На пачатку ўрачыстага мерапрыемства, якое адбылося 8 студзеня ў Варшаве, Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што ўсе ўганараваныя асобы зрабілі «непаўторны ўнёсак у беларуска-польскія адносіны».
«Мы, беларусы і палякі, маем доўгую гісторыю супольнай барацьбы за свабоду і незалежнасьць... Але я ўпэўненая, што галоўная перамога яшчэ наперадзе. У гэтай перамогі будзе свой дзень — дзень, калі Беларусь і Польшча стануць суседзямі ў Эўразьвязе. Сёньня мы ўручаем узнагароды ад імя АПК людзям, якія зрабілі вельмі шмат для таго, каб наблізіць гэты дзень», — адзначыла беларуская дэмакратычная лідэрка і пасьля сваёй прамовы ўручыла ўзнагароды.
Так, мэдалём Францыска Скарыны, які ўручаецца грамадзянам за працу ў галіне навукі, адукацыі і культуры, а таксама за выдатныя заслугі ў прафэсійнай дзейнасьці і значны асабісты ўклад у разьвіцьцё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу беларускага народу, Ціханоўская ўзнагародзіла:
- Эльжбету Смулкову — мовазнаўцу-славістку, беларусістку, першую амбасадарку Польшчы ў Беларусі;
- Уладзімера Някляева (ён не прысутнічаў на мерапрыемстве) — беларускага паэта, празаіка і грамадзка-палітычнага дзеяча.
«Гэта ўзнагароджаньне, якое для чалавека майго ўзросту мае сапраўды вялікае значэньне, — падкрэсьліла Эльжбэта Смулкова ў словах падзякі. — Усё сваё навуковае і сацыяльнае жыцьцё я працавала так, як лічыла патрэбным; так, як трэба. Я не магла сабе ўявіць, што ў такім позьнім узросьце, праз шмат гадоў навуковай дзейнасьці, можна яшчэ мець кантакт зь месцам сваёй цікавасьці і што вы хацелі гэта ацаніць».
Прафэсар Смулкова дадала, што калі зьявіцца магчымасьць быць карыснай для Беларусі, яна з задавальненьнем зробіць усё неабходнае.
«Акрамя сяброўства і прызнаньня соцень маладых беларусаў, гэта першая дзяржаўная ўзнагарода, якую я атрымаў ад Беларусі» — зазначыў Ян Маліцкі, прафэсар, дырэктар Цэнтру ўсходнеэўрапэйскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Яго, а таксама Робэрта Тышкевіча, польскага палітыка, выдаўцу, і Мацея Радзівіла — грамадзкага дзеяча, фінансіста, мэцэната, Ціханоўская ўзнагародзіла мэдалём «За плённую працу на карысьць Беларусі», якім адзначаюцца асобы без беларускага грамадзянства за выбітныя дасягненьні ў прафэсійнай і грамадзкай дзейнасьці на карысьць беларускага народу і беларускай дзяржавы ў сацыяльнай, эканамічнай, культурнай і палітычнай сфэрах.
«Хацеў бы шчыра падзякаваць беларусам Падляшша за тое, што мяне навучылі лепш гаварыць пра Беларусь. Бо каб любіць Беларусь, трэба ведаць беларусаў. Я меў такое шчасьце, — сказаў Робэрт Тышкевіч. — Я б хацеў падзякаваць усім нязломным беларусам — тым, якія зараз у турмах, і тым, якіх я сустрэў праз 35 гадоў пасьля таго, як першы раз прыехаў у Менск. І ўсім тым, каго сустрэў за ўвесь гэты час на сваім шляху. Усім, з кім на працягу 18 гадоў працаваў над Парлямэнцкай групай у справах Беларусі. І хацеў бы пад канец падзякаваць табе, спадарыня Сьвятлана. За тое, што чатыры гады таму ты абудзіла гэтую веру ў вольную Беларусь і надала ёй зусім новае вымярэньне».
Мэдалём «Гонар і годнасьць», якім ушаноўваюцца асобы, якія праявілі выключную адданасьць у барацьбе за свабоду, нацыянальныя каштоўнасьці, дэмакратыю і правы чалавека і страцілі ў гэтай барацьбе сваё жыцьцё, Сьвятлана Ціханоўская адзначыла Андрэя Янушкевіча — беларускага гісторыка, выдаўца, дырэктара выдавецтва «Янушкевіч»
Ён, у сваю чаргу, падзякаваў беларускім чытачам, беларускім пісьменьнікам, перакладчыкам, рэдактарам і ўсім тым спэцыялістам, дзякуючы якім кнігі зьяўляюцца на сьвет.
У камэнтары «Свабодзе» Ціханоўская падкрэсьліла, што ўсе ўручаныя ўзнагароды спэцыяльна распрацаваныя беларускімі дэмакратычнымі сіламі з мэтай ушаноўваць тых, хто ўносіць пазытыўны ўклад у беларусізацыю.
«Імі мусяць быць адзначаныя тыя, хто вельмі шмат працаваў тады і цяпер, умацоўваў нашу культурную ідэнтычнасьць і мову. Вельмі шмат зьмянілася, але людзі тут, я маю на ўвазе польскую супольнасьць, умацоўвалі нашу беларушчыну. Ня кожны ў Беларусі гэта рабіў, і вельмі важна гэта падтрымліваць. Для мяне гэта мае вялікае значэньне, і ганаровым ляўрэатам таксама гэта вельмі важна і прыемна», — падсумавала Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Добраахвотнікі палка Каліноўскага атрымалі ва Ўкраіне дзяржаўныя ўзнагароды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АПК узнагародзіў Вячорку, Някляева, Смулкову, Сурвілу, Шупу і іншых за ўнёсак у захаваньне і папулярызацыю беларускай мовы