Былы палітвязень Судаленка пракамэнтаваў відэа з Бабарыкам

Праваабаронца Леанід Судаленка

Былы палітзьняволены, праваабаронца Леанід Судаленка пракамэнтаваў сьвежыя фота і відэа з палітвязьнем Віктарам Бабарыкам з наваполацкай калёніі, апублікаваныя 8 студзеня.

«Выглядае Віктар Дзьмітрыевіч стомленым, але не да канца зламаным. Для чалавека, якому ўжо за 60 і якому на галаву зваліліся такія выпрабаваньні, я сказаў бы, норм. Паголены, пастрыжаны, гузік зашпілены — зьнешні выгляд там патрабаваньне рэжыму», — напісаў праваабаронца ў Фэйсбуку.

Паводле Леаніда Судаленкі, гадзіньнік, які некаторыя заўважылі на руцэ ў Віктара Бабарыкі, «дазваляюць усім і на любы густ, не было ніколі ў палітычных з гэтым праблем». А вось новенькая з шкломатэрыялу «роба» ці «кліфт», як яго там завуць, — паводле Судаленкі, гэта «сапраўды паказуха для фота».

«У такіх незасьціраных кліфтах хіба што ў карантыне пасьля этапу першы тыдзень вязьні так выглядаюць. Ды і жоўтая бірка экстрэміста, па ўсім відаць, прышыта сьпехам», — заўважыў праваабаронца.

Памяшканьне, у якім здымалі відэа, паводле Судаленкі, — гэта, верагодна, пакой псыхоляга ў лягерным клюбе ці нешта падобнае да таго.

«Тое, што змог прамовіць Віктар Дзьмітрыевіч, прапаную не абмяркоўваць, бо ў закладнікаў няма выбару. Уражаньні? Выглядае як карцінка для ЗША — купляйце хутчэй, пакуль жывы і здаровы...» — падсумаваў Леанід Судаленка.

8 студзеня праўладны блогер Раман Пратасевіч апублікаваў відэа, якое палітзьняволены Віктар Бабарыка запісаў для сваіх родных, а таксама некалькі фатаздымкаў Віктара Бабарыкі.

На фота і відэа відаць, як Бабарыка нешта піша на паперы. Пратасевіч патлумачыў, што прывёз Віктару Бабарыку ў Наваполацкую калёнію № 1 лісты ад родных, забраў ад яго ліст у адказ і запісаў ягоны відэазварот да сваякоў на волю. На фота і відэа відаць, што на Бабарыку жоўтая бірка «схільнага да экстрэмісцкіх дзеяньняў». Відаць таксама, што ён моцна схуднеў.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», Віктара Бабарыку трымалі ў рэжыме інкамунікада з 5 лютага 2023 году. Была інфармацыя пра яго тэрміновую шпіталізацыю ў красавіку 2023 году. Ён адбывае пакараньне ў калёніі № 1 у Наваполацку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся фота і відэа палітвязьня Віктара Бабарыкі. Вестак ад яго не было амаль два гады
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паплечнікі Віктара Бабарыкі адрэагавалі на ягоны выхад з рэжыму інкамунікада: «Жывы!»