Сьцісла:
- Перад урадам Галоўчанкі паўставалі даволі сур’ёзныя эканамічныя выклікі, і ў цэлым ён даў ім рады.
- Адметнасьць ураду Галоўчанкі — выключная другаснасьць.
- Апошнім часам можна назіраць усё большую апатыю ў асяродзьдзі чыноўнікаў.
- У блізкім часе могуць адбыцца зьмены ў кіраўніцтве Міністэрства замежных спраў.
- Дзеля таго каб «перагарнуць старонку», трэба замяніць аднаго чалавека, які такой замены зусім не жадае.
— Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў дзейны ўрад у адпаведнасьці з Канстытуцыяй склаў свае паўнамоцтвы. Цяпер павінен быць прызначаны новы ўрад. Якія адметнасьці меў урад Рамана Галоўчанкі, які пратрымаўся на гэтай пасадзе даволі доўга, чатыры з паловай гады? Чым ён адрозьніваўся ад іншых кабінэтаў часоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі?
— Я б адзначыла выключную другаснасьць гэтага ўраду. У ранейшых урадаў былі нейкія свае самастойныя функцыі. У гэтага на тле таго, што адбывалася ў Беларусі пасьля 2020 году, пытаньні заставаліся даволі другаснымі.
Ты прэм’ер-міністар у краіне, у якой адбываюцца масавыя пратэсты, потым рэпрэсіі, пазьней краіна фактычна пачала ўдзельнічаць у вайне. Але прэм’ер гэтага нібыта не заўважае.
Перад гэтым урадам паўсталі даволі сур’ёзныя эканамічныя выклікі, і ў цэлым ён даў ім рады. Мне здаецца, што ў гэтым кабінэце было некалькі чалавек зь ліку «крэпкіх гаспадарнікаў», як той жа Галоўчанка — якія ў іншых умовах маглі б аказацца зусім ня кепскімі прэм’ерамі і віцэ-прэм’ерамі. Але зьявілася і катэгорыя амбітных пустасловаў кшталту міністра адукацыі, якія любяць паўтараць, што ніякіх праблемаў няма, даўно ўсё вырашылі і гэтай далей.
Мне вельмі цікава было назіраць дыскусіі Галоўчанкі, да прыкладу, зь Міністэрствам адукацыі, калі прэм’ер кажа пра праблему інжынэрных кадраў, а міністар заяўляе, што такой праблемы няма. Вось гэты навык абмеркаваньня рэальных праблемаў, які быў у папярэднікаў, пачаў саступаць наратыву: «У нас усё добра, усе патрэбныя рашэньні прынятыя, усё выконваецца», і гэтак далей.
Раней вакол ураду былі незалежныя журналісты, якія задавалі нейкія сур’ёзныя пытаньні. Цяпер чыноўнікі існуюць у стэрыльным інфармацыйным полі. І мы нават ня ведаем, ці вялася нейкая дыскусія вакол пэўнай важнай праблемы. Можа, яна і абмяркоўвалася — але мы пра гэта ня можам ведаць.
— Тая «другаснасьць», пра якую вы гаворыце, — яна проста вынік адпаведнай палітычнай сытуацыі, якая склалася ў краіне пасьля 2020 году? Ці мог бы ў іншых абставінах і сам Галоўчанка, і ягоны ўрад раскрыцца па-іншаму, ня быць «другаснымі»?
— У свой час мы на Tut.by рабілі з Галоўчанкам інтэрвію, калі ён яшчэ быў амбасадарам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Кантактавалі зь ім вельмі нармальна, не было ніякіх капрызаў ці складанасьцяў, як гэта бывала зь іншымі чыноўнікамі («гэта не пытайцеся, на гэта ня буду адказваць»). Пры тым, што ААЭ былі вельмі далікатным і важным кірункам.
