Савет міністраў Беларусі ўхваліў рашэньне аб адкрыцьці да 1 верасьня 2025 году амбасады пры Сьвятым Пасадзе (Дзяржава Ватыкан).
Як адзначаецца ў пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, урад абавязаў Міністэрства фінансаў прафінансаваць усе расходы, зьвязаныя з адкрыцьцём і ўтрыманьнем амбасады ў Ватыкане.
Беларусь і Ватыкан усталявалі дыпляматычныя дачыненьні 11 лістапада 1992 году. З гэтага часу ў Беларусі пачала дзейнічаць Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь — пастаяннае дыпляматычнае прадстаўніцтва Сьвятога Пасаду ў беларускай дзяржаве.
Беларусь жа ў Ватыкане ня мела свайго дыпляматычнага прадстаўніцтва. Да 2008 году пры Сьвятым Пасадзе прызначалі амбасадарам па сумяшчальніцтве надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Швайцарыі, у 2008–2009 — сталага прадстаўніка пры аддзяленьні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве, а ў 2009-2013 гадах — намесьніка міністра замежных спраў Беларусі.
Беларускія інтарэсы ў Ватыкане прадстаўлялі Ўладзімер Каралёў (2002-2008) і Сяргей Алейнік (2008-2013).
Аляксандар Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан зь візытам — у 2009 і 2016 гадах. У Беларусь зь візытам прыяжджалі дзяржаўныя сакратары Ватыкану: Тарчызіё Бэртонэ ў 2008-м (тады Лукашэнка перадаў праз герарха афіцыйнае запрашэньне наведаць Беларусь папу Рымскаму — на той час Бэнэдыкту ХVІ) і П’етра Паралін — у 2015 годзе.
Вядома, што ў 2015 годзе папа Рымскі Францішак накіраваў Аляксандру Лукашэнку ліст з заклікам вызваліць усіх палітычных вязьняў.
У 2020-м кіраўнік беларускай каталіцкай царквы мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з крытыкай гвалту, які чынілі ўлады пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта. Яму амаль 4 месяцы не дазвалялі вярнуцца на радзіму з-за мяжы. Арцыбіскупа ўпусьцілі ў Беларусь толькі ў сьнежні 2020 году — імаверна, пасьля ўмяшаньня Ватыкану. У студзені 2021-га Тадэвуш Кандрусевіч выйшаў на пэнсію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ватыкан настойвае на вяртаньні мітрапаліта Кандрусевіча ў Беларусь, чаму перашкаджаюць беларускія ўлады