«Для нас у Беларусі гэта небясьпечна». Беларусы скардзяцца на рассылку ад «Честных людей». Як ад яе адпісацца

Telegram Messenger

Чытачы Свабоды скардзяцца на рассылку ад ініцыятывы «Честные люди». Што адказвае кіраўніцтва кампаніі.

Некалькі суразмоўцаў Свабоды паскардзіліся на новую рассылку ад чат-бота «Сумленны выбар». Людзі непакоіліся, што такая рассылка можа быць небясьпечнай для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. Новая рассылка тычылася новых прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных на 26 студзеня.

Гэты бот быў створаны ў 2022 годзе. Адзін з суразмоўцаў Свабоды абурыўся, «няўжо, людзі не разумеюць, што ў Беларусі для нас гэта небясьпечна».

Што зь бясьпекай гледачоў у Беларусі і чаму яны ня могуць выдаліць бот «Честных людей» раз і назаўжды? Пра гэта Свабода спытала ў кіраўніцы «Честных людей» Алены Жываглод.

Суразмоўца кажа, што праз тэхнічныя асаблівасьці самой плятформы Telegram боты выдаляюцца няпроста, з гэтым сутыкнуліся многія карыстальнікі і стваральнікі ботаў у Беларусі. Пра гэтую праблему пісалі «Кібэрпартызаны».

Алена Жываглод

«Калі коратка, простае блякаваньне ботаў у аплікацыі Telegram адпраўляе іх у чорны сьпіс, у якім іх могуць знайсьці пры аглядзе ці допыце сілавікі. І мы, „Честные люди“, ведаючы пра гэта і перажываючы за бясьпеку людзей, яшчэ ў 2022 годзе ў галоўнае мэню і ўсе экраны працы з ботам дадалі кнопку „Выдаліць акаўнт“. Па націску гэтай кнопкі бот адпісвае карыстальніка ад усіх будучых рассылак, а карыстальнік атрымлівае інструкцыю па ачыстцы сьлядоў бота на сваёй прыладзе», — патлумачыла Алена Жываглод.

Па яе словах, гэта адзіны варыянт бясьсьледнага выдаленьня ботаў. Яна просіць людзей, якія сутыкнуліся з такой праблемай, пісаць на info@honestby.org.

Алена Жываглод дадала, што камунікацыю праз гэты бот «Честные люди» вядуць толькі ў пэрыяд выбараў, пры гэтым магчымасьць выдаліць бот захоўваецца заўсёды.

«Яшчэ перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, сабраўшы зваротную сувязь ад нашых падпісчыкаў (карыстальнікаў бота), мы прынялі рашэньне, што трэба захаваць бот як канал камунікацыі, аднак мы ўкаранілі новую тэхналёгію, якая дазваляе карыстальніку пераназываць бот з „Честный выбор“ у любую назву. Для тых, хто хоча далей атрымліваць рассылкі, гэта робіць бот менш прыкметным у выпадку прагляду тэлефона сілавікамі.

Бот „Честный выбор“ існуе з 2021 году. Пры гэтым апошнюю рассылку ў рамках гэтага бота мы правялі пасьля анонсу даты выбараў-2025, і разам з гэтай рассылкай мы чарговы раз нагадалі ўсім карыстальнікам пра тое, як выдаляць гэты бот», — кажа кіраўніца ініцыятывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люстэрка»: Заклікі галасаваць за блёк Азарава на выбарах у КР атрымалі і тыя, хто ня быў у пляне «Перамога»