Па дадзеных агенцтва, за выпрабаваньнямі празь відэасувязь назіраў лідэр дзяржавы Кім Чэн Ын, які высока ацаніў эфэктыўнасьць ракеты, нібы здольнай пераадолець любую сыстэму ПРА.
Як піша «Голас Амэрыкі», у паведамленьні таксама адзначаецца, што пасьпяховы запуск будзе садзейнічаць паскоранаму разьвіцьцю ракетна-ядзернага патэнцыялу краіны.
Пра адлегласьць, якую здолела пераадолець ракета, інфармацыя адрозьніваецца. Пхэньян сьцьвярджае, што яна, перш чым зваліцца ў Японскае мора, праляцела каля 1500 кілямэтраў, Сеул — што прыблізна 1100 км.
Пры гэтым паўднёвакарэйскія экспэрты схіляюцца да высновы, што пры распрацоўцы гэтай зброі тэхнічную дапамогу Паўночнай Карэі аказала Расея.
Па зьбегу абставін ці наўмысна, ракетны запуск КНДР супаў зь візытам у Паўднёвую Карэю дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена, які асудзіў выпрабаваньне, якое падпадае пад санкцыі Рады Бясьпекі ААН.
Акрамя таго, дзяржсакратар выказаў заклапочанасьць тым, што Расея зьбіраецца даць Пхэньяну перадавыя касьмічныя і спадарожнікавыя тэхналёгіі.
Паводле ацэнкі заходніх экспэртаў, з дапамогай такіх тэхналёгій Паўночная Карэя зможа ідэнтыфікаваць цэлі на тэрыторыі сваіх патэнцыйных супернікаў.
Энтані Блінкен таксама паведаміў аб тым, што Расея можа прызнаць КНДР у якасьці ядзернай дзяржавы.
Ёсьць зьвесткі, што паўночнакарэйскія спэцыялісты сапраўды наведвалі некалькі расейскіх арганізацый, якія займаюцца распрацоўваньнем спадарожнікаў, зазначыў у камэнтары для Расейскай службы «Голасу Амэрыкі» экспэрт Канадзкага інстытуту замежнай палітыкі Максім Старчак. Разам з тым, на яго думку, аб супрацоўніцтве Масквы і Пхэньяна сфэры ў высокіх вайсковых тэхналёгій цяжка меркаваць з прычыны відавочнай глыбокай засакрэчанасьці тэмы.
«Так, наконт (дапамогі Расеі ў стварэньні) гіпэргукавых ракет у КНДР няма ніякай інфармацыі (у адкрытым доступе), — дадаў ён. — Але наўрад ці Масква непасрэдна перадала б гэтую тэхналёгію, якая дае ёй вайсковыя перавагі. Магчыма, гэта Пэкін нешта перадаў Пхэньяну».
Тут небясьпека хутчэй у іншым, працягнуў Максім Старчак:
«Вайсковае супрацоўніцтва Расеі і КНДР можа дапамагчы Паўночнай Карэі разьвіць спадарожнікавую групоўку для сачэньня і шпіянажу. Акрамя таго, Масква можа наладзіць пастаўкі „стратэгічнаму партнэру“ паліва і рухавікоў для цяжкіх ракет, а таксама пракансультаваць, перадаць тэхналёгіі, нейкія досьледныя ўзоры. Сумняваюся толькі наконт чагосьці крытычна важнага, накшталт гіпэргуку. Бо Пхэньян можа расплачвацца за ўсё толькі боепрыпасамі і сваімі вайскоўцамі (адпраўленымі на вайну з Украінай). Гэта занадта няроўны абмен».
Першы пацьверджаны пасьпяховы запуск касьмічнага спадарожніка быў ажыцьцёўлены Паўночнай Карэяй у сьнежні 2012 году, што зрабіла краіну тады 10-й касьмічнай дзяржавай.
