад рухавікі Mercedes, а зараз іх выкарыстаньне немагчымае праз санкцыі.

«Могуць задзейнічаць адміністрацыйны рычаг»

Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, кітайскія вытворцы могуць пасунуць беларускія «МАЗы» на айчынным рынку толькі ў нейкай ступені. Далей дзяржава можа прымусіць купляць беларускае.

Што да новай вытворчасьці, якую чыноўнікі называюць «новым заводам», то ўлады разьлічваюць на экспарт у лацінаамэрыканскія і афрыканскія краіны.

«Яны лічаць, што аўтобусы новага пакаленьня будуць больш запатрабаванымі, не выключаюць і расейскага рынку. Аднак на расейскім рынку яны не зусім добра сябе зарэкамэндавалі. Калі ж яны будуць арыентавацца толькі на расейскі рынак, то яго чакае зьніжэньне попыту», — кажа эканамістка.

Таксама ўлады разьлічваюць за кошт будаўніцтва новай вытворчасьці павысіць інвэстыцыйную актыўнасьць у Беларусі.

«Па выніку інвэстыцыйныя ўліваньні — гэта рост ВУП. Ёсьць шэраг праграм для стымуляваньня інвэстыцый і ў 2025 годзе, інвэстыцыі закладзеныя як адзін з драйвэраў росту ВУП. Аднак інвэстыцыі могуць быць эфэктыўнымі ці не, за гэтым мусіць ісьці добрая аддача — і тут можа ўзьнікнуць пытаньне з экспартам», — зазначае Лузгіна.

За мінулы год МАЗ зьбіраўся сабраць 1700 адзінак пасажырскай тэхнікі. Пасьля ўводу ў эксплюатацыю новай вытворчасьці плянуецца зьбіраць каля 3000 адзінак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія падсанкцыйныя прадпрыемствы актывізуюць супрацу з акупаванымі Расеяй украінскімі рэгіёнамі