Каляды паводле юльянскага календара былі найцяплейшымі ў Беларусі за ўсю гісторыю назіраньняў

Ілюстрацыйнае фота

7 студзеня ў Беларусі зафіксаваны тэмпэратурны рэкорд дня за ўвесь пэрыяд мэтэаназіраньняў.

Тэмпэратурны рэкорд дня за ўвесь пэрыяд інструмэнтальных мэтэаназіраньняў зафіксавалі 7 студзеня ў Беларусі, сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамэту.

У Пінску паветра прагрэлася да 9 градусаў цяпла. Ранейшы максымум пратрымаўся 37 гадоў (+8,9 градуса ў 1988 годзе ў Лельчыцах). У самым Пінску перапісаны рэкорд дня роўна 50-гадовай даўнасьці (+7,5 градуса 7 студзеня 1975 году).

Перавышаны экстрэмум таксама на мэтэастанцыі «Палеская» ў Лунінецкім раёне (+7,4 супраць +6,9 у 2007 годзе).

Першыя тэмпэратурныя рэкорды 2025 году былі адзначаныя 2 студзеня. Лякальныя максымумы абнавіліся на шасьці мэтэастанцыях.

8–10 студзеня Белгідрамэт прагназуе цёплае для гэтай пары надвор’е зь дзённымі тэмпэратурамі да 7 градусаў вышэй за нуль. 11 студзеня чакаецца пахаладаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адмарозіў пальцы на нагах». Што ўспамінаюць былыя палітвязьні пра зіму ў калёніі 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем ціхіх прарываў у галіне клімату і прыроды ў 2024 годзе, якія вы маглі прапусьціць