Агулам, думаю, патэнцыял у яго быў большы, чым ён выкарыстаў. Я, дарэчы, сумняюся, што Лукашэнка накіруе яго ў адстаўку — найхутчэй, ён будзе перапрызначаны. Магчыма, ва ўрадзе будуць зьмены — але наўрад ці гэта будзе прэм’ер-міністар.
Могуць адбыцца зьмены ў кіраўніцтве Міністэрства замежных спраў. Бо дзеяньні міністра Рыжанкова, ягоныя нэрвовыя пікіроўкі з Польшчай для многіх незразумелыя. Ты ж кіраўнік МЗС, для пікіровак ёсьць іншыя, «спэцыяльна навучаныя» людзі.
Часам у гэтай сыстэме незразумела, як зьмяніліся функцыі тых ці іншых ведамстваў. За што адказвае, напрыклад, Нацбанк — ужо не зразумела. МЗС — псуе адносіны з суседзямі. Сам Галоўчанка ўдзельнічае ў кулінарных шоў і расказвае пра бульбу, якую ён сам ня есьць.
— Якую ролю і вагу мае ўрад у сёньняшняй уладнай сыстэме ў параўнаньні зь сілавікамі і Адміністрацыяй прэзыдэнта? Ці ёсьць у яго свабода дзеяньняў хаця б у эканоміцы?
— Мяркую, што эканамічныя пытаньні вырашае ўрад. Сілавікі ніколі не паглыбляліся і ня будуць паглыбляцца ў гэтыя нюансы. Ці ходзіць нехта з ураду да Лукашэнкі, каб пераканаць яго ў нейкіх рашэньнях, — гэта мне невядома. Ведаю, хто раней мог гэта рабіць. Але зараз — невядома, ці ўвогуле ёсьць такія асобы. Мне паведамлялі, што «доступ да галоўнага» робіцца ўсё больш складаным.
Зь іншага боку, бачу ўсё большую апатыю сярод чыноўнікаў. Нават у тэкстах выступаў супрацоўнікаў Нацбанку, дзе традыцыйна заўсёды называліся праблемныя пункты, — зараз галоўны матыў: «Усё неяк ідзе, ну і ладна».
— Галоўчанка быў прызначаны прэм’ерам 4 чэрвеня 2020 году, за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў. Ці можна казаць, што Лукашэнка зьняў тагачаснага прэм’ера Сяргея Румаса, бо ня верыў у ягоную безумоўную ляяльнасьць?
— Галоўчанка са сваёй роляй справіўся някепска: выканаў усе пастаўленыя яму задачы. Але што мог зрабіць Румас у жніўні 2020 году? Наўрад ці ён мог «спыніць цягнік». У гэтай сыстэме своечасова сысьці даволі складана. Так што мне самой было б цікава пачуць гэтую гісторыю — як сыходзіў Румас.
— Цяпер у адпаведнасьці з працэдурай будзе прызначаны новы ўрад. Ці будуць перад ім пастаўленыя нейкія новыя задачы і прыярытэты, ці ўсе кадры пераважна застануцца на сваіх месцах?
— Задачы даўно пастаўленыя: «Трымацца, ані кроку назад». Ніякіх новых задач не зьявілася.
— Лукашэнка ж заклікае «перагарнуць старонку». Але для гэтага трэба кагосьці замяніць?
— Дзеля гэтага трэба было б замяніць аднаго чалавека, які такой замены ніяк не жадае. Бо акрамя яго, генэральнага пракурора Шведа ды іншых сілавікоў — усе астатнія зусім не перашкаджалі б «перагортваньню старонкі».
Дзеля «перагортваньня старонкі» неабходна спыніць машыну рэпрэсіяў. А гэтага не адбываецца. Дзеяньні ўладаў штодня сьведчаць пра адно: «Мы працягваем, нічога ня скончылася».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ўзначаліць Беларусь пасьля Лукашэнкі? Вялікае апытаньне СвабодыГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што спадзяецца на супрацу з Захадам і ЗША і вядзе зь імі перамовы