Што мы бачылі: як фатографы Радыё Свабода зрабілі найлепшыя здымкі 2024 году

Ад ледзяных украінскіх акопаў да рынкаў Цэнтральнай Азіі — фатографы Радыё Свабода расказваюць, як ім удалося захаваць гісторыю 2024 году ў фатаздымках.

Шатэ Палінчы едзе на сваім муле да вады ў Бор’е, вёсцы ў Альбаніі, у студзені. Жыхары Бор’е закупляюцца і лечацца збольшага ў суседнім горадзе, што адразу за мяжой, у Косаве.

Фатаздымак Арбэна Хоці

Калі мы першы раз спрабавалі праехаць у Бор'е, аддаленую вёску на паўночным усходзе Альбаніі непадалёк ад мяжы з Косава, памежнікі нас завярнулі. Празь дзень мы вярнуліся з дазволам на паездку, і нам нарэшце дазволілі перасекчы мяжу.

Пасьля сустрэчы зь мясцовай сям'ёй у Бор'е мы вырашылі расказаць пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца 900 пажылых жыхароў альбанскай вёскі. Узімку з прычыны непраходных дарог яны у значнай ступені пазбаўленыя доступу да асноўных паслуг. Тавары і мэдычная дапамога даступныя ім толькі за мяжой — у мястэчку Драгаш у Косаве.

Мы назіралі, як мясцовая жыхарка Шатэ Палінчы, дэманструючы неймаверную стойкасьць, павезла свайго 12-гадовага сына на мэдычны агляд у Косава досьвіткам, а потым вярнулася празь некалькі гадзін зь ежай для сваёй сям'і. Гаспадарку яна вядзе збольшага сама.

На гэтым фатаздымку Палінчы едзе на сваім муле да ручая ў Бор'е, дзе жывёла можа напіцца вады. Для мяне гэты фатаздымак падкрэсьлівае штодзённыя цяжкасьці і сілу тых, хто жыве ў такой ізаляцыі.

35-гадовы ўкраінскі вайсковец Рустам назірае за варожымі бесьпілётнікамі FPV з кабіны пікапу на ўскраіне Наваградаўкі Данецкай вобласьці Ўкраіны, 31 жніўня 2024 году

Фатаздымак Сяргея Нужненкі

Мы правялі дзень на пазыцыях 25-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады, а потым у прыцемках сышлі разам з ратацыяй войскаў. Некалькі ўкраінскіх вайскоўцаў назіралі за небам, гатовыя зьбіваць любыя расейскія FPV-дроны.

Бесьпілётнікі радыкальна зьмянілі хаду гэтай вайны. Раней дабрацца да пазыцыяў на перадавой можна было адносна лёгка — цяпер гэта вельмі небясьпечна. Выведныя дроны могуць адсочваць вашы перасоўваньні нават за 10–15 кілямэтраў ад лініі фронту, а як толькі вы набліжаецеся, дроны, якімі кіруюць праз оптавалакновыя кабэлі, могуць лётаць, пазьбягаючы ўзьдзеяньня прыладаў глушэньня.

Мы трое ўціснуліся ў кузаў пікапа, імкнучыся займаць як мага менш месца, каб не замінаць вайскоўцам. Я імкнуўся ня думаць, што расейскія пазыцыі ўсяго за кілямэтар, і не задавацца пытаньнем, ці назіраюць за намі іх апэратары дронаў.

Маёй задачай было рабіць фатаздымкі, але цьмянае сьвятло, пыл і яміны на дарозе не давалі навесьці на рэзкасьць.

З хуткасьцю 120 кілямэтраў на гадзіну машына праляцела па палях, паўз сланечнікі, якія хісталіся на ветры. Гэтага ўраджаю ніхто ўжо не зьбярэ.

Паліцыянт у масцы падбівае дымавую шашку каля будынка парлямэнту Грузіі ў Тбілісі 29 лістапада, у другую ноч пратэстаў, якія ўспыхнулі пасьля таго, як грузінскі ўрад абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз

Фатаздымак Мзіі Саганелідзэ

Калі прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў, што ягоны ўрад прыпыніць перамовы аб уступленьні ў Эўразьвяз да канца 2028 году, вуліцу перад будынкам парлямэнту хутка запоўнілі пратэстоўцы.

У першую ноч, 28 лістапада, улады жорстка разагналі пратэстоўцаў з дапамогай сілавікоў, але гэта, здавалася, толькі яшчэ больш раззлавала грамадзян. Наступнага дня натоўп пратэстоўцаў быў яшчэ большы.

На фоне цэлага тыдня гвалту і неправамерных дзеяньняў з боку сілавікоў гэтая ноч вылучалася тым, што паліцыянт са спэцпадразьдзелу абражаў і запалохваў дэманстрантаў праз мэгафон. Ён пагражаў маці пратэстоўцаў, казаў рэчы, якія немагчыма паўтарыць у друку, і нават кляўся, што прыйдзе да пратэстоўцаў дадому.

