Двух беларусаў судзяць за «акт тэрарызму» і «здраду дзяржаве» нібыта за спробу падрыву чыгункі пад Стоўпцамі
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у Менскім абласным судзе з 12 сьнежня судзяць двух беларусаў — Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Сяргей Епіхаў.
Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку, як сьцьвярджалася ў прапагандысцкім фільме АНТ, затрымалі ў ноч з 26 на 27 жніўня 2023 году на чыгунцы ў Стаўпецкім раёне непадалёк ад нафтабазы і прыпыначнага пункту Сінява.
Адразу на іх адразу завялі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 289 КК (замах на зьдзяйсьненьне акту тэрарызму групай асобаў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Да суда ім дадалі абвінавачваньне яшчэ паводле двух артыкулаў: ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносінаў).
Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу ім пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
У прапагандысцім фільме восеньню 2023 году сьцьвярджалася, што іх затрымалі за спробу паставіць на чыгунцы ў Стаўпецкім раёне выбуховую прыладу, «якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ». Прапагандысты сьцьвярджалі, што Вабішчэвіч трапіў пад увагу сілавікоў, калі даносчык паведаміў пра яго ў чат-бот КДБ, што на вакзале ў Воршы ён фатаграфаваў чыгуначныя шляхі і саставы.
Андрэя Зіненку ў прапагандысцкім фільме паказалі са сьлядамі зьбіцьця на твары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі прысуды украінцу і двум беларусам, якіх вінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў на чыгунцыФігуранта «справы Ціханоўскага», палітвязьня Ўладзімера Кнігу зноў будуць судзіць
У Беларусі супраць былога сілавіка, фігуранта «справы Ціханоўскага» Ўладзімера Кнігі завялі яшчэ адну крымінальную справу аб «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (артыкул 411 КК), паведамляе фонд «Краіна для Жыцця». Чакаецца, што суд па ягонай справе адбудзецца ў студзені 2025 году ў судзе Барысаўскага раёну. Яму пагражае да 2 гадоў зьняволеньня.
У ліпені 2023 году яго Ўладзімера Кнігу ўжо асудзілі да 1 года калёніі паводле аналягічнага абвінавачаньня.
Уладзімер Кніга — адстаўны супрацоўнік горадзенскага АМАПу, які стаў валянтэрам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.
29 траўня 2020 году ў Горадні праходзіў пікет па зборы подпісаў у падтрымку вылучэньня Ціханоўскай на пасаду прэзыдэнта, дзе знаходзіўся Кніга. Падчас пікету да блогера Сяргея Ціханоўскага падышла жанчына ў бэйсболцы і пачала настойліва задаваць яму пытаньні. іханоўскі спрабаваў сысьці, назваўшы яе правакатаркай, але яго затрымалі. Кніга, па вэрсіі абвінавачаньня, нібыта ўдарыў аднаго з амапаўцаў, якія затрымалі Ціханоўскага, а потым хапаў, здушваў і ўтрымліваў яго рукамі за міліцэйскую форму. У чэрвені 2021 года Кнігу асудзілі да 4 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачаньні ў гвалце над міліцыянтамі (артыкул 364 КК).
У ліпені 2022 году яго перавялі з калёніі ў Навасадах у гарадзенскую турму. Паводле зьвестак праваабаронцаў, яго неаднойчы адпраўлялі ў ШЫЗА і ПКТ, а таксама пазбавілі спатканьняў, званкоў, перадач і перапіскі. Пра ягоны стан нічога невядома ўжо больш за год.
Эканаміста Паўла Данэйку пачалі судзіць завочна
У Менскім гарадзкім судзе 23 сьнежня завочна пачалі судзіць эканаміста і адміністрацыйнага дырэктара дасьледчага цэнтру BEROC Паўла Данэйку, паведамляе «Вясна».
Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 4 арт. 233 (прадпрымальніцкая дзейнасьць, якая ажыцьцяўляецца без спэцыяльнага дазволу (ліцэнзіі)),
- ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады),
- ч. 3 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
Справу разглядае Валянціна Зянькевіч. Па вэрсіі абвінавачаньня, Данэйка ў жніўні 2020 году ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады і «як яе ўдзельнік зьдзяйсьняў актыўныя дзеяньні для дасягненьня мэтаў неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады».
«Спэцвядзеньне» дачыненьні да Паўла Данэйкі пачалі 8 кастрычніка 2024 году.
Агулам у Беларусі завочна асудзілі ўжо больш за 110 чалавек.
У Воршы за «экстрэмізм» асудзілі дэпутата
Юрый Сяргеевіч Аністраткін працуе сьлесарам-рамонтнікам водазабораў у Барані і Балбасава. Ён быў дэпутатам мясцовага гарадзкога савета 28 скліканьня і сёлета быў пераабраны ў 29-е скліканьня, паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на зьвесткі тэлеграм-каналу «Витебск, я гуляю!».
Яго імя заўважылі ў раскладзе суда Аршанскага раёна і Воршы на мінулым тыдні. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Судзіла яго дэпутата Юлія Хаткевіч. Вырак праваабаронцам невядомы.
У Менску пачалі судзіць супрацоўніка дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі
Судовы працэс над палітвязьнем Мікалаем Хіло распачаўся 23 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс вядзе судзьдзя Алена Ананіч, паведамляе «Вясна».
41-гадовага Мікалая Хілу затрымалі ў 24 кастрычніка. Мікалай — пратэстанцкі прапаведнік у царкве эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў «Дабравесьце», а таксама супрацоўнік дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі. Яго абвінавачваюць паводле двух крымінальных артыкулаў — ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці ці варажнечы) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцыяў).
У Лепелі мужчыну судзяць за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў»
У судзе Лепельскага раёну 23 сьнежня распачаўся суд паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў) Аляксея Маладыка, паведамляе «Вясна».
Верагодна, гаворка ідзе пра 41-гадовага жыхара Віцебшчыны, які зьнік з сацсетак 23 кастрычніка гэтага году. Справу супраць яго разглядае судзьдзя Міхаіл Юрчанка.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, агулам у Беларусі паводле артыкула 370 КК (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў) асудзілі ўжо сама меней 211 чалавек.