Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьмякчыў сьмяротныя прысуды 37 зьняволеным з 40, якіх павінныя былі пакараць сьмерцю ў адпаведнасьці з рашэньнямі фэдэральных судоў, паведамляюць The New York Times, CBS і іншыя амэрыканскія СМІ.
Сьмяротныя прысуды ім замянілі пажыцьцёвым зьняволеньнем бяз права ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, гаворыцца ў заяве на сайце Белага дома.
The New York Times адзначае, што гэта амаль усе асуджаныя да сьмяротнага пакараньня фэдэральнымі судамі. Рашэньне Байдэна не распаўсюджваецца на траіх асуджаных па абвінавачаньні ў «масавых забойствах на глебе нянавісьці»: гэта асуджаны за тэракт падчас Бостанскага маратону ў 2013 годзе Джахар Царнаеў, а таксама Робэрт Баўэрс, які ўчыніў страляніну ў сынагозе Пітсбургу, і Дылан Руф, асуджаны за забойства дзевяці чалавек у Афрыканскай мэтадысцкай біскупальнай царкве.
Перад уступленьнем на пасаду Дональда Трампа дзейны прэзыдэнт, мандат якога заканчваецца менш чым празь месяц, масава пераглядае вынесеныя на фэдэральным узроўні рашэньні, замяняючы вышэйшую меру пакараньня на пажыцьцёвае пазбаўленьне волі. У апублікаванай заяве Байдэна гаворыцца, што «ён лічыць, што Амэрыка павінна спыніць прымяненьне сьмяротнага пакараньня на фэдэральным узроўні, за выключэньнем выпадкаў тэрарызму і масавых забойстваў на глебе нянавісьці».
Большую частку сьмяротных прысудаў у ЗША выносяць на ўзроўні штатаў. Цяпер колькасьць асуджаных да сьмерці ў розных штатах перавышае 2 тысячы; у год, як правіла, прыводзяць у выкананьне некалькі дзясяткаў сьмяротных прысудаў.
Пасьля прыходу Байдэна да ўлады ў 2021 годзе быў уведзены мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў, вынесеных фэдэральнымі судамі. За час першага прэзыдэнцкага тэрміну Дональда Трампа былі пакараныя 13 асуджаных фэдэральнымі судамі. Трамп заяўляў, што ягоная будучая адміністрацыя адновіць выкананьне сьмяротных прысудаў.
У сьнежні Джо Байдэн зьмякчыў каля 1500 турэмных прысудаў і памілаваў 39 амэрыканцаў, асуджаных за негвалтоўныя злачынствы. Сярод памілаваных быў і сын Байдэна Гантэр, які чакаў прысуду ў справе аб незаконным захоўваньні зброі і ўхіленьні ад выплаты падаткаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн памілаваў свайго сына ў дзьвюх крымінальных справах- У 2023 годзе Amnesty International зафіксавала новыя сьмяротныя прысуды ў 52 краінах сьвету, зь іх 25 — у ЗША. Па стане на канец 2023 году ў сьвеце сама меней 27 687 чалавек былі асуджаныя да сьмяротнай кары. У Беларусі летась зафіксавалі адзін сьмяротны вырак (Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця).
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю. Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая). Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Беларускім праваабаронцам вядома пра тры выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне). У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.