Для мяне гэта было самым неймаверным: аказваецца, у гэтай краіне ёсьць група людзей, якая адчувае сваю абсалютную беспакаранасьць.

Я зрабіла гэты фатаздымак каля задняга ўваходу ў парлямэнт, дзе разьмяшчаліся сілы спэцыяльнага прызначэньня. Натоўп, які сабраўся там (у асноўным моладзь), кідаў у іх розныя прадметы і каляровыя дымавыя шашкі, патрабуючы адказаў і абражаючы паліцыю за гвалт мінулай ноччу.

Беларускі «Вольны хор» у выгнаньні выступае ў Эвангельскай рэфармацкай царкве ў Вільні 25 сакавіка, каб адзначыць 106-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР

Фатаздымак Віялеты Саўчыц

У той вечар Эвангелічная рэфармацкая царква Вільні была запоўненая вымушанымі эмігрантамі зь Беларусі, якія раней у той жа дзень прайшлі маршам па вуліцах літоўскай сталіцы. Гэты фатаздымак быў зроблены падчас выкананьня «Вольным хорам» знакамітага беларускага гімну «Магутны Божа» — песьні, якая стала сымбалем антыўрадавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Падчас іх выступу я бачыла, як людзі плакалі. Адна жанчына павярнулася да мяне і сказала: «У мяне мурашкі па скуры. Гэтая музыка вяртае ўспаміны — і надзею».

Да свайго вымушанага выгнаньня «Вольны хор» сьпяваў у падтрымку антыўрадавых пратэстаў у Беларусі, выступаючы супраць жорсткага падаўленьня іншадумства ў краіне пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Многіх удзельнікаў хору затрымлівалі па некалькі разоў. Цяпер яны выступаюць у эўрапейскіх сталіцах, дзякуючы ім людзі даведваюцца пра цяжкое становішча беларусаў, якія жывуць пры рэжыме Лукашэнкі.

Хлопчыка вучаць званіць у царкоўныя званы ў вёсцы Каркаліу на ўсходзе Румыніі, дзе жывуць этнічныя расейскія стараверы, вядомыя як ліпаване. 7 траўня 2024 году

Фатаздымак Эймаса Чапла

Румынскія ліпаване — нашчадкі этнічных расейцаў, якія ўцяклі на ўскраіны былой Расейскай імпэрыі, каб пазьбегнуць рэлігійных перасьледаў у XVII стагодзьдзі. На працягу велікодных выходных цэрквы румынскіх вёсак, дзе жывуць ліпаване, адчыняюць свае званіцы для ўсіх, хто толькі хоча прыйсьці і пазваніць у званы.

На вуліцы звон званоў дадае дадае велікоднаму сьвяту чароўнасьці. Ліпаване ў традыцыйным адзеньні вітаюць адзін аднаго фразай «Хрыстос уваскрос», на што ў адказ чуваць: «Сапраўды ўваскрос». Унутры званіц, аднак, гул стаіць нясьцерпны. Калі я падняўся на званіцу, то пабачыў, як мясцовыя мужчыны і хлопчыкі па чарзе прывязвалі сябе да батарэі званоў, каб зайграць мэлёдыю.

Аглухнуць можна было — але, верце ня верце, за кадрам на гэтым фатаздымку сядзелі некалькі вясковых мужчын і назіралі за званарамі. Неўзабаве пасьля таго, як я пакінуў гэтую царкву, я страціў слых у левым вуху. Слых вярнуўся праз пару тыдняў, але дагэтуль, калі я апускаю галаву пад ваду, тое ж вуха імгненна запаўняецца вадой, і я зноў перастаю ім чуць.

Акцыя пратэсту каля Нацыянальнага тэатра Баўгарыі ў Сафіі супраць пастаноўкі спэктакля «Зброя і чалавек» у пастаноўцы Джона Малкавіча. 7 лістапада 2024 году

Фатаздымак Весяліна Борышава

7 лістапада — гадавіна важнай бітвы Сэрбска-баўгарскай вайны XIX стагодзьдзя, і нацыяналісты палічылі абразьлівым для баўгараў, што ў той самы вечар адбылася прэм’ера спэктакля «Зброя і чалавек» у пастаноўцы Джона Малкавіча. У яго аснове — падзеі той вайны, і некаторыя лічаць, што п’еса высьмейвае баўгарскіх вайскоўцаў.

Некалькі сьвятароў Баўгарскай праваслаўнай царквы выйшлі пратэставаць перад тэатрам, молячыся за душы загінулых вайскоўцаў. Таксама на акцыі пратэсту былі дзеці ў традыцыйных народных строях. Ачапленьня вакол тэатру не было, паліцыянты проста стаялі невялікімі групамі непадалёк ад будынку і курылі цыгарэты.

