Вугорскі архіў апублікаваў невядомыя раней здымкі Румынскай рэвалюцыі, якая зрынула дыктатара Чаўшэску

Тымішаара ў сьнежні 1989 году, на самым пачатку Рэвалюцыі, якая зьмяла дыктатара Нікаляе Чаўшэску

Падзеі, якія паклалі канец камуністычнай дыктатуры ў Румыніі, пачаліся 35 гадоў таму ў Тымішаары. Менавіта ім прысьвечаныя знойдзеныя здымкі.

Архіў Fortepan у Вугоршчыне знайшоў і выклаў у Сеціва здымкі невядомага аўтара, зробленыя 35 гадоў таму, у час рэвалюцыі, якая стартавала ў Тымішаары з патрабаваньня народу вызваліць з-пад варта аднаго з дысыдэнтаў. Рэвалюцыя скончылася адхіленьнем Нікаляе Чаўшэску ад улады і расстрэлам яго і жонкі.

Першыя сутыкненьні адбыліся 16 сьнежня, хаця агульная палітычная сытуацыя напярэдадні не паказвала на хуткі пачатак напружанасьці. Ужо неўзабаве паасобныя сутычкі перарасьлі ў паўнавартасныя вулічныя баі.

Людзі абменьваюцца інфармацыяй на вуліцы ў Тымішаары

У краме

Адзін з удзельнікаў вулічных сутыкненьняў у Тымішаары

Жыхары Тымішаары зьбіраюцца на пратэст, які зь мірнага перарасьце ў баявыя сутычкі зь сілавікамі. Войска неўзабаве пяройдзе на бок народу і будзе змагацца са спэцслужбай Сэкурытатэ

Баец на вуліцах Тымішаары, сьнежань 1989

Калі ў сьнежні 1989-га міністар абароны Васіле Міля адмовіўся страляць у мірных пратэстоўцаў у Тымішаары, дыктатар краіны Нікаляе Чаўшэску аддаў загад генэрал-лейтэнанту Віктару Стэнкулеску, і той без ваганьняў ужыў супраць народу зброю — ахвярамі, паводле афіцыйных зьвестак, былі каля тысячы чалавек.

А праз восем дзён Стэнкулеску прызначыў трыбунал, якому спатрэбілася пару гадзінаў, каб асудзіць Чаўшэску на сьмерць. Стэнкулеску асабіста адабраў трох вайскоўцаў, якія і выканалі прысуд. Нікаляе і ягоную жонку Алену Чаўшэску, якая ўплывала на мноства рашэньняў у краіне, расстралялі ля сьцяны салдацкай прыбіральні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 куляў для прэзыдэнта. Як адбылася рэвалюцыя ў Румыніі