Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
Хіжняк: «Прапануем павысіць патэнцыял вайскоўцаў»
Забесьпячэньне «абароны дзяржавы і яе грамадзян ад унутраных і вонкавых пагрозаў», захаваньне «тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці» Беларусі назваў «найважнейшым прыярытэтам» старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці (РПТС) Аляксандар Хіжняк, выступаючы 8 студзеня па радыё ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.
«Прапануем падвысіць патэнцыял Узброеных сіл на аснове найноўшых тэхналёгій і ўзбраеньняў, уключаючы бесьпілётныя сыстэмы і сучасныя сыстэмы сувязі», — сказаў ён.
На думку кандыдата, у краіне трэба «ствараць новыя сучасныя прадпрыемствы на аснове беларускіх навуковых распрацовак», падтрымліваць актыўнасьць малога і сярэдняга бізнэсу ў «разьвіцьці канкурэнтных нацыянальных і рэгіянальных брэндаў», «разьвіваць сартаваньне і перапрацоўваньне адходаў».
У Беларусі, канстатаваў ён, існуе «разрыў у разьвіцьці» ўзроўню жыцьця і інфраструктуры гарадзкіх і сельскіх тэрыторый.
«Больш за 80% насельніцтва імкнецца жыць у гарадах», — сьцьвярджае лідэр РППС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выбарах прэзыдэнта Беларусі возьмуць удзел пяць кандыдатаў. Апазыцыя і Захад папярэдзілі аб непрызнаньні гэтых выбараўГайдукевіч: «Мы супраць ідэі парлямэнцкай рэспублікі»
Іншы кандыдат, кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ) Алег Гайдукевіч выказаўся супраць зьмены дзяржаўнага ладу ў краіне.
«Мы супраць ідэі парлямэнцкай рэспублікі, якую прапануе адзін з кандыдатаў (Ганна Канапацкая. — „Позірк“), — заявіў ён. — Мы ўсё гэта праходзілі ў 1990-я гады».
Паводле яго, пры такой форме праўленьня ніводнага рашэньня «нельга будзе прыняць».
«Павінен быць лідэр, які адказвае, — лічыць Гайдукевіч. — Мы павінны быць абароненыя ад палітыканаў, якія ідуць на прэзыдэнцкія выбары, каб вырашаць свае асабістыя пытаньні».
Паводле Гайдукевіча, парлямэнцкія партыі павінны несьці адказнасьць:
«Я прапаную кожнай зь іх даручыць канкрэтны ўчастак працы — міністэрства, ведамства, можа быць, узначаліць раён ці горад. І паказаць, як партыя будзе ажыцьцяўляць сваю праграму, паказаць кадравы патэнцыял».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК вызначыў 6 участкаў, дзе беларусы замежжа могуць прагаласаваць на выбарах. Усе яны ў БеларусіВарта адзначыць, што ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і ў час выступлаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека.
З 2001 году вынікі выбараў у Беларусі не прызнае міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі.
У 2020 годзе ўлады Беларусі накіравалі запрашэньне для назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ на прэзыдэнцкія выбары са спазьненьнем. Арганізацыя адмовілася накіроўваць сваіх прадстаўнікоў. Тая кампанія скончылася масавымі затрыманьнямі, а супраць удзельнікаў пратэстаў ужылі зброю. Дзясяткі тысяч людзей трапілі за краты, сотні тысяч вымушаныя былі эміграваць.
У 2022 годзе ўлады ўвогуле не запрасілі місію БДІПЧ АБСЭ для назіраньня на так званым канстытуцыйным рэфэрэндуме 27 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары: у пытаньні палітвязьняў Канапацкая ідзе не далей за ЛукашэнкуВыбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
- 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.