Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth 8 студзеня разьмясьціў дзьве выявы Паўночнай Амэрыкі, на якіх ЗША і Канада намаляваныя як адзіная дзяржава.
Допісы Трампа былі апублікаваныя неўзабаве пасьля таго, як у сацыяльнай сетцы Х Лібэральнай партыі Канады, якую да нядаўняга часу ўзначальваў прэм’ер-міністар краіны Джастын Трудо, зьявілася карцінка з мапай паўночнаамэрыканскага кантынэнта, на якім Канада падпісаная як «Ня Злучаныя Штаты».
Сам Джастын Трудо напярэдадні напісаў у сацсетцы Х, што «няма ні найменшага шанцу», што Канада ўвойдзе ў склад ЗША.
«Няма ні найменшага шанцу, што Канада стане часткай Злучаных Штатаў. Рабочыя і супольнасьці ў абедзьвюх нашых краінах выйграюць ад таго, што зьяўляюцца найбуйнейшымі партнэрамі ў гандлі і сфэры бясьпекі адна для адной», — гаворыцца ў паведамленьні Трудо.
У камэнтарах да гэтага паста Ілан Маск, мільярдэр і патэнцыйны кіраўнік новай структуры — камісіі па эфэктыўнасці працы ўраду ў адміністрацыі Трампа, абразіў канадзкага прэм’ера, назваўшы яго дзяўчынкай.
«Дзяўчынка, ты больш не губэрнатар Канады, так што ня важна, што ты кажаш», — напісаў у сацсетцы Х Ілан Маск.
Джастын Трудо займае прэм’ер-міністра Канады з 2015 году, але 6 студзеня ён заявіў, што мае намер пайсьці ў адстаўку пасьля таго, як будзе абраны новы лідэр ягонай Лібэральнай партыі.
Раней Трамп назваў канадзкага прэм’ера «губэрнатарам Трудо», а таксама напісаў у сацсетцы Truth Social, што «калі б Канада аб’ядналася з ЗША», абедзьве дзяржавы выйгралі б.
Трамп неаднойчы казаў, што Канада павінна стаць 51-м штатам ЗША. Ён таксама прапаноўваў Трудо стаць «губэрнатарам» новага штату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра адстаўку Трудо і Канаду як «51-ы штат ЗША»