У 2018–2023 гадах Беларусь пакінулі больш за 210 тысяч працаздольных грамадзян, — «Кібэрпартызаны»

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

З 2018 па 2023 год Беларусь пакінулі 211 286 грамадзян працаздольнага ўзросту, вынікае са статыстыкі, якую апублікавала група ананімных хакераў, аб'яднаных у ініцыятыву «Кібэрпартызаны».

Адзначаецца, што зьвесткі атрыманыя «па адрасах рэгістрацыі/пражываньня ўнутры краіны, а таксама па выездах зь Беларусі на сталае месца жыхарства».

Паводле зьвестак, атрыманых «Кібэрпартызанамі», за гэты пэрыяд Беларусь пакінула наступная колькасьць асобаў працаздольнага ўзросту:

  • у 2018 годзе — 26 222 чалавекі,
  • у 2019 годзе — 27 299 чалавек,
  • у 2020 годзе — 25 430 чалавек,
  • у 2021 годзе — 35 432 чалавекі,
  • у 2022 годзе — 52 635 чалавек,
  • у 2023 годзе — 44 268 чалавек.

У выбарку ўключаныя грамадзяне Беларусі працаздольнага ўзросту, якія на працягу аднаго каляндарнага году звольніліся, пакінулі Беларусь і не вярнуліся. У статыстыку ня ўключаныя непаўналетнія, пэнсіянэры, а таксама шэраг грамадзян працаздольнага ўзросту, якія

  • звольніліся, але не пакінулі Беларусь у тым жа годзе;
  • працавалі неафіцыйна або паводле грамадзянска-прававых дамоваў;
  • выехалі, але прыяжджалі ў Беларусь у тым жа годзе;
  • пакінулі Беларусь, але працягвалі працаваць на беларускага працадаўцу;
  • тыя, хто выехаў не праз афіцыйныя пункты пропуску (напрыклад, у Расею).

«Рэжым імкнецца пайменна весьці сьпісы айцішнікаў і мэдработнікаў, якія выехалі. Таксама рэгулярна падводзяць статыстыку, колькі ў Беларусі засталося працаўнікоў у сфэры IT, мэдыцыны, будаўніцтва, перавозак. Падобна да таго, моцна турбуе прыкарытнікаў сытуацыя ў гэтых галінах», — адзначаецца ў паведамленьні ініцыятывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бюджэтным арганізацыям Беларусі дазволілі скарачаць штат і даплочваць работнікам за дадатковую працу
  • За апошні год беларуская эканоміка, паводле афіцыйных зьвестак Белстату, страціла 20 тысяч работнікаў. У лістападзе 2024-га на рынку працы было занята 4 млн 120,5 тыс. чалавек — на 0,48% менш, чым год таму (4 млн 140,5 тыс.).
  • Аляксандар Лукашэнка назваў «задачай нумар адзін» не дапускаць адтоку эканамічна актыўнага насельніцтва з рэгіёнаў — такую заяву ён зрабіў 16 лістапада ў Клімавічах на абласным сьвяце «Дажынкі». Пры гэтым ён адзначыў, што «працаваць жадаюць далёка ня ўсе», і папярэдзіў: «Рыхтуйцеся, бамжоў, дармаедаў у краіне ня будзе, усе павінны варушыцца, працаваць».
  • Каля 500–600 тысяч чалавек пакінулі Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году паводле стану на пачатак 2024 году — да такой высновы прыйшоў незалежны сацыёляг, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў, абапіраючыся на даступныя статыстычныя зьвесткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў 2020 году Беларусь пакінула каля 6-7% насельніцтва краіны, — сацыёляг Коршунаў