Сваякі асуджаных сутыкнуліся з новай формай махлярства

Ілюстрацыйнае фота

Сваякі асуджаных сутыкнуліся з новай формай махлярства — «натарыяльнай», паведамляюць праваабаронцы «Вясны» з Магілёва.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, зламысьнікі карыстаюцца тым, што адміністрацыя калёніяў абмяжоўвае вязьням магчымасьці карыстацца юрыдычнымі паслугамі. У сацсетках і мэсэнджарах у родных асуджаных вымагаюць грошы, нібыта прапаноўваючы «паслугі натарыюса ў індывідуальным парадку». Для гэтага нібыта трэба перавесьці грошы на банкаўскую карту, фота якой скідаюць у перапісцы.

Сумы часта супадаюць з натарыяльнымі тарыфамі, але да натарыяльных кантораў такія прапановы ня маюць ніякага дачыненьня, адзначаюць праваабаронцы.

Паводле іх зьвестак, некалькі чалавек ужо сталі ахвярамі ашуканцаў. Як удакладняюць праваабаронцы, адбылося гэта ў тых рэгіёнах, дзе натарыюсы часта адмаўляюцца ехаць у папраўчыя калёніі дапамагаць палітвязьням.

Ашуканцы ўсё часьцей сталі выкарыстоўваць страх беларусаў перад рэпрэсіямі ў краіне.

Так, напрыклад, раней у Instagram зьявілася новая схема падману: за сымбалічную суму 20 эўра людзям прапаноўвалі «забыць» нібыта знойдзеную ў іх акаўнтах «экстрэмісцкую» інфармацыю. Карыстальнікам сацсеткі рассылаюць інфармацыю, што іх «актыўнасьць у экстрэмісцкіх групах» прыцягнула ўвагу, пагражаюць крымінальнай справай паводле арт. 361-4 КК Беларусі (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і прапануюць сваю дапамогу: «Усяго за 20 эўра я дапамагу „забыць“ знойдзеную інфармацыю». У адваротным выпадку ашуканцы пагражаюць перадаць «зьвесткі аб актыўнасьці» беларускім сілавікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрнэт-ашуканствы. Больш за траціну падманутых беларусаў зьвязваліся з махлярамі праз Instagram
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Асьцярожна, махляры!» 63 крымінальныя справы за тэлефонныя махлярствы завялі ў Беларусі з пачатку году