Ужо сёньня: 100 гадоў таму заснаваны Бярэзінскі запаведнік

 Бярэзінскі біясфэрны запаведнік

Бярэзінскі біясфэрны запаведнік

Падзеі 30 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

30 студзеня 1925 году быў заснаваны Бярэзінскі біясфэрны запаведнік — жамчужына Беларускага Паазер'я, адна з найстарэйшых прыродаахоўных тэрыторый самага высокага рангу ў Беларусі, якая атрымала сусьветную вядомасьць як эталён некранутай прыроды ня толькі СНД, але і ўсёй Эўропы.

Асаблівасьць запаведніка — суседзтва адразу 4 тыпаў экасыстэм: густых лясоў, рэк, лугоў і гразкай дрыгвы. Каля 60% тэрыторыі рэзэрвату пакрываюць балоты. Яны — частка бясцэннага прыроднага багацьця Беларусі, дзякуючы якому краіну называюць «лёгкімі Эўропы». Таксама гэта адзінае месца ў Беларусі (і ня толькі), якое насяляе знакамітая Вялікая эўрапейская пяцёрка буйных млекакормячых — зубар, мядзьведзь, лось, воўк і рысь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ступіць у балота, альбо 7 адметных тураў у беларускую прыроду

Таксама ў гэты дзень

1922 — у Менску быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), першая ў Беларусі вышэйшая шматгаліновая навукова-дасьледчая ўстанова. Тут працавалі Янка Купала, Аркадзь Смоліч і Ўсевалад Ігнатоўскі. У 1928 годзе Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук.

Навуковая камісія Інстытуту беларускай культуры (Інбелкульту), 1922 год, Менск

Навуковая камісія Інстытуту беларускай культуры (Інбелкульту), 1922 год, Менск

1946 — у Менску паводле судовага прысуду публічна павесілі 14 нацысцкіх афіцэраў.

1972 — ангельскія дэсантнікі застрэлілі 13 ірляндзкіх дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць брытанскага кіраваньня ў Паўночнай Ірляндыі. У 2010 годзе прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран папрасіў прабачэньня ад імя дзяржавы.

1975 — у Менску адкрыўся кінатэатар «Кастрычнік».

Кінатэатар «Кастрычнік» у Менску

1992 — Беларусь прынялі ў Арганізацыю бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ).

2023 — у продаж паступіла кніга Карнея Чукоўскага «Добры доктар БудзьЗдароў», пераклад якой на беларускую зрабіў у турме Андрэй Скурко.

У гэты дзень нарадзіліся

1833Апалінар Гараўскі, беларускі пэйзажыст.

1882Франклін Дэлана Рузвэльт, 32 прэзыдэнт ЗША.

Франклін Рузвэльт, сьнежань 1941

1895 Кірыла Арлоўскі, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Заходняй Беларусі і падчас Другой усясьветнай вайны.

1921Іван Шамякін, беларускі пісьменьнік.

Іван Шамякін у сваёй роднай вёсцы Карма Добрускага раёну

1923Леанід Гайдай, савецкі кінарэжысэр.

Леанід Гайдай і Юры Нікулін

1935Эрнст Ляўкоў, беларускі навуковец, геоляг і краязнаўца, аўтар кнігі пра культавыя валуны Беларусі, адзін з стваральнікаў Парку валуноў у Менску.

У памяці

1649 — падчас Ангельскай рэвалюцыі пакараны сьмерцю кароль Карл І Ст’юарт.

1948 Махатма Гандзі, лідэр індыйскага нацыяналізму.

Махатма Гандзі

«Спачатку яны ігнаруюць цябе, пасьля сьмяюцца. Пасьля яны бʼюць цябе, пасьля ты перамагаеш».