NATO накіруе да 10 караблёў для аховы падводнай інфраструктуры ў Балтыйскім моры

Ілюстрацыйнае фота

NATO з канца тыдня пачне ахоўваць крытычна важныя аб’екты ў Балтыйскім моры, выкарыстоўваючы для гэтага да 10 караблёў, паведамляе фінскі партал тэлерадыёвяшчаньня Yle.

Ахову забясьпечаць караблі, якія ўжо знаходзяцца ў Балтыйскім моры, а таксама тыя, якія непасрэдна накіруюць краіны NATO. Гэтыя сілы застануцца ў моры да красавіка.

Караблі будуць выконваць у асноўным стрымальную функцыю і патруляваць раёны, дзе разьмешчаныя энэргетычныя і тэлекамунікацыйныя кабэлі. Пры гэтым у міжнародных водах NATO ня мае права перашкаджаць праходу судоў іншых краінаў.

Ахову Фінскага заліва працягнуць сіламі Фінляндыі і Эстоніі.

Ваенны саюз NATO вырашыў узмацніць прысутнасьць у Балтыйскім моры на просьбу Фінляндыі і Эстоніі на фоне пашкоджаньняў падводных кабэляў, якія адбыліся ў апошні час.

25 сьнежня 2024 году ўлады Фінляндыі і Эстоніі западозрылі, што танкер Eagle S пашкодзіў электрычны кабэль Estlink 2 і чатыры тэлекамунікацыйныя кабэлі ў Фінскім заліве. На думку Хэльсынкі і Таліна, танкер уваходзіць у «ценявы флёт» Расеі і дапамагае абыходзіць заходнія санкцыі, пастаўляючы расейскую нафту ў трэція краіны. Фінская паліцыя паведаміла пра выяўленьне якара на маршруце, якім рухаўся танкер.

Танкер затрымалі фінскія ўлады. Капітан і адзін чалец нафтавага танкера зьяўляюцца грамадзянамі Грузіі, паведаміла Радыё Свабода Агенцтва марскога транспарта Грузіі. Прадстаўніка амбасады Грузіі праінфармавалі пра затрыманьне двух чальцоў экіпажу.

У лістападзе 2024 года быў пашкоджаны кабэль паміж Швэцыяй, Літвой, Фінляндыяй і Нямеччынай.

У кастрычніку 2023 году судна «Нью-нью полар бір» пашкодзіла газаправод Balticconnector і некалькі кабэляў.

Масква сваё дачыненьне да пашкоджаньня падводнай інфраструктуры ў Балтыйскім моры абвяргае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея выкарыстоўвала танкер «ценявага флёту» як шпіёнскае судна, — Lloydʼs List
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінляндыя дамагаецца арышту нафтавага танкера, які падазрае ў пашкоджаньні падводнага кабэлю