У Нацыянальным аэрапорце «Менск» новы генэральны дырэктар

Уладзімер Чаравухін

Яго прызначылі 24 сьнежня. Папярэдні гендырэктар памёр неўзабаве пасьля сыходу з пасады.

Нацыянальны аэрапорт «Менск» атрымаў новага генэральнага дырэктара. З 24 сьнежня гэтую пасаду займае Ўладзімер Чаравухін. Раней ён быў начальнікам Гомельскай філіі ГП «Белаэранавігацыя».

Як паведамілі ў прэс-службе аэрапорту, Чаравухін нарадзіўся ў 1977 годзе, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту, пазьней працаваў у аэрапорце Гомля, дзе дайшоў да пасады кіраўніка.

Папярэдні генэральны дырэктар нацыянальнага аэрапорту Вячаслаў Харанека звольніўся ў верасьні па стане здароўя. Празь месяц прэс-служба аэрапорту паведаміла пра ягоную сьмерць.

Пасьля інцыдэнту з самалётам RyanAir Эўразьвяз забараніў беларускім авіякампаніям лётаць у аэрапорты ЭЗ і зьдзяйсьняць палёты над тэрыторыяй Эўразьвязу, а эўрапейскія перавозчыкі пачалі аблятаць паветраную прастору Беларусі. Авіякампанія «Белавія» таксама была вымушана вярнуць некаторыя свае самалёты лізінгавым кампаніям і скараціць флёт да 15 самалётаў.

Харанека ў 2022 годзе адзначаў, што санкцыі вымусілі аэрапорт пайсьці на «непапулярныя захады». Напрыклад, увядзеньне прастою на прадпрыемстве для зьменнага пэрсаналу і пераход на 4-дзённы працоўны тыдзень для адміністрацыйных работнікаў.

Пры Чаравухіну застаюцца ўсё тыя ж пытаньні — як пераадолець наступствы санкцый і забясьпечыць працу аэрапорту ва ўмовах гэтых абмежаваньняў. Пры гэтым нядаўна паўсталі і праблемы зь некаторымі рэйсамі ў Расею, у прыватнасьці, ва Ўльянаўск і Екацярынбург. Расейскія ўлады гэтых рэгіёнаў адзначылі, што ім цяжка адшукаць фінансаваньне для далейшай арганізацыі палётаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі створаць аўтаматызаваную сыстэму ўліку авіяпасажыраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды часьцей за ўсё лятаюць зь Менску. Агучылі статыстыку