Польскі вайсковец страляў непадалёк мяжы зь Беларусьсю

Польскія вайскоўцы на мяжы зь Беларусьсю, архіўнае фота

Здарэньне адбылося ў Мельніку, а фігурантам стаў вайсковец, які ўдзельнічае ў ахове польскай мяжы ад нелегальнага перасячэньня з боку Беларусі.

У сераду, 1 студзеня, каля 15 гадзін у мястэчку Мельнік на Падляшшы прагучалі стрэлы. Паліцыя і жандармэрыя хутка пацьвердзілі, што вінаваты ў гэтай сытуацыі адзін з польскіх жаўнераў. Неафіцыйна дадаецца, што ён мог быць у стане алькагольнага ап’яненьня, адзначае выданьне wprost.pl.

Затым з афіцыйнай заявай выступіла Апэратыўнае камандаваньне польскіх узброеных сіл.

«Сёньня ўдзень у горадзе Мельнік (Падляскае ваяводзтва) вайсковец 18-й мэханізаванай дывізіі, які выконваў задачы ў рамках апэрацыі „Бясьпечнае Падляшша“, пасьля таго, як самавольна пакінуў тэрыторыю лягеру, з табэльнай зброі абстраляў цывільны аўтамабіль, затым схаваўся ў бліжэйшым лесе».

У выніку неадкладных вышуковых мерапрыемстваў яго адразу ж затрымалі вайскоўцы апэратыўнай групы ў Мельніку. Ніхто не пацярпеў.

Цяпер справай вайскоўца займаецца Вайсковая жандармэрыя ў Беластоку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Умацаваньне мяжы зь Беларусьсю будзе каштаваць Польшчы 610 млн даляраў — намесьнік кіраўніка МУС Душчык
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У двух абласьцях Беларусі часова адмянілі збор за перасячэньне мяжы