Пагрозай бясьпецы ў Літве летась прызналі 598 беларусаў і 125 расейцаў

Беларускі і літоўскія сьцягі ў Вільні. Архіўнае фота

Беларускі і літоўскія сьцягі ў Вільні. Архіўнае фота

Зьвесткі апублікаваў Дэпартамэнт міграцыі Літвы.

У Дэпартамэнце міграцыі Літвы паведамілі, што ў мінулым годзе 598 беларусаў і 125 расейцаў былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бясьпецы Літвы, паведамляе партал Delfi.lt са спасылкай на зьвесткі Дэпартамэнту міграцыі краіны.

Паводле падлікаў ведамства, летась 179 з 598 беларусаў, якія нясуць пагрозу, ня выдалі часовага дазволу на жыхарства ў Літве, 232 — не працягнулі дзеяньне гэтага дакумэнту.

Па ініцыятыве Дэпартамэнту міграцыі скасавалі літоўскія дазволы на жыхарства 175 грамадзян Беларусі.

Яшчэ траім беларусам ня выдалі пастаяннага дазволу на жыхарства ў Літве, а дзевяцёх пазбавілі гэтага дакумэнту.

Усім гэтым людзям забаронены ўезд у Літву.

На пачатак 2025 году ў Літве налічылі 57,5 тысячы грамадзян Беларусі зь дзейным дазволам на жыхарства ў краіне. За год іх колькасьць скарацілася на 4656 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «12 гадоў таму працаваў у МНС — значыць, ляяльны да ўладаў». Як беларус судзіцца за права жыць зь сям’ёй у Літве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год колькасьць беларусаў, якія маюць ДНЖ у Літве, скарацілася на некалькі тысяч чалавек