Аліеў назваў Армэнію «фашысцкай дзяржавай», якая пагражае бясьпецы ў рэгіёне

Ільхам Аліеў даў інтэрвію азэрбайджанскім тэлеканалм 7 студзеня

Ільхам Аліеў патрабуе ад замежных партнэраў спыніць узбраеньне Армэніі.

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што Армэнія нібыта зьяўляецца крыніцай напружанасьці ў рэгіёне.

«Узбраеньне Армэніі проста прывядзе да новай напружанасьці. Мы ня хочам гэтага. Мы хочам міру. Мы хочам, каб старонка вайны была ўжо перагорнутая. Аднак мы бачым, што і сама Армэнія, і яе новыя заступнікі ня хочуць гэтага. Яны жывуць рэваншысцкімі ідэямі, і Армэнія фактычна зьяўляецца крыніцай пагрозы для рэгіёну. Незалежная армянская дзяржава па сутнасьці зьяўляецца фашысцкай дзяржавай», — заявіў Ільхам Аліеў у інтэрвію азэрбайджанскім тэлеканалам.

Пры гэтым прэзыдэнт Азэрбайджану заявіў, што ўсё папярэдняе і цяперашняе кіраўніцтва Армэніі нібыта зьяўляюцца «носьбітамі фашысцкай ідэалёгіі».

«Вядома ж, хаўрусьнікі і заступнікі Армэніі ведалі і падзялялі гэтыя погляды. Трыццацігадовая акупацыя супраць нас — гэта прадукт ня толькі Армэніі. Гэту супольны прадукт салідарных зь ёй ісламафобскіх, азэрбайджанафобскіх, расісцкіх, ксэнафобскіх колаў, прадстаўнікоў замежных краін. Мы суседнічаем з такой фашысцкай дзяржавай, і пагроза фашызму не зьнікае. Вось чаму фашызм павінен быць зьнішчаны», — дадаў Аліеў.

«Яго (фашызм) зьнішчыць або кіраўніцтва Армэніі, або мы. Іншага выйсьця ў нас няма», — падкрэсьліў кіраўнік Азэрбайджану.

Ільхам Аліеў заявіў, што Армэнія павінна спыніць сваё ўзбройваньне; Францыя і іншыя краіны, якія пастаўляюць ёй зброю, павінны скасаваць і ануляваць гэтыя кантракты, а пастаўленую зброю павінны вярнуць пастаўшчыкам.

«Гэта наша ўмова. Цяпер хто як хоча, так няхай і ўспрымае гэта. Я кажу сваё слова, і яны, і тыя, хто за імі стаіць, таксама ведаюць, што калі мы нешта гаворым, то ставімся да гэтага вельмі сур’ёзна», — адзначыў ён.

Прэзыдэнт Азэрбайджану дадаў, што на гэтым тле ягоная краіна вымушана рабіць вялікія выдаткі на сваё ўзбраеньне.

Рэакцыі на заявы Аліева з Армэніі пакуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ільхам Аліеў запатрабаваў ад Расеі пакараць вінаватых у авіякатастрофе самалёта азэрбайджанскіх авіяліній

Як паведамляе «Эхо Кавказа», Баку і Ерэван даўно вядуць перамовы аб мірным пагадненьні. Як заяўляюць у Азэрбайджане, два няўзгодненыя пункты з 17 пунктаў пагадненьня датычаць узаемнай адмовы ад міжнародных пазоваў і недапушчальнасьці разьмяшчэньня на супольнай мяжы прадстаўнікоў трэціх краін.

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян у сьнежні 2024 году казаў, што Азэрбайджану былі зробленыя прапановы наконт двух няўзгодненых пытаньняў, аднак адказу армянскі бок так і не атрымаў. Паводле Пашыньяна, Баку прапанавалі распаўсюдзіць пункт аб недапушчальнасьці разьмяшчэньня сіл трэціх краін на дэмаркаваныя ўчасткі армяна-азэрбайджанскай мяжы.

Як раней казаў Нікол Пашыньян, калі ў Азэрбайджана няма намераў нападаць на Армэнію, імавернасьць эскаляцыі ў рэгіёне роўная нулю.