Дэпутат, які езьдзіў з Украіны да Лукашэнкі, будзе пад вартай да 7 сакавіка. Зьявілася яшчэ адна дэталь у справе

Яўген Шаўчэнка будзе пад вартай да 7 сакавіка

У матэрыялах справы зьявілася інфармацыя аб сувязях Яўгена Шаўчэнкі з прадстаўніком прарасейскай партыі Славаччыны.

Пячэрскі раённы суд Кіева падоўжыў да 7 сакавіка тэрмін трыманьня пад вартай дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Яўгена Шаўчэнкі, які езьдзіў у Менск і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведаміла ўкраінскае выданьне «Суспільне», адпаведнае рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні суду 7 студзеня.

У часе пасяджэньня пракуроры паведамілі аб зьнікненьні асобных відэазапісаў, на якіх грунтавалася абвінавачаньне Яўгена Шаўчэнкі.

Сам Яўген Шаўчэнка назваў справу «палітычным заказам» і дадаў, што відэазапісы публікавалі ў YouTube іншыя людзі, а ён проста выказваў у іх сваю думку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустракаецца з украінскім дэпутатам Шаўчэнкам. Хто гэта і ці мае ён уплыў на ўхваленьне рашэньняў?

Новая дэталь у справе

Зьявілася яшчэ адна акалічнасьць, якую расьсьледуюць у межах справы аб магчымай датычнасьці Яўгена Шаўчэнкі да арганізацыі схемы абыходу санкцый для паставак угнаеньняў.

У прыватнасьці, сьледчыя высьветлілі, што Яўген Шаўчэнка ў ліпені 2022 году, калі ва Ўкраіне ўжо было абвешчана ваеннае становішча, разам зь цярнопальскім бізнэсоўцам Віктарам Забігайлам стварыў на тэрыторыі Славаччыны і, імаверна, у Аўстрыі супольны бізнэс, у якім інтарэсы дэпутата прадстаўляе ягоны сын Ігар.

Інтарэсы ўкраінскага бізнэсоўца Віктара Забігайлы зьвязаныя з аграсэктарам і найперш з пастаўкамі ўгнаеньняў. Ён зьяўляецца саўладальнікам двух ТАА — «Агро Хім-трейд Бастіон» і «Агрохімічна компанія бастіон», асноўнымі відамі дзейнасьці якіх зьяўляецца гуртовы гандаль хімічнай прадукцыяй.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, сын Шаўчэнкі разам зь вядомым славацкім бізнэсоўцам і адначасова прадстаўніком прарасейскай партыі зарэгістравалі ў Браціславе інвэстыцыйную партнэрскую кампанію Arthur real estete, а яна стала яшчэ адным партнэрам у створанай імі кампаніі ARTHUR Chimtrade, s.r.o..

Паводле рэгістрацыйных дакумэнтаў, гэта Эрык Мікурчык, сябар славацкай палітычнай ультраправай партыі Republika, вядомай антыўкраінскай і антымігранцкай пазыцыямі, а таксама выступленьнямі супраць ЛГБТ-супольнасьці.

8 студзеня стала вядома аб падоўжаньні на 9 месяцаў тэрмінаў расьсьледаваньня справы, якую завялі на дэпутата ўкраінскага парлямэнту Яўгена Шаўчэнку праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе.

Як паведаміла Свабодзе крыніца ў праваахоўных органах Украіны, у часе вобшукаў па месцы пражываньня і ў парлямэнцкім кабінэце Яўгена Шаўчэнкі знайшлі дакумэнты, якія могуць сьведчыць пра яго спрыяньне незаконным пастаўкам беларускіх угнаеньняў ва Ўкраіну, а таксама атрыманьне грошай ад беларускіх кампаній для паездак у Менск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве падазраюць, што паездкі дэпутата Шаўчэнкі ў Менск маглі фінансаваць ўлады Беларусі
  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.