У Амстэрдаме агучылі прысуды ў справе нападаў на ізраільцянаў пасьля футбольнага матчу

Група прапалестынскіх пратэстоўцаў у час паходу пад стадыён, 7 лістапада 2024 году

Суд у Амстэрдаме прызначыў турэмныя тэрміны да паўгода чатыром абвінавачаным у справе аб нападах на заўзятараў ізраільскага футбольнага клюбу «Макабі», які адбыўся ў горадзе ў пачатку лістапада. Яшчэ адзін падсудны, якому 19 гадоў, атрымаў 100 гадзінаў грамадзкіх працаў.

Паўгода зьняволеньня атрымаў 32-гадовы падсудны, які, паводле зьвестак сьледзтва, ударыў нагой аднаго з заўзятараў, выкарыстоўваючы прыём каратэ. У выніку пацярпелы ледзь ня трапіў пад трамвай, паведаміла з залі суду газэта Het Parool. Пракуратура раней запатрабавала для яго двухгадовага тэрміну пазбаўленьня волі.

Сьледзтва адзначала, што гэты падсудны адыграў асноўную ролю ў нападах 7 і 8 лістапада. Адзначаецца, што на запісах, прадстаўленых суду, бачна, як гэты чалавек штурхае і б’е сваіх ахвяр.

Усяго тэрміны за гвалт і цялесныя пашкоджаньні атрымалі трое абвінавачаных. Двух чалавек асудзілі за абмен паведамленьнямі ў сацсетках з заклікамі нападаць на фанатаў «Макабі». Прысуды могуць быць абскарджаны цягам двух тыдняў. Агулам затрыманых у той дзень было каля сотні.

Мясцовы Цэнтар інфармацыі і дакумэнтацыі па Ізраілі (CIDI) назваў прысуды занадта мяккімі, улічваючы, як зазначаецца, «антысэміцкі характар падзей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна Ізраілю з ХАМАСам у лічбах

Увечары 7 лістапада хуліганы, многія зь якіх былі ў масках напалі на ізраільскіх заўзятараў пасьля футбольнага матчу паміж клюбам «Макабі» з Тэль-Авіву і нідэрляндзкім «Аяксам». Некаторыя з тых, хто нападаў былі з палестынскімі сьцягамі і выкрыквалі прапалестынскія і антыізраільскія лёзунгі. Нападнікі таксама спрабавалі ўварвацца ў гасьцініцы, дзе спыніліся ізраільцяне. Сярод пацярпелых былі як прадстаўнікі ультрас і хуліганаў «Макабі», так і звычайныя заўзятары, якія, як адзначаецца, сталі ахвярамі атакі з прычыны сваёй нацыянальнасьці.

Падзеі выклікалі рэзкую міжнародную рэакцыю. Каля 60 пацярпелых настойваюць на кампэнсацыях.

Паводле зьвестак паліцыі Амстэрдаму, фанаты «Макабі» таксама чынілі беспарадкі, зрываючы палестынскія сьцягі, вывешаныя на будынках, і скандуючы антыарабскія лёзунгі.

На разглядзе галяндзкіх судоў зараз знаходзяцца справы супраць яшчэ 40 абвінавачаных, у тым ліку грамадзян Ізраіля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Амстэрдаме адбылася сэрыя нападаў на ізраільцянаў