Шклянка малака ў дзень можа істотна зьменшыць рызыку раку кутніцы. Але дапамагае ня толькі малако

Ілюстрацыйнае фота

Калі выпіваць штодня вялікую шклянку малака, рызыка раку кутніцы (прамой кішкі) можа зьменшыцца на 17 адсоткаў, паказвае нядаўняе вялікае дасьледаваньне пра сувязь харчаваньня і гэтай хваробы.

Гаворка ня толькі пра малако, але і пра іншыя прадукты, якія зьмяшчаюць кальцый. Паводле дасьледаваньня, якое цытуе брытанскае выданьне The Guardian, дадатковыя 300 міліграмаў кальцыю на дзень на 17% зьмяншаюць імавернасьць раку кутніцы, незалежна ад харчовай крыніцы.

«Гэтае ўсёахопнае дасьледаваньне дае надзейныя доказы таго, што малочныя прадукты могуць дапамагчы перадухіліць рак кутніцы, у асноўным дзякуючы кальцыю, які ў іх зьмяшчаецца», цытуе The Guardian старшага харчовага эпідэміёляга ў Оксфардзкім унівэрыстэце, доктарку Керэн Пап’е, якая была галоўнай аўтаркай дасьледаваньня.

«Высьветлілася, што кальцый мае падобны эфэкт і з малочных, і зь немалочных крыніц, і гэта дае падставы лічыць, што ён зьяўляецца галоўным фактарам, які зьмяншае рызыку», — дадала яна.

Рак кутніцы — гэта трэцяя галоўная прычына сьмерці ў сьвеце. Штогод фіксуецца каля 2 мільёнаў выпадкаў хваробы і каля аднаго мільёна сьмерцяў ад яе. Пры гэтым хваробу ўсё часьцей знаходзяць у маладых людзей.

Зьменшыць рызыку хваробы можна, падтрымліваючы здаровую вагу, харчуючыся з большай колькасьцю клятчаткі, абмежаваўшы спажываньне алькаголю, займаючыся фізычнымі практыкаваньнямі і адмовіўшыся ад курэньня. Дыета тут асабліва важная, бо адзін зь пяці выпадкаў хваробы зьвязваюць з празьмернай колькасьцю спажываньня чырвонага ці перапрацаванага мяса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 парадаў, якія дапамогуць вам здарова харчавацца ў 2025 годзе