Беларускаму выдавецтву «Кнігаўка» ўдалося заключыць новы кантракт з брытанскімі праваўладальнікамі сэрыі кніг пра Гары Потэра. У лютым 2025 году чацьвёртая кніга са знакамітай сэрыі Джоан Роўлінг пра хлопчыка-чараўніка пабачыць сьвет па-беларуску, паведамляе выдавецтва.
8 лютага 2025 году ў выдавецтве «Кнігаўка» выйдзе кніга «Гары Потэр і Келіх агню». Пераклад з ангельскай мовы на беларускую падрыхтавала Алена Пятровіч, рэдакцыя тэксту — Натальлі Давыдоўскай, мастацкае афармленьне — Браян Сэлзьнік (ЗША) з адаптацыяй Крысьціны Іванцовай. Таксама выдавецтва дадрукуе ў цьвёрдай вокладцы і тры папярэднія кнігі сэрыі.
З 23 сьнежня выдавецтва абвясьціла папярэднюю замову на новую кнігу «Гары Потэр і Келіх агню», а таксама на ўсе чатыры кнігі з сэрыі пра Гары Потэра.
Пры гэтым у выдавецтве адзначылі, што новы кантракт заключылі «на даволі жорсткіх умовах». Кнігі Роўлінг будуць эксклюзіўна прадавацца толькі ў кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве, інтэрнэт-краме knihauka.com, маркетплейсах Allegro і Amazon. Іх забаронена прадаваць на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Гэта азначае, што выдавецтва ня зможа дасылаць кнігі пра Гары Потэра поштай у Беларусь.
Улетку «Кнігаўка» паведаміла, што брытанская агенцыя «Blair partnership», якая валодае правамі на выданьне кніг пра Гары Потэра, адмовіла выдавецтву ў працягу правоў на беларускае выданьне сэрыі пра Гары Потэра (выданьне чацьвёртай і наступных кніг), спасылаючыся на жорсткія санкцыі Вялікай Брытаніі ў дачыненьні да Беларусі як краіны-суагрэсара і прынцыповую пазыцыю ў гэтым пытаньні самой Роўлінг.
Выдавецтва выказвае падзяку Тацяне Нядбай і ўсёй камандзе Беларускага ПЭНу, а таксама ангельскаму і Міжнароднаму ПЭН-цэнтру за дапамогу ў вырашэньні праблемы.
- Раней выдавецтва «Янушкевіч» апублікавала па-беларуску тры кнігі Джоан Роўлінг: «Гары Потэр і філязофскі камень» (2019), «Гары Потэр і таемная заля» (у верасьні 2020-га) і «Гары Потэр і вязень Азкабана» (у кастрычніку 2021-га). У плянах выдавецтва «Янушкевіч» было выдаць усе 7 кніг пра Гары Потэра па-беларуску, але на гэта неабходна мець правы.
- На пачатку ліпеня 2024 году стала вядома, што брытанскі праваўладальнік «Гары Потэра» — агенцыя «The Blair Partnership» — адмовілася супрацоўнічаць з выдавецтвам «Янушкевіч». Прычынай стала тое, што Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу ды іншых заходніх краінаў. Такім чынам, правы на выданьне кніг пра Гары Потэра прыпынілі. Выдавец Андрэй Янушкевіч тады сказаў, што ня будзе змагацца за магчымасьць далейшага выданьня кніг Гары Потэра па-беларуску, бо «тут ужо пастаўлена кропка» і выдавецтва «не знайшло ўзаемапаразуменьня з праваўладальнікамі, яны ня хочуць зьвязвацца ні з чым беларускім, пакуль Беларусь пад санкцыямі».
- Пасьля гэтага беларусы стварылі пэтыцыю да праваўладальнікаў «Гары Потэра» за працяг выданьня кніг сэрыі па-беларуску.