Установы ФСБ будуць рыхтаваць супрацоўнікаў для памежнай службы Беларусі

Афіцэр Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Афіцэр Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі. Ілюстрацыйнае фота

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі тэкст пратаколу, які падпісалі 29 лістапада 2024 году ў Маскве Фэдэральная служба бясьпекі Расеі і Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі аб супрацы ў сфэры падрыхтоўкі кадраў.

Дакумэнт прадугледжвае парадак прыёму беларускіх памежнікаў для навучаньня ва ўстановах ФСБ Расеі.

Згодна з дамоўленасьцямі, бакі да 1 лістапада будуць вызначаць колькасьць навучэнцаў, патокі навучаньня, умовы і тэрміны навучаньня, а таксама парадак кампэнсацыі выдаткаў.

Адбор будзе ажыцьцяўляць беларускі бок на падставе стану здароўя прэтэндэнтаў, іх псыхалягічных і псыхафізычных якасьцяў, а таксама ўзроўню валоданьня расейскай мовай, які «павінен дазваляць забясьпечваць засваеньне навучэнцамі адукацыйных праграм безь перакладчыка».

У той жа час дакумэнт прадугледжвае, што ў Расеі беларускія памежнікі будуць праходзіць дадатковую мэдычную камісію, а калі па стане здароўя або зь іншых прычын іх не дапусьцяць да навучаньня, то будуць павінны вярнуцца ў Беларусь.

На навучаньне ў Расею будуць прымацца супрацоўнікі ва ўзросьце да 25 гадоў (па асноўных адукацыйных праграмах), а па іншых узроставыя абмежаваньні мусіць вызначаць беларускі бок.

Па агульных праграмах навучаньне будзе бясплатнае, а па дадатковых — за кошт Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вальфовіч заявіў аб ліквідацыі беларускага асяродку «ўкраінскай анархічнай арганізацыі», пра якую раней вядома не было

ФСБ Расеі — асноўная пераемніца КДБ СССР. Цяпер гэта орган выканаўчай улады, які ажыцьцяўляе дзяржаўнае кіраваньне ў галіне бясьпекі дзяржавы, барацьбы з тэрарызмам, абароны і аховы дзяржаўнай мяжы, аховы ўнутраных марскіх водаў, а таксама каардынуе контравыведную дзейнасьць.