«У гэтае сьвята Нараджэньня Хрыстовага мы выказваем салідарнасьць з прадстаўнікамі духавенства і вернікамі Беларусі, якія зазнаюць перасьлед празь іх погляды. Кожны заслугоўвае права выказваць сваё меркаваньне бяз страху. Мы патрабуем свабоды і справядлівасьці для ўсіх», — гаворыцца ў паведамленьні, якое апублікавала амбасада Нямеччыны ў Менску.
Акрамя нямецкай дыпляматычнай місіі, сумесную заяву падпісалі амбасады ЗША, Вялікай Брытаніі, а таксама шэрагу краін Эўразьвязу — Аўстрыі, Баўгарыі, Ірляндыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Славаччыны, Чэхіі, Швэцыі ў Менску і амбасада Нідэрляндаў у Польшчы.
Амбасада Нямеччыны ў Менску, акрамя гэтага, паведаміла, што напярэдадні сьвятаў накіравала паштоўкі зь віншаваньнямі «беларусам, якія несправядліва адбываюць тэрмін зьняволеньня», і запатрабавала вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі. Паштоўкі, падкрэсьлілі ў амбасадзе, закліканыя ў тым ліку прадэманстраваць усяму сьвету і палітвязьням, што «яны не забытыя».
- Паводле зьвестак ініцыятывы «Хрысьціянская візія», з 1 верасьня 2020 па 30 лістапада 2024 году ў Беларусі зазналі перасьлед сама меней 86 хрысьціянскіх служыцеляў, у тым ліку 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі, 30 — розных пратэстанцкіх цэркваў, 20 — Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ), 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
- 23 сьнежня ў Менску пачалі судзіць Мікалая Хіло, хрысьціянскага прапаведніка, супрацоўніка дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі. Яго абвінавачваюць паводле крымінальных артыкулаў «Распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «Заклікі да санкцыяў і іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Эўрапейская служба зьнешніх сувязяў раней заклікала вызваліць Мікалая Хіло.