Лукашэнка перакананы, што Ўкраіна «нікуды не падзенецца» і адновіць супрацу зь Беларусьсю і Расеяй, разам з Эўропай

Сяргей Сабянін і Аляксандар Лукашэнка ў Менску, 23 сьнежня 2024

У той жа час Лукашэнка разам з вайсковым кіраўніцтвам пэрыядычна абвінавачвае Ўкраіну ў намеры дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі, а прадстаўнікі ўраду Беларусі падпісваюць дакумэнты аб супрацы з акупаванымі Расеяй украінскімі рэгіёнамі.

Аляксандар Лукашэнка перакананы, што Ўкраіна і Эўропа адновяць супрацу зь Беларусьсю і Расеяй.

«Я мяркую, што спакойна, з часам і Кіеў будзе працаваць з намі. Нікуды не падзенуцца, бо ўсё ж такі мы людзі свае. Усялякае ў жыцьці здараецца. Але, я мяркую, нармалізуем мы зь імі дачыненьні», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным. Гэтую цытату апублікавалі на сайце Лукашэнкі.

Такое выказваньне прагучала ў кантэксьце плянаў Расеі і Беларусі зьвязаць Менск і Маскву хуткаснай чыгункай.

«Пасьля Эміратаў, абсалютна перакананы, што хутка гэта будзе, Эўропа адкрыецца для нас. Адкрыецца ў тым пляне, што Эўропа ня можа без Расеі існаваць. Бяз нас яна існаваць ня можа, таму і патрэбныя хуткасныя дарогі», — дадаў ён.

Апроч таго, Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што кіраўнік ягонай адміністрацыі Дзьмітры Круты, які працягвае пасьля дыпляматычнай працы курыраваць супрацу з Расеяй і Масквой, «вельмі паважае Расею і ўсё, што там адбываецца». Ён дадаў, што і сам «зайздросьціць часта» з нагоды таго, што робяць у Маскве.

«Вы маштабна робіце тое, што мы маглі б рабіць у Менску, але ня маем для гэтага такіх магчымасьцяў. [...] Але шмат чаму вучымся, падглядаем у вас і шмат якія рэчы паўтараем», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна прыгразіла Беларусі адказнасьцю за супрацоўніцтва з анэксаваным Крымам

Раней Лукашэнка заяўляў, што пасьля вайны Ўкраіна адновіць дачыненьні зь Беларусьсю. У той жа час ён разам з вайсковым кіраўніцтвам пэрыядычна абвінавачвае Ўкраіну ў намеры дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі, а прадстаўнікі ўраду Беларусі падпісваюць дакумэнты аб супрацы з акупаванымі Расеяй украінскімі рэгіёнамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія падсанкцыйныя прадпрыемствы актывізуюць супрацу з акупаванымі Расеяй украінскімі рэгіёнамі


16 сьнежня намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч на пасяджэньні кансультацыйнай рады ў справах беларусаў замежжа заявіў пра намер Менску ўдзельнічаць у мірных перамовах з Украінай, каб атрымаць гарантыі бясьпекі.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Украіны: чыноўнікі Беларусі могуць разьлічваць толькі на прыцягненьне да адказнасьці за саўдзел у агрэсіі