Беларусь вядзе перамовы з Кітаем аб атрыманьні льготнага крэдыту

Беларускі і кітайскі дзяржаўныя сьцягі. Ілюстрацыйнае фота

Беларускі і кітайскі дзяржаўныя сьцягі. Ілюстрацыйнае фота

Летась Кітай інвэставаў 300 мільёнаў юаняў (крыху больш за 40 мільёнаў даляраў у эквіваленце) на рэалізацыю двух праектаў на тэрыторыі індустрыяльнага парку «Вялікі камень» у Беларусі.

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову ўраду, якой зацьвердзілі праект рамачнай дамовы з Кітаем аб выдзяленьні кітайскім урадам ільготнага крэдыту для Беларусі.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, на правядзеньне перамоваў упаўнаважылі Міністэрства фінансаў Беларусі.

Ніякіх дадатковых зьвестак — пра аб’ём і ўмовы крэдыту — у пастанове не паведамляецца.

27 студзеня старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку, каб павіншаваць яго «зь пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта».

У віншаваньні, апублікаваным на афіцыйным сайце МЗС КНР, Сі Цзіньпін заявіў, што гатовы далей супрацоўнічаць з Лукашэнкам «для працягу традыцыйнай дружбы паміж дзяржавамі, паглыбленьня ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і садзейнічаньня далейшаму разьвіцьцю кітайска-беларускіх дачыненьняў на карысьць народаў дзьвюх краін».

Асобна лідэр КНР адзначыў «плённыя вынікі» ў супольным будаўніцтве «Аднаго пояса, аднаго шляху» — гэта вялікі інфраструктурны праект Кітаю, скіраваны на прасоўваньне кітайскай прадукцыі ў Эўропу, ён быў завязаны на памежныя пераходы Беларусі і Польшчы.

Празь мігранцкі крызіс, распачаты на беларускім участку мяжы з Польшчай, польскія ўлады закрылі шэраг пунктаў пропуску. Гэтую тэму польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда абмяркоўваў у чэрвені 2024 году ў Шанхаі зь лідэрам КНР Сі Цзіньпінам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дуда: гібрыдная атака на мяжы зь Беларусьсю перашкаджае партнэрству Польшчы з Кітаем

Летась Кітай інвэставаў 300 мільёнаў юаняў (крыху больш за 40 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС) на рэалізацыю двух праектаў на тэрыторыі індустрыяльнага парку «Вялікі камень»: па будаўніцтве другога жылога арэнднага комплексу і ўкараненьні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій.

Індустрыяльны парк «Вялікі камень» мае асаблівы праўны рэжым і падатковыя льготы. Парк вырашылі пабудаваць у 2011 годзе, у 2014-м зарэгістравалі першага рэзыдэнта. Гэты праект разьлічаны на выкарыстаньне транспартна-лягістычных магчымасьцяў Беларусі, але ад 2020 году застаецца пад пытаньнем з прычыны палітыкі беларускіх уладаў, якая ўскладніла адносіны з Захадам пасьля выбараў прэзыдэнта і жорсткага разгону акцый пратэсту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай выдзеліць Беларусі 300 мільёнаў юаняў на два праекты ў парку «Вялікі камень»