Разьлікі Крамля пры аказаньні вайсковай дапамогі КНДР могуць будавацца на жаданьні аказаць ціск на ЗША з тым, каб паспрабаваць атрымаць з гэтага пэўную геапалітычную выгаду, выказаў думку экспэрт:
«У якасьці новага кроку да эскаляцыі з Захадам Масква, напрыклад, можа прызнаць Паўночную Карэю ядзернай дзяржавай. Гэта прывяло б да ўзаконьваньня ядзернай праграмы Пхэньяна і наўрад ці спадабалася б многім краінам Глябальнага Поўдня, у тым ліку Кітаю. Пэкін хацеў бы захаваць статус-кво — мець КНДР зь яе незаконнай ядзернай праграмай як пудзіла ЗША. Тым самым Кітай застаўся б лідэрам рэгіёну, які мог бы ўплываць на КНДР узамен на саступкі (для сябе) з боку ЗША. Масква тут выступае ў ролі канкурэнта Пэкіна».
Так што актывізацыя супрацоўніцтва Расеі і Паўночнай Карэі ў гэтай сфэры ня выгадная Кітаю, рэзюмаваў Максім Старчак.
Хто і з чыёй дапамогай робіць у КНДР гіпэргукавыя ракеты, да канца пакуль незразумела, згодны ізраільскі вайсковы экспэрт Давід Шарп. Але ў тым, што супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры паміж дзьвюма краінамі будзе дастаткова глыбокім, на яго думку, сумнявацца не даводзіцца.
«Слова „гіпэргукавы“ ўжо стала ў многіх асацыявацца зь нейкай „цуда-зброяй“, што зусім ня так, — удакладніў ён у камэнтары „Голасу Амэрыкі“. — Небясьпечнай зброі ў сьвеце і без таго хоць адбаўляй. А той жа расейскі „Кінжал“, які лічыцца гіпэргукавым, ужо неаднаразова зьбівалі ва Ўкраіне амэрыканскія СПА. Паўднёвакарэйская выведка кажа, што пратэставаная КНДР зброя — проста балістычная ракета сярэдняй далёкасьці, і няма падстаў гэтаму не давяраць.
„Пхэньян за паслугі Масквы расплачваецца ў ліку іншага жыцьцямі сваіх вайскоўцаў, пасланых гінуць за расейскія інтарэсы (у Курскую вобласьць). Гэта адзін са складнікаў іх супрацоўніцтва, як ні цынічна гучыць такая фармулёўка. Вядома, КНДР таксама пастаўляе Расеі боепрыпасы ў велізарных колькасьцях у абмен на вайсковыя тэхналёгіі і нейкую зброю — якую менавіта, таксама ніхто толкам ня ведае. Магчыма, нешта, што мае дачыненьне да „ядзеркі“ і касьмічных тэхналёгій“.
У выпадку, калі Масква афіцыйна прызнае КНДР ядзернай дзяржавай, гэта адчувальна ўдарыць па міжнароднай сыстэме бясьпекі і рэжыме нераспаўсюджваньня ядзернай зброі, падкрэсьліў экспэрт. А вось практычнай карысьці гэта сапраўды нікому не прынясе, акрамя Пхэньяна. Такі крок, у прыватнасьці, будзе дрэнна ўспрынята краінамі трэцяга сьвету, да якіх Крэмль падлашчваецца. Таму я ня вельмі разумею, навошта гэта патрэбна Пуціну. Гэты ход не выглядае мэтазгодным».
Відавочна, зьбліжэньне Расеі і КНДР тлумачыцца перш за ўсё тым, што Крэмль, чаго б гэта ні каштавала, імкнецца дабіцца посьпеху ў вайне з Украінай, і дзеля гэтага гатовы ісьці на вельмі многія выдаткі, уключаючы калясальныя расходы і рэпутацыйныя страты, заключыў Давід Шарп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя заявіла пра пасьпяховыя выпрабаваньні гіпэргукавой ракеты сярэдняй далёкасьці. ФОТА