Натоўп пачаў расьці і шумець, потым найстарэйшы з пратэстоўцаў — 84-гадовы Ёла Дэнеў, нацыяналіст і палітычны кандыдат, які прысутнічае на кожнай акцыі пратэсту ў горадзе, — падняў кулак і гукнуў: «У атаку!» Потым натоўп пабег да тэатру — якраз туды, дзе я стаяў.

Натоўп крычаў: «Ганьба! Малкавіч, ідзі дадому!» Паліцыя нарэшце ўмяшалася і паспрабавала спыніць пратэстоўцаў, але было запозна. Дырэктар тэатру выйшаў з будынку і паспрабаваў пагаварыць з прысутнымі, але на яго напалі. Яго штурхалі, плявалі ў яго і цягнулі за кашулю і гальштук. Вы можаце бачыць яго галаву ў ніжняй частцы фатаздымку. Паліцыя неяк дапамагла яму вярнуцца ў тэатар.

Гледачоў у тэатар не пусьцілі, і спэктакль у той вечар паказалі толькі групе журналістаў.

Прадавец мяса на рынку Панджшанбэ ў горадзе Худжанд, Таджыкістан, 14 чэрвеня 2024 году

Фатаздымак Пятра Трацэнкі

Улетку я прыехаў у вельмі прыгожы горад Худжанд у межах фотапраекту на рацэ Сырдар’я. У дзень прыезду таджыцкі калега Фарзон Машарыпаў адвёз мяне на галоўную славутасьць гораду — рынак Панджшанбэ.

Рынкі Сярэдняй Азіі — гэта чыстае шчасьце для фатографа. Яны заўсёды яскравыя, шумныя і цікавыя, і людзі, як правіла, ня супраць, каб іх фатаграфавалі, хоць заўсёды добра быць у кампаніі мясцовага жыхара, каб людзі ведалі, што я фатограф, а не шпіён!

Я выкарыстоўваў кампактную камэру, якой амаль ніхто не заўважыў. У той дзень я зрабіў шмат фатаздымкаў, але самы цікавы кадар — як гэта часта бывае — атрымаўся праз шчасьлівы выпадак.

Я натрапіў на мясную краму, асьветленую чырвоным, амаль пякельным сьвятлом, якое прыцягнула маю ўвагу. Яно падсьвятляла мяса, робячы яго больш прывабным для пакупнікоў. Перад прылаўкам стаяла жанчына, і я пачакаў, пакуль яна адыдзе, каб зрабіць партрэт прадаўца. У мяне было некалькі сэкундаў, каб пабудаваць кадар (гэта вельмі шмат для фатографа, паверце мне), і як толькі жанчына сышла, я зрабіў некалькі здымкаў. Мясьнік заўважыў мяне якраз перад тым, як я яго сфатаграфаваў, і літаральна праз імгненьне ён схаваўся за прылаўкам. Я якраз пасьпеў зрабіць гэты здымак.

Байцы 108-га асобнага горна-штурмавага батальёну Ўзброеных сіл Украіны адпачываюць у зямлянцы каля населенага пункту Сінькоўка Харкаўскай вобласьці ў студзені

Фатаздымак Мар’яна Кушніра

Гэтае падразьдзяленьне стаяла ў лесе за некалькі сотняў мэтраў ад расейскіх пазыцыяў, калі штурмавыя войскі спрабавалі прарвацца праз украінскія лініі. Сховішча — проста паглыбленьне ў пясчанай глебе, глыбінёй, можа, які мэтар. Столь — зь бярвеньня і брызэнту.

У гэтую «трусіную нару» (так яны самі яе называлі) убіліся шэсьць вайскоўцаў. Для нармальнага сну месца не хапала. Некаторыя байцы стараліся зрабіць сховішча больш прыдатным для людзей, іншыя спрабавалі скарыстаць хвіліны адпачынку. Кожныя 15 хвілінаў расейскае войска абстрэльвала пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў зь цяжкай артылерыі. У некаторыя моманты можна было ўбачыць, які стрэс гэта выклікала ў вайскоўцаў. У тую ноч тэмпэратура была ніжэй за нуль, і адзінай крыніцай цяпла ў сховішчы была акопная сьвечка. Усё гарачэйшае праціўнік мог заўважыць празь цеплавізар.

Удзень выйсьці ў лес было амаль немагчыма — яго ўвесь час абстрэльвалі. Вайскоўцы называлі яго Вэрдэнскім лесам у гонар бітвы ў Францыі падчас Першай сусьветнай вайны. Усе дрэвы былі пасечаныя на пні распаленымі аскепкамі артылерыйскіх снарадаў.

Амаль праз год расейскае войска прарвалася праз абарончыя лініі Ўкраіны ў раёне Харкава і захапіла гэтую пазыцыю.